Пяць аргумантаў за бел-чырвона-белы сьцяг

1. Бел-чырвона-белы сьцяг – гэта сьцяг нашай гісторыі, які мае шматсотгадовую спадчыну. У тым ліку пад ім абвяшчалася незалежнасьць у 1918 і пад ім незалежнасьць аднаўлялася ў 1991 годзе, калі нацыянальны сьцяг беларусаў стаўся дзяржаўным і быў такім цягам чатырох год. Дык ці ня ганьба гэта нашай дзяржавы, што за бел-чырвона-белы сьцяг дагэтуль складаюцца пратаколы, у якіх пішуць віну чалавека: размахваў бел-чырвона-белым сьцягам, які зьяўляецца незарэгістраванай сымболікай?

2. Бел-чырвона-белы сьцяг – гэта сьцяг нашай будучыні, які бяспрэчна адновіцца як дзяржаўны сымбаль Беларусі. Калі нехта ў гэтым сумняецца, дык узгадайце, што ў канцы 80-ых – пачатку 90-ых бел-чырвона-белы сьцяг узьняўся з 70-гадовага нябыту, калі пра яго існаваньне ведалі толькі гісторыкі. Цяпер жа, у адрозьненьні ад 90-ых, мільёны беларусаў памятаюць бел-чырвона-белы сьцяг, яго любяць і захоўваюць яму вернасьць у сваіх сэрцах.

3. Бел-чырвона-белы сьцяг – гэта сьцяг нашай перамогі, якую мы вельмі хутка ўбачым. Ну скажыце, за кім у рэшце рэшт застанецца перамога: за неадэкватным дыктатарам, які рукамі сваіх псоў драў бел-чырвона-белы сьцяг, ці за Васілём Быкавым, Нілам Гілевічам, Ларысай Геніюш, Генадзем Бураўкіным, Рыгорам Барадуліным, Максімам Танкам і многімі, многімі іншыя – усімі тымі, хто йшоў пад бел-чырвона-белым сьцягам – за кім будзе перамога?

4. Бел-чырвона-белы сьцяг – гэта сьцяг адзінай праўды, пра якую Хрыстос гаворыць: “Я – шлях, праўда і жыцьцё” (Яна 14:6). Аб гэтым сьведчыць хрысьціянскае паходжаньне нашага нацыянальнага сьцяга. Узгадайма перамогу над маскавітамі пад Воршай, якая адбылася 8 верасьня 1514 года пад сьцягамі сьвятога Юр’я, - чырвоны крыж на белай тканіне, - які і стаўся прататыпам бел-чырвона-белага сьцяга. Узгадайма сымбаль уваскрасеньня Хрыста – бел-чырвона-белую стужку, якая аздабляе адзеньне хрысьціянскіх сьвятароў.

5. Бел-чырвона-белы сьцяг – гэта сьцяг сьвятой чысьціні, якую ніхто і ніколі ня здолее запляміць. Хаця мы і ведаем спробы зьмяшаць бел-чырвона-белы сьцяг з брудам злачыннай ідэі нацызма, але ўсё гэта высмактана з пальца. Да прыкладу паглядзіце на падобную гісторыю. Пасьля патопа Бог паабяцаў Ною, што больш ніякая душа ня будзе зьнічшана патопам і ў якасьці сьведчаньня аб гэтым запавеце даў вясёлку: “І будзе вясёлка ў воблаку, і Я ўбачу яе, і ўспомню запавет вечны паміж Богам і паміж усякаю душою жывою ў кожнай плоці, якая на зямлі” (Быцьцё 9:16). Але ж мы ведаем, што сёньня многія людзі бяруць на ўзбраеньне вясёлку як сымбаль распусты. Дык што рабіць Богу, адмовіцца ад вясёлкі па гэтай прычыне? Натуральна, не! Вясёлка застаецца для Бога і любога біблійнага чалавека сымбалем запавету паміж Творцам і людзьмі. Дык што, з-за таго, што бел-чырвона-белы сьцяг маглі выкарыстоўваць у сваіх мэтах камуністы ці фашысты, нам адмовіцца ад яго? Натуральна, не!

Таму бел-чырвона-белы сьцяг быў, ёсьць і будзе для нас

                     напамінам нашай слаўнай гісторыі,

                                    сьветачам нашай вялікай будучыні,

                                                     доказам нашай хуткай перамогі,

                                                                      сьведчаньнем Хрыстовай праўды,

                                                                                            сымбалем сьвятой чысьціні –

               сьцягам, які неўзабаве зноў станецца дзяржаўным сьцягам Беларусі!



Дык прыходзь 1 кастрычніка а 12 гадзіне да універсама "Цэнтральны" і падпісвайся за #нашсцяг Хто ня можа хадзіць - электронная петыцыя тут


30.09.16 15:56



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч