Сем тысяч

Пасьля адбою грукае па дзьвярох супрацоўнік:

- Дашкевіч тут ёсьць? – кажа спакойна.

- Ёсьць, – адказваю я з верхняй нары.

- Падыдзі сюды, калі ласка, - выдае дзіўнае міліцыянер.

“Капец, – думаю я, – што вам і па начох ад мяне трэба?!” Саскокваю на стол, потым на лаву, прыгаю ў боты, падыходжу на дзьвярэй. Праз амбразуру для вачэй глядзіць на мяне чалавек і пасьля павузы кажа: “Дзякуй табе, Зьміцер, за Курапаты!” Я выпадаю ў асадак і мармычу падзяку, а тоёй працягвае:

- Дзякуй, рэальна, вы – малайцы! Спадзяюся, 25-га ў вас усё атрымаецца. Няхай у вас атрымаецца ўсё 25-га!

- Дзякуй, дзякуй, – хітаю галавою я і калі супрацоўнік сыходзіць, усё яшчэ агаломшаны стаю ля дзьвярэй.

- Гэта мусар падзякаваў табе? – перапытвае сукамернік Алег, прыпадняўшыся з ніжняй нары.

- Ну, – адказваю я.

- Нічога сабе, мяне аж таксама праняло! Гэта ж якую справу вы робіце, што вам нават міліцыя дзякуе!

Лёг я на нару і думаю: а колькі іх, вось такіх міліцыянераў, гатовых “нам” дзякаваць? Мы-та прызвычаіліся бачыць міліцыю толькі з самага мярзотнага боку: калі яна хапае нас у цёмных пад’ездах, малоціць гумавымі дручкамі, ілжэсьведчыць на судах, а калі знойдзецца там хто нармальны, то адзін на мільён.

У Бібліі ёсьць такая цікавая гісторыя, калі прарок Ільля адзін супрацьстаў паганскім ідалам і сьвятарам іхным, панішчыўшы тых да рэшты. А пасьля пад пагрозамі Езабэлі, жонкі цара Ахава, зьбег хавацца ў пустыню, дзе наракаў Богу, што адзін ён застаўся на варожую зграю і таго хутка заб’юць. І вось Бог кажа яму: “Я ў Ізраэлі пакінуў сем тысяч: калені ўсіх, хто не ўкленчыў перад Баалам, і ўсе вусны, якія не цалавалі яго” (1 кніга цароў, 19:18).

І вось нам здаецца, што МУС – гэта суцэльныя толькі НКУСаўцы Шуневіча, апроч аднаго намальнага, якога ты толькі што сустрэў. Але колькі іх, хто не ўкленчыў перад НКУСаўскай формай? Колькі іх, гатовых сказаць нам сёньня: дзякуй вам за Курапаты? Колькі тысяч тых сілавікоў, якія б хацелі сёньня сказаць адмарозку з апазіцыі: няхай 25-га ў вас усё атрымаецца?!

Бог прамовіў тае ночы мне: Я пакінуў сем тысяч, калені якіх не ўкленчылі перад Баалам.


Фота by Dashkevich Nasta, "Акрэсьціна"

13.03.17 22:24



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч