Сорак дзён, як няма Міколы Касьянчыка

Сёньня сорак дзён, як ня стала Міколы Касьянчыка, актывіста незалежніцкай беларускай грамады ў Маскве.

Беларуская дыяспара ў Маскве апошнім часам пакідае змрочнае ўражаньне. Мерапрыемстваў няма, арганізацый ці нават рэгулярных тусовак няма. Трыццаці-саракагадовыя жывуць сваім жыцьцём - сям'я, кар'ера, дзеці. Пра беларускае студэнцтва, якое ў 90-я і нулявыя было рухавіком жыцьця дыяспары, цяпер нічога не чуваць.

Толькі адзін за адным паміраюць досыць маладыя, здавалася б, людзі з пакаленьня пачатку 90-х, якім усяго па 50-60 гадоў, якія засталіся вернымі ідэалам і зрэдчас сустракаюцца невялікім колам старых сяброў.

Ня так даўно адыйшоў Алесь Каляда. Цяпер - Мікола Касьянчык, чалавек, безь якога цяжка было сабе ўявіць хоць адно беларускае мерапрыемства пад бел-чырвона-белым сьцягам у Маскве.

Успамінаюць паплечнікі па Маскоўскай Грамадзе Беларускай Культуры імя Ф. Скарыны:

Мікола (...) калісьці адслужыў 4 гады ў марской пяхоце, быў дужым, моцным, але вельмі начытаным, шчырым і абавязковым хлопцам. Ён далучыўся да Грамады напачатку 90-х, як і шмат хто прыйшоў на мітынг ці пікет пад бел-чырвона-белы сьцяг, у той час, калі штаб-кватэра Грамады (Таварыства) была на першым паверсе беларускай амбасады. Мікола шмат чытаў, у яго вялізарная беларуская бібліятэка, быў аматарам беларускай гісторыі. Ён адразу ўступіў у філію БНФ у Маскве і быў гарачым прыхільнікам Зянона Пазьняка, але да КХП пры расколе не далучыўся, як і ўсе маскоўскія бэнээфаўцы застаўся ў тым непадзельным Народным Фронце.

Вось што пісаў Вінцук Вячорка пра пана Міколу, распавядаючы пра адзін з сваіх прыездаў у Маскву:

Мікола Касьянчык паказаў мне, што значыла лужкоўшчына для архітэктурнага асяродзьдзя гэтага горада. Я вельмі рэдка там бываю (і першы раз у жыцьці туды патрапіў, калі меў ладна за 30), папярэднім разам хіба 4 гады таму. Як і ўсе падарожнікі, што выходзілі зь Беларускага вакзалу, я тады бачыў запамінальны архітэктурны профіль плошчы: стараабрадчы храм наўгародзкага стылю, забудова XIX-га стагодзьдзя... Усё гэта цяпер пагубілася на фоне грувасткіх 15-20-павярховых валізак і акварыюмаў, што шчыльна панатыканыя не зважаючы на архітэктурнае асяродзьдзе й маштаб гістарычнае забудовы. Вось адкуль бяруць прыклад забудоўнікі нашага Траецкага (зрэшты, часта яны ў Маскве й Менску адны й тыя самыя).

Дарэчы, Мікола Касьянчык шмат гадоў працаваў чыгуначнікам (як і належыць народжанаму ў Каленкавічах). У ягоным прафэсійным жыцьці быў калярытны эпізод, які, здаецца, яшчэ ня трапіў у кронікі нашых праваабаронцаў. Яго, расейскага чыгуначніка, павязалі беларускія міліцыянты за бел-чырвона-белы сьцяг у ягоным службовым купэ. І - о іронія - не дапамаглі спасылкі на тое, што ў расейскім таварным цягніку ня дзейнічаюць лукашэнкаўскія забароны на сымболіку. Дзейнічаюць! Адседзеў пяць сутак у Маладэчне. За сьцяг.


Пан Мікола быў сталым удзельнікам пратэстных акцый перад беларускай амбасадай у Маскве. Вось ягоны прароцкі камэнтар Белсату пад час аднае зь іх:

Беларусь сёння -- гэта палігон для знішчэння апазіцыйных і свабодных дэмакратычных сілаў. Спачатку гэта ўсё робіцца ў Беларусі, а потым пераходзіць ужо на Расею. Таму нам -- і грамадзянам Расейскай Федэрацыі, і грамадзянам Беларусі -- трэба супольна змагацца.



Вечная памяць.

06.09.16 18:28



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Алесь Чайчыц