Якая супольнасьць сьвятла зь цемраю?

Узьняты Віталём Гурковым чырвона-зялёны сьцяг разам з “Пагоняю” выклікаў у некаторых розумах хістаньні. Нехта нават выдаў, што афіцыйны сьцяг і “Пагоня” – гэта аптымальнае спалучэньне сёньняшняга дня, каб не выклікаць падзел грамадзтва. І трэба меркаваць, што так пэўная частка прыхільнікаў перамен мяркуе.

Але, панове, падзел каго з кім? Падзел рэжыму Лукашэнкі з вамі? Дык вы, калі вы сумленныя людзі, усё адно адным з рэжымам ня станіцеся! Вы ўсё адно будзеце для прапаганды адшчапенцамі, агентамі і пятай калонай. Ну нехта, згодны, душу заклаўшы месца сабе ў сістэме можа выпрасіць ды станецца там сваім. Але і тое не на доўгі час.

Дык падзел каго з кім? Мо падзел рабацяг заводаў і палёў з вамі? Дык рабацягам, па масе сваёй, пакуль начхаць на абодва сьцяга – ім абы праца была. З нацыянальным яны яшчэ ня ходзяць, а чырвона-зялёны пасьля майскіх гуляньняў уторкваюць у лепшым выпадку ў клумбу.

Іншы патрыёт выдаў, што ўзьняты чырвона-зялёны сьцяг разам з “Пагоняю” – гэта прыклад перайманьня. Так і ўяўляю дзеяча, які адкідае Бел-Чырвона-Белы сьцяг, бярэ бээсэсэраўскую анучу – і радуецца жыцьцю. Застаецца бээрсэмаўскую цуд-вышыванку апрануць для поўнай карціны алеем. Адкуль такая блытаніна ў галовах і душах?

Абсурд гэты, па-першае, з-за блытаніны ў парадку рэчаў. Гуркоў стаўся для многіх сымбалем пераменаў не таму, што падняў чырвона-зялёны сьцяг, а таму, што ўзьняў над сабою Бел-Чырвона-Белы. І гэта цуд дыі вялікае для Беларусі блаславеньне, што такія людзі як Віталь Гуркоў, Аляксандра Герасіменя і іншыя з чырвона-зялёнага сьцяга навярнуліся да Бел-Чырвона-Белага. Бо і Віталь, і Аляксандра, якія абодва 1985 года нараджэньня, наўрад ці могуць нават памятаваць Бел-Чырвона-Белы сьцяг і “Пагоню” на дзяржаўным пасадзе, яны выхаваліся і ўзраслі пад савецкай пераробкай. Іхні рух, гэта рух разьвіцьця і ўзвышэньня: ад чырвона-зялёнага да Бел-Чырвона-Белага! Дарэчы, як і мой рух ды рух тысяч і тысяч, якія ў дзявяностых-нулявых падхапілі спрадвечныя нацыянальныя сымбалі нашага краю.

А што нам прапаноўваюць заблытаўшыяся ў прычынна-сьледчай сувязі разумнікі, скаціцца з “Пагоні” на капусту ці з Бел-Чырвона-Белага сьцяга на чырвона-зялёны? Ці гэта не псіхушка?

І ёсьць другая прычына, па якой мазгі засьмечваюцца ўсялякай брыдой – людзі не разумеюць элементарных духовых законаў, паводле якіх ня можна злучыць, схрысьціць і паяднаць Сьвятло зь Цемраю, Дабро са Злом, Праўду з Хлусьнёю. Калі, – у незалежнасьці ад веравызнаньня, рэлігійных практык ці поглядаў! – мы згаджаемся з тым, што Бел-Чырвона-Белы сьцяг – гэта сымбаль барацьбы за Праўду і Дабро, то кім трэба быць, каб сымбаль гэты прамяняць ці злучыць з Лукашэнкаўска-Ціцянкоўскай анучай?

Людцы, давайце ня блытаць законы логікі! Хто прыйшоў ад капусты да “Пагоні” і ад чырвона-зялёнага да Бел-Чырвона-Белага – слава таму! Мы ўсе прайшлі гэты шлях і яшчэ тысячы яго пройдуць! Давайце ня будзем супрацьстаяць духовым законам! Хто вядзе вайну за перамогу Праўды, стой пад сымбалем Праўды! Не падманіцеся ў гэты няпросты час, калі прасейваюцца многія.

“Бо што мае супольнага справядлівасьць з несправядлівасьцю? Або якая супольнасьць сьвятла з цемраю?” (2Кар. 6:15).

.
28.05.16 23:44



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч