Паглядзець Божымі вачыма

Што ж, пасьля жартаў можна пагаварыць і сур’ёзна. Таму прапаную без уступаў – стартуем з месца ў кар’ер. Чаму патрыёты ўвесь час шукаюць, на каго абаперціся?

Дзе толькі і аб каго толькі не спрабавалі прыхінуцца. Езьдзілі да апошняга ў Маскву – думалі, там дапамогуць, аж пакуль пакуль зьвярыны аскал Арды не адпужнуў самых апошніх нават русафілаў. Іншыя да апошняга спадзяваліся на Захад, аж пакуль той не выявіў усю сваю індыфэрэнтнасьць цягам крывавай разьні на Данбасе. Што рабіць цяпер? Правільна, узяцца за новую трысьціну, бо нам так хочацца хоць неяк умацаваць сваю веру ў сьветлае заўтра.

Вось пасьля 7-гадзіннай балбатні пустабрэха вельмішаноўны рэдактар Нашай Нівы Андрэй Дынько піша, што галоўны пасыл прэсухі, маўляў, незалежнасьць. Асабіста я ніяк не магу зразумець, як гэта сьветлыя розумы могуць зрабіць аналіз тэксту, у якім наццаць разоў адзін сказ супярэчыць другому? Бо трэба ж набалбатаць так, каб пасьля Наша Ніва напісала «Галоўны пасыл прамовы Лукашэнкі – незалежнасьць», а Лентару выйшла з артыкулам «Лукашенко прізвал разговарівать на родном, русском языке».

Вось змагар і мой сябар Алесь Кіркевіч выпісвае пра тое, які ў нас галоўнакамандуючы ня горш за Балаховіча і як пад ягоным кіраўніцтвам мы пойдзем ваяваць. Як па мне, дыскусія высмактана з пальца – любы патрыёт (і можа быць, нават, любой краіны, а ня толькі аўтарытарнай) у выпадку вайны ідзе ваяваць найперш за Радзіму сваю, за сваю сям’ю, за любімых. За каго ішоў ваяваць Васіль Быкаў, за Сталіна ці за Радзіму і сям’ю? Таму ня трэба лішняй агітацыі і ўзьвялічваньня таго, хто ня варты нават узгадкі ў прыстойнай кампаніі, – патрыёты і так будуць бараніць сваю зямлю.

Вось Іосіф Сярэдзіч пасьля выпрашанай аўдыенцыі піша «Але змена ўлады павінна адбыцца не праз крывавы майдан, не праз грамадзянскую калатнечу і не праз страту нашага самага найвялікшага здабытку – Незалежнасці». Хаця, падавалася б, для чаго рэдактарскімі калонкамі нас у гэтым пераконваць, усе і так за Незалежнасьць, за перамены без крыві. Калі Лукашэнка ня хоча крывавы майдан – няхай правядзе свабодныя выбары, калі ён ня хоча страты Незалежнасьці – няхай дасьць Вольскаму з Вайцюшкевічам выступаць на арэнах ды плошчах і няхай легалізуе бел-чырвона-белы сьцяг, каб людзі яго вольна на гэтых канцэртах уздымалі.

Але што аб’ядноўвае ўсе гэтыя пасылы, якія прамаўляюцца рознымі людзьмі і з розных нагодаў? Аб’ядноўвае іх чалавечы погляд на гісторыю, а ня Божы. Тут нават гаворка не пра веру, а пра Божы погляд. Бо ёсьць такія веруючыя (не як у гэтым сьвеце лічаць, а сапраўды праведныя людзі), якія пры наяўнай магчымасьці спакойна сабе едуць у ЗША. Чаму так адбываецца? Усё па той жа прычыне – чалавек не імкнецца нават, каб Божымі вачыма зірнуць на свой народ і ягоную місію на гэтай зямлі.

Я з чаго сыходжу? Я сыходжу з таго, што існуе добры Бог, Які стварыў як чалавека, так і народы. Калі Ён любячы і добры, то Ён ня можа хацець, каб народамі кіравалі ўзурпатары ці акупанты. І таму Сам Бог зацікаўлены ў тым, каб Беларусь (як і іншыя Ягоныя народы) была свабоднаю і Незалежнаю. Гэта Ісус Хрыстос – Той, Хто любіць Беларусь і беларускую мову ў мільён разоў болей і дасканалей за маю любоў. І калі ты прыходзіш да гэтай простай і натуральнай высновы, табе вельмі лёгка становіцца на душы.

Чаму лёгка? Таму, што ты пачынаеш Божымі вачыма глядзець на свой народ і ягоныя пэрспэктывы. Таму, што тады табе ня трэба гандляваць сумленьнем і круціць пятаю кропкаю, шукаючы за што б учапіцца ў ратунку краіны: ня трэба табе ні злачынная Расея, ні індыфэрэнтны Захад, ні абмыты крывёю палітычных апанэнтаў самазванец – ніхто табе ня трэба. Табе трэба толькі пастарацца быць верным і спакойна рабіць сваю працу, як і кажа Біблія: “Каня рыхтуй на дзень бітвы, але перамога ад Госпада” (Высл. 21:31).

Хто цікавіцца гісторыя, раю пачытаць Стары Запавет і шматлікія гісторыі таго, як Бог Сам ваяваў за Незалежнасьць габрэйскага народа. І ў крытычных сітуацыях, калі Ізраіль рыхтаваў каня да вайны, Бог казаў ім: рыхтуйцеся, будзьце сьмелымі – і Я абараню вас. Але часта Ізраілю не хапала мудрасьці паглядзець Божымі вачыма на на сваю гісторыю – і яны ішлі прасіць дапамогі ў злачынных саюзьнікаў ці цароў. Тады “надламаная трысьціна” з трэскам ламалася – і народ прайграваў ці трапляў у няволю.

Нікога ня трэба пераконваць, што існы стан рэчаў у нашай краіне ня вечны і, напэўна, набліжаецца да сваёй лягічнай разьвязкі. Беларусь на ростанях – і толькі ад нас з вамі залежыць, які далягляд адкрыецца за імі – хаос ці акупацыя, калі мы будзем шукаць у чыімсьці абліччы надламаную трысьціну, альбо свабода і незалежнасьць, калі мы паспрабуем паглядзець на народ наш, ягоную гісторыю і пэрспэктывы Божымі вачыма..
14.02.17 11:48



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч