Унутры нас

Расправа з аддзяленьнямі банкаў у Кіеве прайшла б па-за нашаю ўвагаю (ці мала хто і з чым распраўляецца ва Ўкраіне), каб не асобы некаторых удзельнікаў зачысткі – беларусаў, што на радзіме адзначыліся гераізмам, стаічна трымаліся ў вязьніцах, а ва Ўкраіну паехалі змагацца “за нашу і вашу свабоду”.

Мяне асабіста больш уражвае ня тое, хто і зь якімі ўстановамі вырашыў зьвесьці рахункі, а тое, што першасна ў барацьбе за перамены ў Беларусі, ва Ўкраіне, ці ў любой іншай дзяржаве. Многія мяркуюць, што першасна моц тваёй правіцы, то бок – сіла зьнешняя. Таму патрыятычны народ так ахвотна ідзе ў качалкі і спартовыя залі. Таму бяруцца хто за што – хто за камяні, хто за аўтаматы.

І яно, я мяркую, таксама важна – кожная нацыя ў розныя перыяды сваёй гіторыі станавілася перад неабходнасьцю брацца ці тое за камяні, ці тое за аўтаматы. Аднак ці гэта першасна, каб прыйшло доўгачаканае збаўленьне, каб адбыліся перамены, дзеля якіх многія дзясяцігодзьдзямі ахвяруюцца?

У свой час, таксама стаміўшыся ў чаканьні, некаторыя запытвалі ў Хрыста, калі прыйдзе Валадарства Божае? Што адказаў ім Госпад мы ведаем: “Ня прыйдзе Валадарства Божае прыкметна, і ня скажуць: вось тут, — або: вось там. Бо валадарства Божае ўнутры вас ёсьць” (Лукі 17:20).

Вазьму на сябе нагласьць сцьвердзіць, што гэты духовы закон дзейсны як для кожнай асобы, так і для кожнай нацыі. Сыходзячы з гэтай логікі любыя перамены і любое адраджэньне трэба пачынаць з сябе. І таму было б лагічней, каб Парфянкоў з Лобавым перайшлі на беларускую ці нават украінскую мову – і такім чынам пачалі б адраджэньне нацыі кожны ў сваёй галаве.

Аж не, такога не назіраецца, бо размаўляць на роднай мове – гэта цяжкая і карпатлівая праца, пасродкам якой ты штодня і па кроплі выціскаеш з сябе савецкага чалавека. Прасьцей узяць камяні і змагацца з савецкімі чалавекамі павыбіваўшы ім эўрапейскія шыбы. Прасьцей супрацьстаяць Ардзе з аўтаматам у акопах, чым з роднай мовай на мірных вуліцах.



І вы ў гневе сваім думаеце, што Парфянкоў з Лобавым адзіныя паблыталі першаснае з другасным? Абсалютна не, гэткі падыход цалкам адпавядае прыродзе чалавека, а тым больш чалавека савецкага, для якога быцьцё фармуе сьвядомасьць.

Да пракладу, актывіст нацыянальнай арганізацыі змагаецца за адраджэньне нацыі шляхам грамадзка-палітычнай дзейнасьці, а ў самога дома дзеткі размаўляюць па-расейску. Гэта, як вы мяркуеце, нашмат абсурдней за Васеву расправу са спатыфілумам?

Іншы патрыёт дбае аб духовым ўздыме народа пацягваючы другі келіх піва/вінца. Ці гэта я адзін лічу, што ня можа быць ні духовага ні нацыянальнага ўздыму ў п’янай нацыі?

Наступны заўзее за здаровае грамадства і ўсе спартовыя клюбы краіны, ня могучы выплюнуць цыгарэту з рота, а кожную нядзелю ня ў стане з бадунішча зьлезьці з канапы. Вы сапраўды лічыце, што гэткае дзеяньне па глупасьці адрозьніваецца ад дзеяньня Васіля з Эдам?

Усё аднолькава па сваёй абсурднасьці і ілжывасьці: і рускамоўная сям’я патрыёта, і вясёлы ад піўка адэпт Адраджэньня, і пракураны наведвальнік качалкі, і змагар за свабоду, што распраўляецца з кветкамі – усё брыда, так уласьцівая чалавечай прыродзе.

Насуперак гэтаму Божая прырода сьведчыць, што сьвядомасьць вызначае быцьцё, што Валадарства Божае ня трэба з ног зьбіўшыся шукаць тут ці там, бо вось “яно ўнутры вас ёсьць”.

І калі ты сціснуўшы зубы кінеш паліць і пацягваць піўко куфлямі, ня трэба будзе драць горла за моцны народ, бо моц унутраная куды трывалей за моц вонкавую. І калі ты неймавернымі высілкамі пачнеш духовыя перамены ўнутры самога сябе, адраджэньне нацыі не прымусіць сябе доўга чакаць. І калі ты пачнеш выціскаць з сябе савецкага раба заўсёды размаўляючы на роднай мове, ня трэба будзе ваяваць супраць рускага сьвету, бо яму не застанецца ніякага месца пасярод нашага валадарства беларускасьці. Бо ўсё, чаго мы марым дамагчыся – усё ўнутры нас ёсьць.


27.02.2016

.
27.02.16 20:25



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч