Сьвятлана Алексіевіч, вялікая беларуская пісьменьніца



Нобэлеўская прэмія Сьвятланы Алексіевіч - гэта без перабольшаньня найвялікшае беларускае дасягненьне за ўсе 25 гадоў цяперашняй незалежнасьці.


Адам Міцкевіч - беларускі літаратар. Вітольд Бялыніцкі-Біруля і Марк Шагал - беларускія мастакі. Міхал Клеафас Агінскі і Станіслаў Манюшка - беларускія кампазытары. Нобэлеўскія ляўрэяты Шымон Пэрэс, Мэнахем Бэгін і Сайман Кузьнец - беларусы, а Чэслаў Мілаш і Генрык Сянкевіч - нашчадкі беларусаў.

Бо беларусам, "нашым", мы маем права лічыць любога чалавека, які задавальняе як мінімум аднаму з такіх крытэраў: пастаянны жыхар Беларусі, або грамадзянін Беларусі, або этнічны беларус, або лічыць сябе беларусам, або аўтахтонны жыхар Беларусі (у тым ліку, беларускія габрэі, беларускія татары, украінскамоўныя палешчукі, касьцёльныя палякі, расейцы-стараверы).

"Беларусь", "беларус", "беларускі" - гэта дзяржаўніцкае і геаграфічнае паняцьце, а ня толькі вузка-этнічнае. Мы павінны прывучацца думаць "Беларусе-цэнтрычна". Меней рэфлексаваць і камплексаваць, быць больш самаўпэўненымі, "інклюзіўнымі" і па-добраму экспансіўнымі. Беларусь - гэта краіна амаль монаэтнічная, але ў любым выпадку шматмоўная, дзе апроч беларускай на працягу стагодзьдзяў гучалі польская, расейская, ідыш у мястэчках, украінская на Палесьсі, нямецкая ў некалькіх вёсках на Гарадзеншчыне. Перафразоўваючы аднаго ангельскага караля, "беларуская мова - гэта тая мова, на якой размаўляе беларус".

Сьвятлана Алексіевіч - бясспрэчна і адназначна беларуская пісьменьніца. Постсавецкая расейскамоўная беларуская пісьменьніца, чыё міжнароднае значэньне сягае за межы Беларусі і нават за межы расейскамоўнага сьвету.

І я зусім ня згодзен з тымі, хто наракае на нібыта яе "недастатковую беларускасьць". Беларусь - дэ-факта расейскамоўная краіна, і першы нобэлеўскі ляўрэят з пашпартам незалежнай Беларусі - такі ж самы расейскамоўны і постсавецкі, як і ўся Беларусь. Алексіевіч - гэта сымбаль Беларусі, але ў той жа час сымбаль надзеі, сымбаль усяго самага лепшага гуманітарнага, што ёсьць у цяперашняй Беларусі. Гэта голас беларускага і агульна-постсавецкага сумленьня і голас нашай прагі да ўласнай чалавечай годнасьці. Які цяпер павінен загучаць яшчэ мацней.

Я асабіста рады і таму, што прэмію атрымала аўтарка нон-фікшна, дакумэнтальнай літаратуры. Жыцьцё цікавейшае за таленавіта выдуманыя гісторыі. Рэальныя сюжэты - каштоўнейшыя за вынайдзеныя. І ў гэтым таксама ёсьць нешта вельмі нацыянальнае беларускае, вельмі прыземлена-прагматычнае. Беларусы ня любяць мроі, яны любяць сур'ёзнасьць і канкрэтыку.

Нобэлеўская прэмія Сьвятланы Алексіевіч - гэта найвялікшае беларускае дасягненьне за ўсе 25 гадоў незалежнасьці. Гэта калясальны ўнёсак у міжнародны прэстыж Беларусі, непараўнальна большы за ўсе заваяваныя за гэтыя часы алімпійскія мэдалі, тэнісныя кубкі, праведзеныя чампіянаты па хакею і нават за сьцяг Беларусі над Нью-Ёрцкай Фондавай Біржай у дзень публічнага разьмяшчэньня там акцый EPAM.

Якая розьніца, галасаваць ці не галасаваць на "выбарах" пасьлязаўтра. Якая розьніца, які адсотак будзе фармальна прыпісаны цяперашняму кіраўніку Беларусі - гэтаму "палітыку часоў Сьвятланы Алексіевіч". За тры дні да фармальных выбараў беларуская нацыя ўжо атрымала новага маральнага лідара і новага найважнага свайго прадстаўніка ў сьвеце.
09.10.15 11:48



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Алесь Чайчыц