О, ЗАХОДНЯЯ ДЭМАКРАТЫЧНАЯ ТУПАСЬЦЬ!

Вялікая Заходняя цывілізацыя, сфармаваная на падмурку хрысьціянства, вельмі доўга была увасабленьнем маралі, прынцыповасьці, каштоўнасьцяў. Але вялікія часіны сыходзяць у нябыт, а разам зь імі вялікія ідэалы. Усё больш і больш шараговы жыхар постхрысьціянскай Эўрапейскай цывілізацыі кіруецца ў сваім жыцьці інтарэсамі асабістае выгоды. У дзяржаўнай палітыцы ўсё больш пераважае прагматызм, у міждзяржаўных стасунках прынцыпы "рэалпалітык" – палітыкі, заснаванай на практычных і матэрыяльных фактарах, а не ідэалягічных панятках, маральных ці этычных чыньніках.

У 30-х гадах ХХ стагодзьдзя ідэолягі "рэалпалітык" імкнуліся рэалізаваць палітыку "супакаеньня" палітычнага ідэала нашага Гаранта. "Я прывёз вам мір!" - сказаў Чэмбэрлен англічанам, падпісаўшы пагадненьне з Гітлерам і Мусаліні. Напачатку ХХІ стагодзьдзя прыхільнікі "рэалпалітык" узяліся за супакаеньне Апошняга эўрапейскага дыктатарчыка. "Я прывезла вам стабільнасьць" - сказала адна зачарованая Праваслаўным атэістам дама, вярнуўшыся на нашую культурную прарадзіму. "Я прыдбаў вам мір за 3 мільярды" - сказаў другі рэаліст, вярнуўшыся пасьля чаяпіцьця з Шасьціразовым ардэнаносцам РПЦ.

Прагматыкі думаюць, што яны могуць да чагосьці змусіць бязьменнага Правадыра беларускае "багны" (паводле кіраўніка БТ) і чамусьці яго навучыць. Ну ладна, вы запамятавалі на ваш досьвед супакаеньня Адольфа Алаізавіча, дык можна ж прыгадаць ваш досьвед супакаеньня беларускага Генэралісімуса. У 1996, калі Старшыня савецкай гаспадаркі "Гарадзец" пераадольваў палітычны крызыс пасьля першага рэфэрэндуму і рыхтаваўся да другога, сьветлыя галовы Эўропы ўзяліся за ідэю перавыхаваньня Саўгаснага мужычка. Тады яго запрасілі ў Парыж, на сустрэчу з эўрапейскаю элітаю, а ролю пасярэдніка паміж настаўнікамі й вучнем ўзяў сам Жак Шырак. Перавыхаваньне атрымалася "на ўра": па вяртаньні ў сваю 10-мільённую савецкую гаспадарку Лукашэнка заявіў, што французская Канстытуцыя спадабалася яму вельмі – па ёй можна правіць цэлых сем год! Таму, маўляў, ён зь яшчэ большым натхненьнем бярэцца за рэалізацыю канстытуцыйнай рэформы. І адным з аргумэнтаў на карысьць рэфэрэндуму 1996 году была якраз неабходнасьць наблізіць Канстытуцыю Беларусі да эўрапейскіх стандартаў.

Пасьля гэтага "ўдалага ўроку" Захад яшчэ шмат разоў спрабаваў чамусьці навучыць Лукашэнку. Адзін з апошніх прыступаў "рэалпалітык" пачаўся перад парлямэнцкай кампаніяй 2008 году. Доўга і шмат "вялікія ўмы" гаварылі з высокіх трыбунаў аб неабходнасьці лібэралізацыі і дыялёгу дзеля "свабодных і празрыстых выбараў". Вынік той жа: на 110 акругах выбары ў 110 у першы тур. Палата прадстаўнікоў забіваецца лепшымі зь лепшых – 80-працэнтнымі "пераможцамі". Ну і як жа інакш?! Беларускія палатачнікі апрыёры, як і іхні Хросны бацька, ня могуць прадстаўляць менш за 80% грамадзтва.

Цяпер мы ізноў чуем аб тым, што Захаду трэба лічыцца з рэальным кіраўніком Беларусі, а не змагацца за мітычныя каштоўнасьці. Рэалізм патрэбней за веру, прагматызм важнейшы за ахвярнасьць, стабільнасьць даражэй за ідэалы. Ну а калі вам такія падыходы не падабаюцца, дык, маўляў, у першай жа выбарчай кампаніі нанясіце Лукашэнку паразу і мы будзем супрацоўнічаць з вамі. Ну і сапраўды, чаму ж апазыцыя, калі яна такая бравая, ня пойдзе на выбары ды не пераможа Гаўляйтара на сумленных выбарах?! О заходняя дэмакратычная "мудрасьць"! – падумаў я, і ўзгадаў, што ў аднаго вялікага чалавека аб гэтым было сказана лепей:

"О, заходняя дэмакратычная тупасьць: як? вы гаворыце, што вы – палітычная апазыцыя? дык хіба ў вас ёсьць апазыцыя? а чаму ж яна ніколі не заяўляла аб сабе публічна? Калі вы незадаволеныя Сталіным – вяртайцеся на радзіму і ў першай жа выбарчай кампаніі пераабярыце яго, вось гэта будзе сумленны шлях. А навошта ж было браць у рукі зброю, ды яшчэ нямецкую? [аб тых, хто ваяваў супраць Саветаў – аўт.] Не, цяпер мы абавязаны вас выдаць [ваеннапалонных – аўт.], інакш непрыстойна, ды сапсуем адносіны з нашым годным [Сталіным – аўт.] хаўрусьнікам. У Другой сусьветнай вайне Захад адстойваў сваю свабоду і адстаяў яе д л я с я б е, а нас (і ўсходнюю Эўропу) заганяў у рабства яшчэ на дзьве глыбіні." (Аляксандр Салжаніцын, "АХРІПЕЛАГ ГУЛАГ)

Больш яснай характарыстыкі прагматызму, "рэалпалітык" і чалавечай мудрасьці ня даць. На жаль, але гэта так – ні Ўсход (што беларускім дэмакратам было ясна даўно), ні Захад (што ім становіцца зразумела толькі зараз) ніколі ня будзе турбаваць наш лёс. Ім глыбока начхаць: чырвона-зялёны сьцяг над намі лунае ці бел-чырвона-белы. Іх ніколі не турбавала і турбаваць ня будзе: некалькі мільёнаў дзетак вучыцца ў Беларусі на беларускай мове ці толькі па аднаму дзіцёнку на кожны вабласны горад. Канешне, на Захадзе, ды нават на Ўсходзе, ёсьць людзі, каторыя шчыра салідарны зь Беларусьсю і цьвёрда трымаюцца маральных каштоўнасьцяў пры ацэнцы беларускага рэжыму. Нізкі паклон ім за такую мужнасьць у век прагматызму. Аднак, мэйнстрым гэтых цэнтраў сусьветнае палітыкі базуецца далёка не на ахвярнасьці – жаданьні хаця б троху ахвяравацца сабою ў імя бліжняга, але на "рэалпалітык", ўласных інтарэсах кланаў/дзяржаваў/бізнэсструктураў. Але Усход гучных лёзунгаў, накшталт "За нашу і вашу свабоду!", не выдумляў, да іх таму і прэтэнзіяў ніякіх. А вось Захаду трэба ці спыніць пафасную рыторыку ці ўпарадкаваць свае дзеяньні ў адпаведнасьці зь ёю.

Аднак нават калі не упарадкуюць, гэта не павінна нас расчароўваць. Такі стан рэчаў мусіць дапамагчы беларускаму грамадзтву зразумець простую ісьціну: толькі мы самі. Толькі мы самі, не чакаючы вонкавае падтрымкі, здольныя дамагчыся ў Беларусі пераменаў.

Натуральна, зьнешнія чыньнікі таксама маюць сваю вагу. Але любыя зьнешнія чыньнікі – другасныя, бо могуць дзейнічаць толькі тады, калі перадумовы ёсьць унутры. Калі ж мы ўсе разам ня выйдзем 19 сьнежня на Плошчу і не даможамся ў сябе дома справядлівага падліку галасоў, ніякія чыньнікі нам не дапамогуць. Ні Брусэльскі, ні Вашынгтонскі, ні Маскоўскі.

Таму забудземся на Заходнюю дэмакратычную "мудрасьць" ці на Ўсходнюю. Гэта ўсё – нішто. Толькі вера, толькі пасьлядоўнасьць, толькі рашучасьць. Толькі мы самі!

23.11.10 9:45



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч