Ненармальная мова

Мяне некаторыя былыя МФаўцы, якія распачынаюць уласныя бізнэс-праекты, пераконвалі, што трэба весьці бізнэс найболей па-расейску. Дзіўна гэта было чуць вушам маім.

Я з 2000-га працаваў на розных Менскіх рынках і калі б маёй мэтай было перадусім накасіць грошаў, я б і ў Малады Фронт не пайшоў бы ніколі. Я зарабляў у нулявыя па паўтысячы-тысячу (і гэта вам ня сёньняшнія 500) і мог рухацца ў любым накірунку. Але я за гэтыя грошы ў тым ліку па структурах маладафронтаўскіх езьдзіў і ўлёткі друкаваў. У годзе недзе 2003, працуючы на Чэрвеньскім кірмашы, я цалкам перайшоў на беларускую мову і 500-700 гандляроў ад мяне і сяброў маіх (а мы развозілі па кірмашы гарбату і кожнага гандляра ведалі пайменна) былі ў шоку. Але праз месяцаў пару прызвычаіліся, з чая перайшлі на гарбату, з кофе – на каву і я маю пэўнасьць, што многія і цяпер з цяжкасьцю вымавяць кітайскай слова чай ))

І вось сёньня, праз год 12-15, як я навярнуўся да беларушчыны, я вырабляю мэблю ў грамадзтве, якое на 99% размаўляе “нормальным языком”. Што мне рабіць, калі я жадаю зарабляць грошы? Прыладкавацца пад 99% ці гнуць сваё? Нехта раіць, што трэба падладкоўвацца. Але для мяне перайсьці на расейскую дзеля нейкай выгады ці кан’юктуры – гэта здрадзіць усяму, чым я жыў і жыву. Гэта нават, калі хочаце, здрадзіць Госпаду, які адарыў наш народ хоць і “ненармальнай”, але цудоўнай і прыгожай мовай – той мовай, на якой была напісана адна зь першых канстытуцый у Еўропе і надрукавана чацьвёртая ў сьвеце Біблія.

Так, 99% у штодзённым жыцьці карыстаюцца расейскай мовай, але большасьць гэтых людзей, дзякаваць Богу, шануюць беларускую мову і выказваць павагу тым, хто на ёй размаўляе. І няхай беларуская мова сёньня ненармальная (бо яна тая на якой размаўляць, працаваць і жыць – “не норма”), але я пэўны: калі мы ня будзем ёй штодня здраджваць, яна вельмі хутка зойме свой пачэсны дзяржаўны пасад і станецца-такі нармальнай.

18.11.16 14:58



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч