Шоу будзе

А 10 ранку 14 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе над Эдуардам Пальчысам пачнецца ілжывы закрыты працэс, пра які ягоная жонка Вікторыя напісала: “Шоу ня будзе”. Хаця я мяркую, што беларускае дзяржава робіць усё мажлівае, каб шоу было – мы толькі павінны ініцыятыву гэтую падтрымаць.

Закрытым судом мяне судзілі ў 2006-ым годзе. Гэта быў суд ці не па адзіным палітычным артыкуле ў нашай краіне – 193.1 альбо “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі”. Суд, як цяпер памятаю, быў вясёлы – пад вокнамі скандавала дэманстрацыя, а судзьдзя з пракурорам з вока на вока пераконвалі мяне, які я небясьпечны для Бацькаўшчыны індывідум. Я шчэ ня быў такі дасьведчаны ў крымінальных разборках і на паседжаньні нешта спрабаваў судзьдзі даказваць: у апошнім слове зачытваў Біблію, заклікаў да сумленьня і розуму. Пракурор “учитывая социальную опасность преступника” з двух мажлівых гадоў прасіў даць мне два.

І пастанова суда, памятаецца, была ня менш фіерычная. Так у адным абзацы пералічвалася віна: “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”, якая ставіць за мэту выхаваньне маладога пакаленьня беларусаў на падмурку нацыянальнай ідэі і хрысьціянскіх прынцыпаў”, а ў другім абзацы робіцца выснова: “учитывая социальную опасность преступника и личность абвиняемого – полтора года”. Хоць ніхто і не задумаўся, што “лічнасьць” у мяне да 2006 года была вельмі нават прыстойная – я па 12 гадзін працаваў на рынку і ў вольны ад працы час арганізоўваў мірныя акцыі, пасьля якіх мяне мірна насілі ў аўтазак. Але, якое гэта было шоу – нічога не ўлічылі!

Жарты жартамі, але калі разважаць лагічна, то і цяпер цяжка разабрацца, для чаго тады рэжым спрабаваў учыніць такую зачыстку з ганебнымі судзілішчамі па ўсёй краіне. Але лагічна ў карнай сыстэме ніхто не разважае. Разважаюць адной адзінай сваёй рэпрэсіўнай зьвілінай: задушыць, зьнішчыць, спыніць любое іншадумства. Яны думалі, што закрыюць мяне і дзейнасьць Маладога Фронту тут жа пасыплецца.

І хоць мяне закрылі ў самай праверанай зоне – шклоўскай, рэжым паймеў адваротны вынік – Малады Фронт быў на адным са сваіх уздымаў. Нягледзячы на дзясяткі крымінальных справаў “за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі” моладзь працягвала працу, а цягам суду нада мною і іншымі маладафронтаўцамі паўтары тысячы чалавек паставілі свой подпіс пад заявай: “Я – маладафронтавец”, чым кожны падпісант сьведчыў: судзіце гэтых – судзіце і ўсіх нас.

Гледзячы на ўсё гэта карная сыстэма задумалася і назаўжды спыніла прымяненьне ў дачыненьні да грамадзка-палітычных актывістаў артыкула 193.1, які, дэ-факта, знаходзіцца цяпер пад негалосным мараторыем. І ўсё гэта дзякуючы самаахвярнасьці маладафронтаўцаў і тых, хто праявіў салідарнасьць пад час судоў.

Сёньня ж рэжым спрабуе спыніць тых, хто на галоўным фронце барацьбы – інфармацыйным. І гэта ня дзіва, бо ня намі ж, а самім жыцьцём даказана: “хто валодае інфармацыяй, той валодае сьветам”. Эдуард Пальчыс вельмі добра валодаў інфармацыяй, так добра, што форумныя боты пераконвалі адзін аднаго, што 1863х.com – гэта праект дзярждэпа, а на імя Джон Сільвер працуе адмысловы адзьдзел ЦРУ. Калі я запытваў Эдуарда, як той усё гэта пасьпявае, той адказваў: “Жонка варыць есьці, а я пішу”. Я быў перакананы, што гэта жарт і далей не распытваў. Цяпер жа я сапраўды ведаю, што так і было – Эдуард пісаў па вечарох, калі Вікторыя гатавала вячэру. І вось на аднаго чалавека, які прымусіў трымцець усе спэцслужбы цэлай “пятай імпэрыі, што падымаецца з кален”, уся імпэрыя і абрынулася. Да расправы над таленавітым публіцыстам далучылі правераную на адсутнасьць праўды карную судовую сыстэму Беларусі.

Мясцовая рэжым і шызеючая імпэрыя перакананы, што раздушаць Эдуарда, не пакінуўшы ад ягонай дзейнасьці і сьледу. Але ўсе мы, тыя, хто застаўся на волі павінны дамагчыся адваротнага выніку – Эдуардава слова павінна загучаць яшчэ галосьней, ягоныя артыкулы павінны перачытваць мільёны ва ўсіх кутках былой імпэрыі зла, ягоны сайт 1863х.com павінен трашчаць ад наплыву ахвочых напіцца праўды!

Давайце 14 кастрычніка а 10 ранку падыдзем да Менскага гарадзкога судзілішча (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1) і дапаможам рэжыму зрабіць шоу, якое яны так доўга рыхтавалі, але паказаць, чамусьці, хочуць аднаму толькі Эдуарду. Мы ж павінны паказаць яго ўсяму сьвету. На шоу мы пачнем збор подпісаў пад адным з артыкулаў Джона Сільвера, пад якім кожны ахвочы зможа паставіць сваё імя і прозьвішча, тым самым засьведчыўшы: кожны з нас – Джон Сільвер, хочаце пасадзіць – садзіце ўсіх. Яны захацелі шоу? Шоу будзе!


http://1863x.com/must-go-on/

.
06.10.16 21:01



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч