Самы дарагі подпіс

Подпісы зьбіраліся сёньня вельмі добра і бадзёра. Толькі ў мяне за гадзін шэсьць працы каля 250 подпісаў – па 40 подпісаў за гадзіну. Зборшчыкаў было сёньня ад трох да шасьці ў розны перыяд часу і агулам подпісаў ля універсама “Цэнтральны” сабрана блізу тысячы. Радуе, што многія заслужаныя і вядомыя людзі прыйшлі падпісацца за #нашсцяг І ёсьць сярод гэтых подпісаў самы дарагі для нас сёньня.

Ветэран Другой сусьветнай вайны Сурын Мікалай павольна ішоў да бел-чырвона-белага пікета па ходніках праспэкта, параўняўся, выпрастаўся і папрасіў падпісны аркуш. 91-гадовы партызан адмыслова для гэтай місіі апрануў усе баявыя ўзнагароды, а на разьвітаньне ўзьняў над Менскам бел-чырвона-белы сьцяг. Ён выглядаў велічна – нават воўчая зграя не асьмелілася кінуцца да яго і скласьці пратакол.

Паны і паненкі, людзі добрага веку і моладзь, партызаны ХХ стагодзьдзя і змагары ХХІ – усе разам за бел-чырвона-белы сьцяг! Дык жыве Беларусь і будзе жыць!



02.10.16 13:01

Зьміцер Дашкевіч