Учынак сумленнага гамельчука

Затрымаўшыся ў Гомлі на другі дзень вырашыў узьняць сьцяг і выйсьці пазьбіраць подпісы за наш нацыянальны сымбаль. Гамельчукі, гэта цудоўныя патрыёты нашай Бацькаўшчыны – трыццаць подпісаў за гадзіну, прам пасярод горада гукаюць “Жыве Беларусь!”, а на разьвітаньне кажуць: “Да сустрэчы на Brutto!” Але найбольш уразіў адзін падпісант з “капустай” на вопратцы.

- Во, - кажу я сябру з фотаапаратам, - фоткай, гэта будзе кадар дня! З капустай і тое за бел-чырвона-белы сьцяг! 
- Ды гэта нам выдалі такую форму, - выбачаючыся пахітаў галавой хлопец.

Пасьля ён стаіць на прыпынку і чакае аўтобуса. І я падумаў: не, такога так проста адпускаць нельга.

- Паслухай, сябар, - кажу я яму, - трымай сьцяг, давай цябе сфоткаем пад нашым сьвятым сымбалем!
- Так, давай, - радасна адказвае той, - але з “капустай” сорамна, - і глянуў ён на мяне сумным такім позіркам. – Можа я здыму?

Я аж зьніякавеў, бо як раз з “капустай”-та і хацеў яго сфоткаць: глядзіце, маўляў, людзі – і “капуста” за #нашсцяг! Але просты шчыры беларус разумее, што нешта ня тое было б у такой сітуацыі, калі ты з савецкім сымбалем бярэш у рукі сымбаль сьвяты. І таму кажа: “сорамна”. Потым Уладзіслаў скінуў кофту і мы сфокталіся.

Я сам мяркую, што гэта вельмі станоўча, калі беларусы ад чырвона-зялёнага сьцяга і “капусты” навяртаюцца да бел-чырвона-белага і “Пагоні”; непрымальны адваротны рух, калі патрыёты нацыянальных сымбаляў галосяць: "мы ўсе ўмесьце" і цягнуць з багны савецка-лукашэнкаўскую нечысьць. І я разважаю: калі з капустай узьняць бел-чырвона-белы сьцяг – гэта для нармальнага чалавека сорамна, то на колькі сорамна павінна быць тым, якія да бел-чырвона-белага хочуць далучыць чырвона-зялёны і да “Пагоні” “капусту”?

Учынак гэтага простага сумленнага гамельчука яшчэ раз нагадвае нам аб тым, што ня можа нічога быць супольнага ў сьвятла зь цемраю, у праўды з хлусьнёю, у сьвятых нацыянальных сымбаляў са злачынынмі савецкімі.


.
08.10.16 21:42



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч