Самы круты беларус

Сёньня зьбіралі подпісы пад аховаю – праваахоўнік бдзеў усе тры гадзіны нашага пікету. Пэрыядычна падыходзілі амапаўцы – фоткалі, званілі начальству і надзьмутыя сыходзілі. “Рыбяты, - кажу я ім, - трэба прывыкнуць, што каманды “фас” ня будзе доўга – пакуль газ ня пусьцяць па трубах. А газу ў Арды і на саміх хутка ня будзе. Таму глядзіце, каб увогуле дачакацца той каманды. Прывыкайце, мы тут надоўга!” Пасьміхаюцца, хітаюць галовамі, ідуць далей.

Таму сёньня мы нават размножыліся на два пікеты: адзін на выхадзе з метро Купалаўская/Кастрычніцкая, другі – на вакзале. Пікеты нашы будуць штодзённыя (апроч нядзелі), па вечарох падыходзьце і падпісвайцеся!

Подпісы зьбіраюцца добра, з такой прыблізна хуткасьцю, як і 6 год таму я зьбіраў за мову – па 20 штук за гадзіну, кожныя 3 хвіліны па подпісу. Сёньня подпіс паставіў Андрусь Такінданг, які дзякуючы АНТэшнай праграме пра мову быў апазнаны нашым наглядчыкам. “Вось, лепшыя людзі нашай Бацькаўшчыны – за бел-чырвона-белы сьцяг! – сказаў я наглядаючаму, як Андрусь сышоў. – Такінданг – самы цёмны і самы круты беларус у сьвеце!” “Так-так”, - выдыхае ахоўнік уражана.

Адваявалі “Пагоню”, адваюем і бел-чырвона-белы сьцяг – пераконваюся я. Хаця некаму здаецца, што яно неяк само сабой успышка зазьзяла: тысячы патрыётаў уздымаюць на стадыёнах “Пагоню” і гукаюць “Верым, можам, пераможам!” Але ці ведае хто, што гэта маладафронтаўская крычалка, прыдуманая Паўлам Севярынцам у 2006-ым? Дзесяць год таму гэта крычалі толькі маладафронтаўцы, а цяпер гукаюць стадыёны.

Працэс ідзе, цягнік рушыць, хаця нехта і ня вельмі разумее для чаго. Вось шаноўны адзін сябар піша: “Подпісаў мы ўжо сабралі тысячу, іх больш зьбіраць няма сэнсу”. Сябры, ды нават каб мы сто тысяч подпісаў сабралі – і іх мала было б, а ня тое, што тысячы. Дзесяць, дзесяць мільёнаў подпісаў нам трэба за сьцяг наш бел-чырвона-белы, вось тады і можна будзе сказаць: усё, хопіць подпісаў за сьцяг, давайце зьбіраць за мову! )

А цяпер, калі ты просіш непаўнагадовых падпісацца за бел-чырвона-белы сьцяг, ведаеце, што яны кажуць праз аднаго? Яны кажуць: “А што гэта такое?” Яны ведаюць толькі сталінскі чырвона-зялёны. Ты ім тлумачыш, распавядаеш – і моладзь натхнёна ставіць подпіс у падтрымку нацыянальнага сымбаля. А вы кажаце, тысячы подпісаў дастаткова. Дзесяць, дзесяць мільёнаў подпісаў нам трэба! І толькі тады, калі ўсе беларусы стануць такімі ж крутымі, як самы цёмны і самы круты беларус Андрусь Такінданг – толькі тады мы супакоімся! #нашсцяг



.
22.09.16 0:33



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч