З дробнай хлусьнёй не мірыцца

На паўночных могілках, перад пахаваньнем Паўла Шарамета, пыдышлі мы да шэрагу шапікаў з кветкамі набыць гваздзікоў. Я ледзь ужо не сую грошы аднаму дзядзьку, а Рома Васільеў адзёргвае мяне: “Ты што, глянь”. Я: “Што такое”. “Ды во”, – паказвае той на майку дзядзькі. Я – глядзь, а там – Пуціна лыч. “Во засляпіла мяне,” – падумаў я сам сабе, а дзядзьку кажу: “Ты шо гэтага тэрарыста напяліў на пуза?” Пачалі мы абурацца, а дзядзька нешта пыжыць на нас у адказ.. Але асабліва нешта даказваць ватану не было часу – і мы пайшлі на могілкі.

Па вяртаньні ж я прапанаваў паглядзець на дзядзьку і ацаніць выяву некаторым іншым сябрам, у тым ліку Севярынцу і Аўтуховічу – і яны, канешне, рушылі. Праз хвілін пару пасьля іх іду я да шапіка, а Севярынец ужо рушыць цьвёрдым крокам назад. “Ну што, бачыў дурня?” – пытаю я яго. “Пагаварылі, - адказвае Паша, - ён яе ўжо пераапрануў унутраным бокам”. Падыходжу я да шапіка пуціноіда і бачу: сапраўды, стаіць ён сарамліва ўнутры шапіка, а на пузе заместа ганарлівага лыча Путлера – вывярнутая унутраным бокам на вонкі майка.

Класік беларускай літаратуры Пімен Панчанка пісаў у прарочым вершы “Мала сказаць: ненавіджу…”

Мала сказаць: ненавiджу,

Мала сказаць: прызнаю,

Бiцца за праўду — i выжыць,

Нiбы салдат у баю.

Дрэннаму — не пакарыцца,

Добрае — не празяваць.

З дробнай хлусьнёй не мiрыцца,

З буйнай хлусьнёй ваяваць.

І ці не пачатак гэта хлусьні, калі навокал нас ходзяць ў вопратцы з савецкай сымболікай, злачыннымі лычамі Леніна, Сталіна ці Пуціна? І што, мы робім выгляд, што ня бачым іх? Ці проста нешта мармычам абуральнае сабе пад нос? Але пакуль Бог мілуе нас ад неабходнасьці браць у рукі аўтамат і страляць, ты проста падыдзі ды скажы: “Навошта ты апрануў гэтую нечысьць на пуза?” Ня трэба біць, ня трэба страляць, ня трэба чыніць гвалт – проста скажы Слова. Раніцай у метро выкажаш сваё абурэньне ватніку ты, па абедзе ў сталоўцы падыдзе да яго нехта іншы выказацца – і я перакананы, што перад вяртаньнем да дому з працы, ватнік перагорне сваю майку унутраным бокам і так паедзе дахаты.

Ваяваць з буйнай хлусьнёй стараюцца многія. Але ж усё буйнае пачынаецца з чагосьці малога. І я мяркую, што калі мы прывучым сябе ніколі і ні пры якіх абставінах не мірыцца з дробнай хлусьнёй, то над намі ніколі не запануе і буйная хлусьня.


.
25.07.16 8:53



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч