Сьвята развалу Імпэрыі

Пачынаецца збор сродкаў на ўпрыгожваньне сталіцы нашай радзімы, горада-героя Менску!

Іду я значыцца на сьвяткаваньне 25-ай гадавіны развалу Імпэрыі зла. Выходжу я з аркі дома па вуліцы Кузьмы Чорнага, а ў арцы самой, па сьлізкім сьнезе мусарок малодзенькі па ўсёй форме штурхае сваю заглоглую машыну.

- Ну шо, заглох?

- Так, - адказвае сумна.

- Дапамагчы мо?

- Ну давай, падсабі, выштурхаць, каб людзі маглі праехаць.

Вы мяне, канешне, асудзіце, але шо рабіць – хто яшчэ мусарку ў нашай краіне дапаможа, калі не прадстаўнік РПГ (радыкальнай палітычнай групоўкі) Малады Фронт? Я паклаў сьцягі на сьнег і мы пачалі штурхаць старушку. Ішло цяжка – на абледзянелым сьнезе асабліва не паштурхаеш. “Эй, сябар, дапамажы!” – гукнуў я хлопца, які паліў цыгарку пад суседнім пад’ездам. РПГэшная групоўка наша павялічылася ўдвая, мы ўзяліся лацьвей – і загналі мусарка на паркоўку.

“Дзіўны шляхі Твае, Госпадзе, - падумаў я рушачы далей, - ніколі шчэ машыну мусара не штурхаў. А вось дадуць такому загад лупасіць мяне дубінкай па галаве – і будзе лупасіць, не ўзгадае, што я яму жыцьцё выратаваў!”

І сапраўды, прыходжу я на акцыю “Сьвята развала Імпэрыі”, а там ці ня той жа мусарок цягне Ірыну Арэхоўскую ў мусаню! Увогуле атрымалася сьмешна: сьцягі лунаюць над праспэктам, а я фоткаю журналістаў, якіх грабуць за вывешваньне сьцягоў – шыкоўна!

“Іра, класныя сьцягі ты вывесіла! Рэспект і паважуха!” – крычу я стоячы ў шэрагу журналістаў. Іра ўсьмешліва хітае галавой і дзякуе за станоўчую адзнаку ейнай дзейнасьці.

А потым мы ідзем у беларусізаваны Макдак, каб порцыяй дранікаў адсьвяткаваць дзіўную дзею: сьцягі – вісяць, журналісты – сядзяць, РПГэшнікі ядуць дзяруны і запіваюць гарбаткай – гэта прарыў, гэта новая эпоха!

Я мяркую, мы з Ірынай Арэхоўскай і Мікітам Недаверкавым добра ўпрыгожылі горад! У прынцыпе, на лічбу 25 сьцягоў мы не арыентаваліся і хацелі вывесіць болей. Але калі учора Сяргей Пальчэўскі сабраўся рушыць на нашу загарадную фабрыку па пашыву сьцягоў, ён заўважыў, што усе чатыры колы ягонай машыны (і нават не ягонай, а бацькоўскай) прарэзаны нажом – аднаўленьню не падлягае. Дык мы сабралі ўсе сьцягі, што былі па нашых шуфлядах – і вывесілі іх. Калі ўлічыць тыя два сьцягі, што мы з дачкой маёй Марай вывесілі дома, дык тады насамрэч так і атрымаецца – 25 сьцягоў на 25 год развала Імпэрыі зла.

Але калі вы хочаце, каб наступны раз маладафронтаўцы вывесілі не 25 сьцягоў, а 100 ці 200, нам трэба скідвацца на колы і тканіну. Колы на машыну каштуюць ня менш за 300 уа і адзін Сяргей гэта не пацягне, тканіна ў ЦУМе таксама каштуе грошаў. Заклікаю ўсіх, хто можа – дапамагчы нам сабраць сродкі! Ці тэлефануйце мне па нумары 80447556990, ці пішыце мне ў прыватныя паведамленьні на маёй старонцы ў ФБ, ці прыносьце грошы на Арт-сядзібу (пр-т Незалежнасці, д. 58, оф. 430) з паролем “На колы і сьцягі!” І як мы разам усе паднацісьнем, гарантую вам наступны раз у Менску дзівоснае бел-чырвона-белае сьвята! 

А сёньня са Сьвятам усіх развалу імпэрыі зла! Жыве Беларусь!

.
08.12.16 12:58



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч