Сьцяг

Пры арышце па г.зв. “справе патрыётаў” мяне прывезьлі да хаты рабіць ператрус. Трэба было бачыць, зь якой варожай радасьцю гэбэшныя апера даставалі з шуфляды бел-чырвона-белыя сьцягі. “О, дык столькі сьцягоў ў цябе!” Перапісалі ўсе – 16 штук і дадалі да іх раздрукаваны банэр “Пагоні”. Тое ж адбывалася па месцы жыхарства і Арцёма Леўчанкі, у якога радасна канфіскавалі 15 сьцягоў.

“Во, – кажу я ім, седзячы ў кайданах у крэсьле, – бандыта знайшлі, дык да!” КДБэшнікі не разумелі маёй іроніі і патрасалі балаклавамі ў знак згоды – бандытызм быў навідавоку. Пачалі нават апісваць кавалкі нарэзанай чырвонай і белай тканіны, але потым вырашылі, што для доказнай базы па крыміналцы хопіць і 16-ці нашытых сьцягоў. Але я не зьдзівіўся б, каб і тканіну дапісалі ў злачынства, вунё ў Сяргея Пальчэўскагаканфіскоўвалі тканіну – і дагэтуль ніводнай скаргай адбіць яе ня можа, бо крымінал гэта – захоўваць чырвоную і белую тканіну разам.

14 траўня спаўняецца 22 гады з таго жахлівага, дзікунскага рэфэрэндуму, калі Лукашэнка чыніў свой першы антыканстытуцыйны пераварот. Быццам бы як праз туман, але я памятаю той дзень. Мне тады было 13 год. І я ніяк ня мог зразумець, чаму нацыя выракаецца свайго сьцяга і герба. Мне ніхто нічога не тлумачыў пра зьбіцьцё дэпутатаў парламента, пра незаконнасьць самога галасаваньня і нават пра тое, што сьцяг мяняецца на іншы. А можа нешта і тлумачылі, але гэта не адбілася ў памяці. Мне тады здавалася, што нацыя проста выракаецца сваіх самых сьвятых сымбаляў – сьцяга і герба. І калі ўлічыць тое, што народ не паўстаў супраць чырвона-зялёнага гвалту і беззаконьня, то мо і ня так ужо памылялася дзіцячае сэрца – нацыя выракалася…

Я памятаю, як я, 13-гадовы падлетак, тады плакаў – 14 траўня 1995 года. І менавіта тая крыўда за зьдзек з нацыянальных сымбаляў прывялі мяне праз 5-6 год у Малады Фронт. Мяркую, каб не ганебны рэфэрэндым 1995 года, я ніколі не прыйшоў бы ў апазыцыйны рух. За што ахвяраваць сабою? За ліберальныя ідэі? За заробкі? За ўладу? На ўсё гэта было проста начхаць тады, калі мы, 13 – 18-гадовыя дзеці далучаліся да Маладога Фронту. Я заўсёды і з многімі размаўляў маладафронтаўцамі: што вас прывяло ў МФ? Амаль заўсёды адказ зводзіўся да аднаго – рэфэрэндум 1995 года. Я перакананы, каб не ганебны травень 1995 года, у Лукашэнкі і сёньня не было б апазыцыі.

Таму, можа быць, хлус і разважае пра першы рэфэрэндум, як пра самую сваю пераможную бітву над іншадумствам, але я пэўны – гэта самая вялікая ягоная параза. Ілгун, па-злачынску апрануўшыся ў злачынную чырвона-зялёную кашулю, сам абазначыў сябе. Сёньня ніхто ня можа сказаць: я за праўду і за чырвона-зялёны сьцяг. Ці: я за бел-чырвона-белы сьцяг і БРСМ/КДБ/Адмінісмтрацыю.

І няхай сёньня за бел-чырвона-белы сьцяг затрымоўваюць, б’юць, садзяць – гэта не на доўга. Бо 22 гады таму сьцяг быў толькі ў нашых сэрцах, а сёньня ён і ў сэрцах нашых дзяцей. Бо як сьцяг уваскрос пасьля 70 год савецкага забыцьця, так ён уваскрэсьне і праз 22 ці колькі б там ні было год забыцьця лукашэнкаўскага.

14.05.17 18:13



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч