Што мы ведаем пра гераізм?

Для моладзевага аб’яднаньня што ўласьціва перадусім? Уласьціва ахвярнасьць, гераізм. "Малады і гарачы", - кажуць у народзе. Сапраўды, дзе тая рэвалюцыя, якую рабіла ня моладзь? Дзе тыя перамены, якія рухаліся пенсіянерамі? Выйсьці на плошчу, узьняць сьцяг, скінуць помнік істукану - за ўсім моладзь.

Але, на жаль, часта так бывае, што гэтым усё і абмяжоўваецца. Як толькі надыходзіць час сістэмнай карпатлівай працы, запал моладзевы кудысьці зьнікае, а потым зьнікае і сама моладзь. Я неяк прыйшоў да высновы, што мо па гэтай прычыне і нарадзілася мудрасьць: "Рэвалюцыю робяць адны, а пладамі яе карыстаюцца іншыя". Каб рэвалюцыю рабіць і яе вынікі ў правільнае рэчышча накіроўваць, трэба апроч сьвяточнага гераізму быць падрыхтаванымі да гераізму штодзённага - цяжкай карпатлівай працы, якая не заўсёды атаясамліваецца з гераізмам, але насамрэч ім і ёсьць.

І вось я рады напаткаць яшчэ двух герояў, прыклад якіх пераконвае: ёсьць каму ў Беларусі ўладкоўваць плады рэвалюцыі. 23 верасьня ў свой дзень народзінаў Мікіта Наглін прыйшоў з працы і вырашыў сьвяточна адсьвяткаваць народзіны - пайшоў у пераход зьбіраць подпісы за #нашсцяг 26 верасьня Арцём Леўчанка вярнуўся з вучобы і прыняў валявое рашэньне адсьвяткаваць дваццацігадовы юбілей - пайшоў у пераход зьбіраць подпісы і атрымаў у якасьці падарунка свой першы мусарскі пратакол. Мяркую, гэта з шэрагу тых падарункаў, якія перадвызначаюць жыцьцё.

Дык што мы ведаем пра сапраўдны гераізм? Гераізм, гэта калі Siarhei Palcheuski едзе пад Ветку капаць акопы, а потым стаіць вечарамі ў пераходзе і зьбірае па 40 подпісаў у гадзіну за сьвяты наш бел-чырвона-белы сьцяг. Гераізм, гэта калі маладафронтаўцы ў свой дзень народзінаў прыходзяць з працы ці вучобы і ідуць у пераход, каб хоць і пад пагрозай перасьледу, але тлумачыць моладзі, што наш сапраўдны сымбаль - гэта не бесаўскі чырвона-зялёны, а хрысьціянскі бел-чырвона-белы сьцяг. І мы пэўныя, што дзякуючы такім героям сьцяг вернецца, што перамены прыдуць, што плады рэвалюцыі будзе каму накіроўваць у правільнае рэчышча.

Што мы ведаем пра гераізм? Але ён ёсьць. Дык далучайся, будзь героем і ты!



26.09.16 23:16



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч