Навагодняя ноч

 Зімой у Ізалятары часовага ўтрыманьня большасьць арыштантаў ходзіць у камэры без абутку. Бо заўсёды зімовы абутак утрымоўвае супінатары – жалезныя плясьціны на падэшве, якія служаць умацаваньнем канструкцыі. Наглядчыкі прапаноўваюць кожнаму затрыманаму ці выламваць супінатары, ці забараняюць хадзіць у камеры ў абутку. Лічыцца, што будучы зэк можа ў камеры дастаць супінатар, зрабіць зь яго зброю і ці тое прарэзаць ім дзіру ў сьцяне ды зьбегчы, ці тое перарэзаць усіх канваіраў і яшчэ раз зьбегчы.
Мне драць боты было шкада, і я хадзіў у камеры босы. Канешне, гэта трохі непрыемна, тым больш, калі камера брудная. “Бруд можна адмыць!” – скажа які рафінаваны чысьцюля. Я і сам чысьцюля, хоць і не рафінаваны. Я спрабаваў мыць. Спачатку я адмыў першую камеру і зажыў шчасьліва. На наступны дзень мяне перавялі ў іншую, загаджаную яшчэ болей – я сумна агледзеўся і ўзяўся мыць наноў. На трэці дзень мяне перавялі яшчэ раз і я пераканаўся, што нада мною проста зьдзекуюцца. А можа карны рэжым кічы[1] проста прасёк, што ў ізалятары зьявіўся дарэмны прыбіральшчык, і ім можна перамыць усе 40 камер. Але я абазліўся і больш нічога ня мыў, а мяне ўсё працягвалі пераводзіць з камеры ў камеру ледзь ні штодня.
31 сьнежня, на 14-ыя суткі мяне закінулі ў камеру на першым паверсе, хаця дагэтуль увесь час я прасядзеў на трэцім. І якая ж была мая радасьць, што на ўваходзе ў яе наглядчык не запытаўся пра супінатары ў ботах, і я праскочыў у клетку абуты. Гэта была камера на два месцы, таму сьвятлейшая і чысьцейшая за ўсе астатнія, у якіх я быў. Апроч мяне, у новай хаце[2] больш нікога не было, і я пачаў радасна праходжвацца па праходзе ў чаканьні таго, з кім сустрэну новы 2011 год. Сустрэць новы год у ботах і ў камеры, дзе не вісіць два метры дыму – гэта быў сапраўдны падарунак турэмнага лёсу. “Эх, яшчэ б і кабанчык[3] зарохкаў пад дзьвярыма – было б зусім шыкоўна!” – падумаў я грэшным дзелам.
    – Дашкевіч! – прапішчаў жаночы голас у толькі што адчыненую кармушку.
    – Зьміцер Вячаслававіч! – падскочыў я радасна ў прадчуваньні навагодняе перадачы.
Трэба сказаць, што ў камеры перадача – гэта перадусім ня ежа. Тым больш, калі цябе зусім нядаўна пасадзілі і ты шчэ не пасьпеў скінуць 10-20% вагі. Перадача – гэта прывітаньне ад родных і сяброў. Гэта напамін пра тое, што цябе любяць, пра цябе памятаюць, за цябе змагаюцца. А ў гэтыя акаянныя дні сьнежня 2010 перадача – гэта яшчэ і інфармацыя аб тым, хто застаўся жывы на фронце. Сьпіс атрымоўваўся ня самы вясёлы, і ў ім за 14 сутак назьбіралася тры прозьвішчы: Марына Лобава – маці сябра майго Эдуарда, зь якім мяне і арыштавалі; Натальля Ясевіч – маці майго брата Зьмітра Ясевіча; і Тацьцяна Шапуцька – маладафронтаўская зорка, якая на волі, відаць, толькі таму, што муж ейны Глеб Лабадзенка ні на крок на Плошчы-2010 ад жонкі сваёй не адыходзіў.
    – Ад каго перадача? – прагучала заўсёднае пытаньне.
    – Адкуль я ведаю, – нэрвова ўсіміхнуўся я, нахіліўшыся да кармушкі.
Пытаньне гэтае вырубала мяне заўсёды – адкуль я ці любы іншы арыштант мог ведаць, ад каго перадача?
    – Ад любімай? – не ўгамоньвалася канваірша.
    – Можа быць, – яшчэ больш нэрвова адказаў я.
    – А што, хіба ня я твая самая любімая?! – абурылася паненка на прадоле[4].
Дзеля такой справы я прысеў на корткі і лацьвей выглянуў у кармушку. На калідоры стаяла наглядальніца па мянушцы сярод арыштантаў “Бандыт” ці “Бандыты”. Яна заўсёды, калі раздавала ежу, адчыняла вочка дзьвярэй і крычала з таго боку калідора: “Бандыты, колькі вас тут?” Потым, разьліваючы суп у алюміневыя шлёмкі[5], казала: “Бандыты, мыйце за сабою талеркі!” Пры добрым настроі магла прапанаваць: “Бандыты, каму дабаўкі?” Яе так і клікалі арыштанты “Бандыты”.
Я акінуў вокам постаць бандыткі. Хударлявая дзяўчына ў міліцэйскай форме стаяла трохі павярнуўшы і адставіўшы ў бок правую нагу, левую руку паклала на сьцёгны, а ў сагнутай правай руцэ трымала цыгарэту, ад якой белай тонкай стужкай струмяніўся дымок. Гледзячы на мяне яна зацягнулася, выдыхачы дым прыплюснала адно вока і перапытала яшчэ раз, жартаўліва гледзячы на мяне зьверху ўніз:
    – Што, ня я самая любімая?
    – Канешне ты, – расплыўся ва ўсьмешцы і я, ды вытрымаўшы паўзу, каб гэта не выглядала нахабна, працягнуў думку. – Давай перадачу.
Бандытка спрактыкаваным рухам рукі ляснула назад кармушкай, пазьвінеўшы засаўкамі адчыніла дзьверы і, паказваючы на пакунак ля камеры, усё з той жа ўсьмешкаю дала дазвол:
    – Забірай!
    – Дзякуй! – падміргнуў я ёй і ўцягнуў у хату цёпленькага кабанчыка.
Сьпіс мой папоўніўся чацьвёртым імём – Касі Галіцкай (цяпер яна Васільева). Кася ўваходзіла ў групу “пантэраў” – так Павал Севярынец акрэсьліў сяброўскае кола Касі Галіцкай, Касі Красновай, Людвісі Атакулавай і Насты Палажанкі, якія цягам 2007 году узвалілі на свае дзявочыя плечы поўную адказнасьць за Малады Фронт. Пакуль сам я прахалоджваўся першым тэрмінам у шклоўскай калоніі, дзяўчаты з падразьдзяленьня “пантэры” праводзілі пікет за акцыяй, а акцыю за пікетам – і на сутках за паўтара гадочкі выкацілі столькі, колькі многія барацьбіты з рэжымам за ўсю сваю біяграфію не выкатвалі. І хто-хто, а Кася дакладна ведала, што і ў якой колькасьці трэба арыштанту.
Я перабіраў перадачу, радаваўся тапкам – цяпер няма патрэбы хадзіць босым, захапляўся кнігаю пра сабачак – цяпер я буду ведаць усё пра пароду хаскі з 5-ай групы FCI, плакаў над мандарынамі – цяпер будзе сапраўдны новы год. Я нават не адразу пачуў ціха адчыненую кармушку.
    – Дашкевіч! – прыкрыкнуў прадольны.
    – Зьміцер Вячаслававіч, – азваўся я, падскочыўшы да кармушкі.
    – Перапісвай усё ў двух асобніках, – паклаў ён на кармушку дзьве паперкі, – што не запішаш, тое на этап не прапусьцяць.
Я ўзяў невялікія аркушыкі, і кармушка ляснула. Гэта былі адмысловыя блянкі вопісу маёмасьці перад этапам. Гэта азначала, што дарэмна я ствараў сьвяточную атмасфэру і раскладваў мандарынавыя лупіны па камеры – новы год я буду сустракаць зусім у іншым месцы, мяне чакае этап.

[1]Кіча – абрэвіатура беларускага паходжаньня, утварылася ад ІЧА – ізалятар часовага ўтрыманьня.

[2] Хата – камера.

[3] Кабанчык, кабан – харчовая перадача.

[4] Прадол – турэмны калідор.

[5] Шлёмка – талерка, амаль заўсёды з люмінію.


ПРАЦЯГ ТУТ

.
03.01.17 11:19



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч