Салідарнасьць вызваляе вязьняў!

Праект 1863х адразу па адкрыцьці прыцягнуў да сябе ўсеагульную ўвагу – і неверагоднай крэатыўнасьцю, і глыбокай аналітычнасьцю, і дакумантальнай дакладнасьцю матэрыялаў, што друкаваліся на сайце 1863х.сom. “Ватныя пуканы” рваліся ў спрэчках пра тое, колькі адзьдзелаў ЦРУ працуе на гэты праект. А апынулася, што гэта ўсяго толькі адзін змагар – Джон Сільвер – вядзе барацьбу з цэлым фронтам крэмлёўскіх троляў. Неяк у перапісцы з Джонам я пацікавіўся, як ён пасьпявае выдаваць стосы першакласных матэрыялаў ад якіх трасецца ўсё Ольгіна? “Жонка варыць есьці, а я пішу,” – жартам адказаў Джон.

Жарты жартамі, але тысячы карыстальнікаў інтэрнэтам захапляліся тылавым забесьпячэньнем Джона і ягонаю працаю, лайкалі і рэпосьцілі яго тэксты, але як Джон апынуўся ў расейскім палоне, на полі салідарнасьці зь ім засталіся адзінкі – тыя, хто выходзіў на акцыі падтрымкі, пісаў і піша лісты.

Такі стан рэчаў хоць і ня новы для нашае краіны, але засмучвае ўсё адно. Яно канешне зразумела: штрафы “крываваму рэжыму” плаціць ня хочам, на сутках за салідарнасьць сядзець не выпадае, Бастылію браць штурмам час не прысьпеў. І вось троль маскоўскі ды і любы вораг Беларушчыны зіркае на ўсё гэта і радуецца: паглядзіце, маўляў, што іх там – адзінкі! Хопіць і роты танкаў каб раздушыць ды дайсьці да Буга.

І я разважыў, як бы нам абраць такую форму салідарнасьці, каб выявілася сапраўдная тысячная армія прыхільнікаў змагара Джона Сільвера? Дапамог уласны турэмны досьвед. Калі цэнзар прыносіў у атрад/камеру лісты для вязьняў, зьбіраліся ўсе хто хадзіў і пачыналі жартам наракаць: “Ізноў Дашкевічу ўсё?!” Многія захапляліся, калі бачылі стосы лістоў да мяне (у пэрыяд сьвятаў штодня па 50-100 лістоў/тэлергам я атрымоўваў): “Ну апазіцыя, ну малайцы, сваіх не кідаюць!” Іншы казаў абглядзеўшыся БТ-прапаганды: “Я думаў вас там пару галадранцаў у апазіцыі, а цяпер бачу, што гэта армія!”

Дык я прапаную: што калі нам усім, без ніякага партыйнага ці ідэалагічнага складніку, сабрацца ды масава падпісаць паштоўкі для Джона Сільвера – Эдуарда Пальчыса, які ахвяруючы сабою супрацьстаяў і супрацьстаіць цяпер усёй КДБэшна-ФСБэшнай сыстэме? Такія дзеяньні не пагражаюць ні штрафам, ні арыштам, ні любым іншым перасьледам.

Прапаную 23 чэрвеня, у чацьвер у пэрыяд часу з 19:00 да 20:00, без плякатаў ці сьцягоў сустрэцца ля Галоўпаштамта (праспэкт Незалежнасьці 10) і зрабіць простае дзеяньне: падпісаць паштоўкі салідарнасьці Эдуарду Пальчысу. Паштоўкі з адрасам і нават налепленымі маркамі будуць загадзя падрыхтаваныя – можаце проста дапісаць “Джон, трымайся!”, паставіць свой подпіс – і гэта будзе ўжо наша агульная вялікая справа. Можаце прыносіць свае лісты, загадзя напісаныя, і дасылаць іх разам зь іншымі. А можна напісаць ліст у хаце/партыйным офісе, сфоткаць яго – і выкласьці ў сацыяльныя сеткі з ужо існуючым ў фб хэштэгам ‪#‎freejhonsilver‬

Гэта не пафас, а рэальная рэч, якая шматразова і ў розных дыктатурах даказвала сваю слушнасьць: салідарнасьць вызваляе вязьняў. Дык будзьма салідарнымі!

Адрэса для ліставаньня: 222160, Мінская вобласць, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, турма №8. Пальчысу Эдуарду Аляксандравічу

21.06.16 18:21



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч