Незадаволеныя незадаволенымі

Да апошняга часу ў апазіцыі яшчэ быў шанс на рэабілітацыю. Усяго толькі і трэба было, што адмовіцца ад удзелу ў цыркавой пастаноўцы 2015-га году – вылучыць Статкевіча, а па яго нерэгістрацыі абвесціць байкот. Нават палітолагі сыходзіліся на тым, што гэта быў бы маральна бездакорны і сумленны ўчынак. А што яшчэ трэба нашай апазіцыі, як не маральная рэабілітацыя і аўтарытэт сумленных людзей?..

Ат не, узяліся-такі перацягваць на сябе кандыдацкую скуру. Пару год перацягвалі яе перацягвалі, аж пакуль яна з трэскам не разадралася. Разадралася сыходам Уладзімера Някляева з апазіцыі. Чалавек, які набыў свой аўтарытэт па-за палітыкай, меў мужнасць узяць на сябе адказнасць за правал двух-гадовых перамоваў па вылучэнні адзінага. Гэта пры тым, што сам Някляеў быў у беларускай апазіцыі не больш за пяць год і паводле сацыялогіі меў самы вялікі рэйтынг. А ці возьме хто-небудзь з палітычных кіраўнікоў такую ж на сябе адказнасць за правалы пяці-, дзесяці-, дваццаці-гадовыя?

Не, партайгеносэ нават і не думаюць, што яны павінны браць такую адказнасць. Каб пераканацца ў гэтым дастаткова пачытаць пару партыйных буклетаў/газетак і паслухаць адзін-другі выступ якога-ніць кіраўніка– там суцэльныя дасягненні і цуд-перамогі.

Возьмем, да прыкладу, нашумелую ініцыятыву па “народным рэфэрэндуме”. Дадзеную кампанію агучылі “Рух за свабоду”, Партыя БНФ, і самая амбіцыйная партструктура нашых дзён “Гавары праўду”, а пазьней да іх далучыліся партыі БСДП (Г), ПСП і, як сведчыць сайт кампаніі, “каля паўсотні грамадскіх ініцыятыў”. На першым этапе мэтай кампаніі было сабраць 50 тысяч подпісаў. І што вы думаеце? Пяць (!) палітычных структур (колькасцю не менш за тысяч дзесяць) і пяцьдзесят (!) грамадскіх арганізацый збіралі гэтыя няшчасныя 50 тысяч подпісаў амаль паўтара года. (Ад 3 да 5 подпісаў на актывіста за 1,5 года.)

Як вам такое? Ганьба? Гэта для вас, а кампанія “Народны рэфэрэндум” ганарыцца такім вынікам. І не толькі ганарыцца, але яшчэ і гразіць нам, простым выбарцам, вылучыць свайго “адзінага” кандыдата, каб мы з вамі на яго папрацавалі. Папрацавалі, як заўсёды, сваімі скурамі ў спецпрыёмніках і турмах.

Можна прыгадаць і другую нашумелую ініцыятыву – “Талака”, агучаную іншым “адзіным” кандыдатам, які, я так разумею, таксама прапануе нам на яго “папрацаваць”. Вынікі “Талакі”, якая ўключае ў сябе ажно 21 арганізацыю, яшчэ больш сумныя: у век інтэрнэт-камунікацый не стварылі нават сайт, а ці сабралі хоць адзін подпіс нікому і не вядома.

І вось думай, разважай: як і з кім быць у гэты няпросты час… Як мне, дык падказаў ацэнку нашых рэаліяў адзін чалавек, з каторым мы разгаварыліся ў Воршы на прэзэнтацыі кнігі маіх турэмных аповедаў.

– Неяк я запытваю аднаго свайго знаёмага пра погляды, – распавядае мне той просты аршанскі рабочы. – “Ты хто?” – кажу я яму пасля доўгай гутаркі пра апазіцыю. А ён мне: “Я – незадаволены”. І сам я тады падумаў: “А хто я?” Ды прыйшоў да такой высновы, што я – незадаволены незадаволенымі.

Каюся, мы з апавядальнікам нават троху пасмяяліся з гэтае прыпавесці. Хаця, калі разважыць, смяяцца-та зусім не выпадае – самы час плакаць. Аплаківаць канчыну беларускай апазіцыі. Бо шэрагі незадаволеных незадаволенымі павялічваюцца ў геаметрычнай прагрэсіі ад адной праваленай апазіцыяй кампаніяй да другой. І я мяркую, што палітычныя бонзы не могуць не адчуваць такіх настрояў грамадства. Чуюць, але ім проста начхаць, бо справаздачацца яны не беларускім выбарцам – не нам звамі – а зусім іншым людзям, настроі якіх і імкнуцца улагоджваць.

Аднак мне здаецца, надыдзе той час, калі шэрагі незадаволеных незадаволенымі ўжо не можна будзе ігнараваць – яны ўздымуцца хваляй і ачысцяць краіну ад усіх імітатараў барацьбы за народнае шчасце – і псеўдаўладных, і псеўдаапазіцыйных.

.
14.04.15 10:24



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч