Моўнае пытаньне і культура дыялёгу

Тэкст майго выступу на канфэрэнцыі Таварыства Беларускае Мовы імя Ф. Скарыны "Моўныя правы і іх абарона" ў сакавіку.




Сытуацыя, у якой цяпер знаходзіцца беларуская мова і мы з вамі – слой неабыякавых да яе людзей – гэта сытуацыя ў чымсьці ўнікальная ў Эўропе і на постсавецкай прасторы.
Перад намі з вамі стаіць мэта: папулярызацыя, максымальнае пашырэньне выкарыстаньня беларускае мовы; выратаваньне яе ад зьнікненьня і забесьпячэньне для яе гарантаваных умоваў для разьвіцьця ў сучасным сьвеце.
Але на шляху да гэтае мэты перад намі стаяць відавочныя перашкоды як аб'ектыўнага, так і суб'ектыўнага характару:
1)    Беларуская мова аб'ектыўна не зьяўляецца штодзённай мовай або нават першай мовай для пераважнай большасьці жыхароў Беларусі. Гэта сталася вынікам шматгадовай, цягам многіх дзесяцігодзьдзяў, палітыкі розных панаваўшых на Беларусі палітычных (часам - відавочна акупацыйных) рэжымаў. Тыповы жыхар Беларусі лічыць нацыянальную мову каштоўнасьцю і па гэтым крытэры лічыць яе “роднай”, але не валодае ёю або валодае ёю кепска.
2)    Як ні дзіўна, але беларуская дзяржава і яе адміністратыўны апарат толькі ў вельмі абмежаванай ступені зьяўляюцца нашымі хаўрусьнікамі ў справе прасоўваньня беларускай мовы. Ня будзе памылковым сказаць, што ў цэлым беларуская дзяржава ставіцца да беларускай мовы абыякава. Дзесьці, канечне, пазытыўна, але дзесьці – і насьцярожана.
3) Нават закон не зьяўляецца нашым хаўрусьнікам. Дэ-юрэ беларуская мова зьяўляецца дзяржаўнай моваю ў Рэспубліцы Беларусь. Паводле цяперашняга афіцыйнага законадаўства, беларуская і расейская мовы маюць аднолькавы статус, і дыскрымінацыя той ці іншай мовы недапушчальная. Але ў адпаведнасьці з фактычным становішчам і дэ-факта дзеючым у Рэспубліцы Беларусь законадаўствам гэтае роўнасьці няма. Закон дазваляе прадстаўніку паслугаў даваць інфармацыю на толькі адной мове, а ў выніку многіх дзесяцігодзьдзяў русіфікацыі большасьць натуральным чынам абірае расейскую мову. Больш за тое – такім чынам нормы дазваляюць арганізацыям ігнараваць жаданьне людзей атрымліваць беларускамоўныя паслугі.
Найбольшы рэальны сёньняшні ўнёсак дзяржавы ў падтрыманьне беларускай мовы – гэта яе выкладаньне ў школах. Пры тым, што я кажу тут у першую чаргу пра выкладаньне беларускай мовы ў якасьці прадмета ў расейскамоўных школах. Бо, як мы ведаем, паўнавартаснае беларускамоўнае школьніцтва пасьлядоўна скарачаецца.
У астатнім падтрымка і прасоўваньне беларускае мовы ў апошнія гады была перадусім справай грамадзянскай супольнасьці.
Гэта відно, напрыклад, па рынку СМІ – самым жывым і дынамічным публічным асяродкам рэальнага жывога выкарыстаньня мовы.
Найбольш папулярны беларускамоўны інтэрнэт-СМІ – недзяржаўны (сайт “Нашай Нівы”). Адзіны ў сьвеце цалкам беларускамоўны тэлеканал – недзяржаўны “Белсат” (які ўвогуле вяшчае з-за межаў Рэспублікі Беларусь). Ці зьяўляецца дзяржаўная “Звязда” больш уплывоваю і больш папулярнаю за недзяржаўную “Нашу Ніву”, нягледзячы на памеры накладаў? Я сумняюся.
Такім чынам, мы маем сытуацыю, дзе беларускамоўная грамадзкасьць павінна ўплываць на сытуацыю праз доўгатэрміновую працу з публічнай думкай, праз крэатыўныя інструмэнты публічнай папулярызацыі: якасны культурны і мэдыйны прадукт, грамадзкую актыўнасьць.
Мы ня можам нікога прымусіць гаварыць на беларускай мове. Бессэнсоўна крытыкаваць і ганьбіць людзей за тое, што яны не размаўляюць па-беларуску.
Мы павінны “ісьці ў народ” і прасоўваць беларускую мову, дэманстраваць яе прывабнасьць і важнасьць. Трэба займаць па магчымасьці актыўную пазыцыю ў прасоўваньні беларускае мовы рынкавымі мэханізмамі.
Калі казаць пра рынкавыя мэханізмы, у нармальнай рынкавай эканоміцы попыт нараджае прапанову. Ёсьць попыт на той ці іншы тавар — будзе і яго прапанова. Зь беларускай мовай усё тое ж самае: будзе попыт на беларускамоўнае абслугоўваньне — будзе беларускамоўнае абслугоўваньне.
Якія тут магчымыя інструмэнты?
-    Актыўнае выкарыстаньне беларускай мовы ў пісьмовых і вусных стасунках з арганізацыямі і органамі ўлады;
-    Выкарыстаньне беларускай мовы ўва ўласным бізнэсе, наколькі гэта магчыма;
-    Калектыўныя звароты да арганізацый з просьбай беларусізаваць шыльды, мэню і гэтак далей;
-    Допісы ў кнігах прапановаў. Арганізацыі абавязаныя адказваць на гэтыя звароты. Мы можам і павінны праз гэты інструмэнт уступаць зь імі ў дыялёг па тэме мовы.
Калі беларускамоўныя ня будуць услых выказваць сваё жаданьне атрымліваць паслугі па-беларуску, ніхто яго ня выканае. Наадварот, калі беларускамоўныя будуць масава пакідаць афіцыйныя паведамленьні зь ветлівай просьбай увесьці таксама мэню на беларускай мове, адміністрацыя будзе мець прычыну да іх прыслухацца.
Допіс у кнізе прапановаў — гэта не пікет і не акцыя грамадзкай непаслухмянасьці, гэта вашае законнае права як спажыўца. Стукайце, і вам адамкнуць.
Асобнае пытаньне – форма камунікацыяў па тэме беларускай мовы. І гэта можна назваць яшчэ адной перашкодай на шляху эфэктыўнае папулярызацыі беларускае мовы, на якой я хацеў бы спыніцца асобна.
Праблема культуры ўзаемадачыненьняў паміж людзьмі ў Беларусі і ўвогуле на постсавецкай прасторы – у адсутнасьці культуры кампрамісаў і дыялёга. Гэта выражаецца ў нашых адсталых і палітычнай культуры, і дзелавой культуры, і многім іншым.
Ёсьць вядомае прыслоўе: “Раб ня хоча свабоды, раб хоча быць рабаўладальнікам”.
Менавіта згодна з гэтай парадыгмай сябе ў грамадзтве паводзіць тыповы постсавецкі чалавек: начальнікі на працы выступаюць адначасова тыранамі ў дачыненьні да сваіх падначаленых і прыніжанымі лёкаямі ў дачыненьні да тых, хто стаіць вышэй за іх у гіерархіі. Кліенты лічуць сваімі лёкаямі афіцыянтаў у рэстаране ці прадаўцоў у краме. Прадаўцы ў краме ці афіцыянты лічуць сваімі лёкаямі кліентаў.
Палітыкі, у рэшце рэшт, няздольныя да перамоваў і кампрамісаў дзеля агульных інтарэсаў: кожны хоча быць начальнікам і дэспатам, і каб усе астатнія ў дачыненьні да яго былі не раўнапраўнымі партнэрамі, а падпарадкаванымі служкамі. Ад гэтага атрымоўваецца альбо аўтарытарны рэжым, альбо палітычны балаган з дракамі ў парлямэнце і распадам дзяржавы.
Як гэта тычыцца праблемаў беларускай мовы? Наўпростым чынам.
Мы бачым, як многія камэрцыйныя і дзяржаўныя арганізацыі (асабліва ў пэрсанальных камунікацыях, у асобе сваіх прадстаўнікоў) часта ледзьве стрымліваюць пагарду і раздражненьне, рэагуючы на просьбы беларускамоўных актывістаў.
З другога боку, давайце ня будзем хаваць ад сябе і тое, што беларускамоўныя актывісты часам дазваляюць сабе агрэсію і недружалюбнасьць у дачыненьні да сваіх “ахвяраў”. Хтось кпіць з памылак ці трасянкі. Хтось замаўляе ў кавярні “філіжаначку гарбаты” і з садысцкай асалодай назірае за разгубленай рэакцыяй афіцыянта, які мо ў першы раз за сваю кар'еру сутыкнуўся зь беларускамоўным наведнікам.
Гэта няправільна. Такімі дзеяньнямі нельга зрабіць чалавеку сорамна і заахвоціць яго вучыць беларускую мову. Такімі дзеяньнямі можна стварыць у яго вачах асацыяцыю паміж беларускай мовай і канфузам, непрыемнасьцю і агрэсіўнымі людзьмі (намі!), якім трэба чыніць супраціў.
Мы бачым, у якім ступары з-за адсутнасьці культуры кампрамісаў і дыялёга знаходзіцца палітыка ў Беларусі. У такім жа ступары будзе знаходзіцца і пытаньне зь беларускай мовай, калі спрабаваць прасоўваць яе савецкімі мэтадамі.
Мы павінны ўсьведамляць рэаліі сучаснай Беларусі і дзейнічаць у адпаведнасьці зь імі.
Пашыраць мову павінная беларуская грамадзянкая супольнасьць. І каб найлепей гэта рабіць, гэтая грамадзкасьць павінна несьці пазытыў, быць дыпляматычнай, мудрай і спакойна-халоднакроўнай. Яна павінна пазбаўляцца радыкалізму, бескампраміснасьці і нямудрасьці.

Калі пішаце афіцыйны ліст да кампаніі, чыімі паслугамі карыстаецеся або чые тавары купляеце - падзякуйце ёй за якасьць паслугаў ці тавараў.
Калі людзі не разумеюць тое ці іншае беларускае слова - перакладзіце ім на расейскую.
Калі чыноўнікі ня хочуць даць блянк на беларускай мове - карэктна і ветліва пішыце заяву.
Калі вы бачыце, што хтось ужо выкарыстоўвае беларускую мову - напішыце альбо выкажыце падзяку, падтрымайце сваіх людзей.
Мы бачым прыклады пазытыўных праектаў, калі Глеб Лабадзенка і ягоныя паплечнікі добраахвотна бяруцца дапамагаць фірмам перакладаць матар'ялы на беларускую мову. Мы бачым унікальны пасьпяховыя праекты “Мова ці кава”, распачаты ў нас, у Маскве, Кацярынай Кібальчыч.
Усе гэтыя праекты грунтуюцца на актыўным напоры, на пазытыўным настроі і на цярпімасьці, талеранцыі, да адно аднаго.
Дапамагайце людзям зразумець вашу (нашу) пазыцыю і прымаць яе, “дапамагайце” ім пераходзіць на свой бок замест таго, каб прыніжаць іх і адштурхоўваць іх. Яны не абавязаныя “будаваць мост” ад сябе да нас - але мы, беларускамоўныя, хочам і мусім спрабаваць гэта рабіць. Тады ў нас усё атрымаецца. Прычым гэта тычыцца ня толькі мовы.

Крыніца: http://tbm-mova.by/news_1268.html
.
29.10.15 17:57



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Алесь Чайчыц