Ваяваць за незалежнасць... Смех у зале

На сайце “Нашай нівы” з’явіліся вынікі апытанкі, паводле якой, да радасці аўтараў, ледзьве не ўсе рэспандэнты гатовыя адстойваць незалежнасць Беларусі са зброяй у руках у тым выпадку, калі Расія захоча захапіць Беларусь.

Сярод апытаных: старшыня партыі АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыня “Маладога фронту” (сам не маладзён, але малады бацька) Зміцер Дашкевіч, намеснік кіраўніка кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў, яшчэ некалькі “нацыянальна-дэмакратычна палітызаваных” асоб і для чысціні эксперыменту міліцыянер Юрый з чыноўнікам Іванам Мікалаевічам.

Вынік уразіў арганізатараў апытанкі. Прызнаюцца: яны такога не чакалі.

Дзіўныя людзі, а чаго яны чакалі ад Лябедзькі, Дашкевіча і Дзмітрыева? Уся “тройца” свеціцца на беларускім апазіцыйным небасхіле, яны што, на пытанне журналіста могуць адказаць: “Будзем прасіцца, каб Крэмль дазволіў нам заняць больш-менш важныя пасады”?

Ці яны думалі, што паэтка Валярына Кустава скажа: “Нарэшце тут будзе Расія, я змагу пісаць свае вершы па-руску і мне за іх дадуць прэмію, на якуя я куплю футра і прыгожанькую “малалітражку”?

А мо Андрэй Пачобут, актывіст супольнасці палякаў Беларусі і журналіст польскай газеты, пачне, шчаслівы, скакаць, убачыўшы над Гродзенскім аблвыканкамам расійскі сцяг?

Аўтарам апытання трэба было яшчэ патэлефанаваць Зянону Пазьняку - тады б ні ў кога не было сумневу: так, беларусы гатовыя выяваць супраць “драпежніка з усходу” (асабліва тыя, што цяпер знаходзяцца за межамі Беларусі).

Навошта рабіць дурняў са сваіх чытачоў?

А давайце задамо пытанне так: “Ці гатовыя вы са зброяй у руках змагацца супраць агрэсіі НАТО?” Перавернем на капыл Луашэнкі, які доўгі час казаў пра “танкі НАТО пад Смаленскам”.

Няўжо Лябедзька, Дашкевіч і Дзмітрыеў скажуць: “Так, няхай паўночнаатлантычныя сілы трохі падушаць беларусаў, але затое яны дабяруцца да паганага Крамля”.

Альбо міліцыянер Юрый разам з чыноўнікам Іванам Мікалаевічам і паэткай Куставай будуць заклікаць суайчыннікаў сустракаць салдатаў НАТО з хлебам і соллю і пры гэтым казаць: “Не трэба баяцца, што сярод іх ёсць палякі, якія лічаць нас не нацыяй, а “крэсамі всходнімі”, і немцаў не трэба баяцца, бо сучасныя немцы – не нацысты, што палілі беларускія вёскі, а вельмі ветлівыя – не зялёныя, як расійцы ў Крыме, – узброеныя людзі. Усе яны не супраць вас, беларусы, а супраць Крамля і Лукашэнкі, які гэтаму Крамлю прадаўся. А што яны ўжо забілі вашых родных, то ў тым вінаватыя не яны, а камандзіры лукашэнкаўскіх войскаў, якія замест таго, каб капітуляваць перад арміяй, што нясе нам свабоду і дэмакратыю, сталі страляць па ёй”?

Можа, міліцыянер і чыноўнік і сапраўды такое скажуць, але паэтка Кустава, мяркую, хутчэй застрэліцца, але не “ляжа” пад натаўскага жаўнера.  

Падаецца мне, што апытанку “Наша ніва” рабіла з разлікам на саму сябе. Калі рэдакцыя займае радыкальна антырасійскую пазіцыю, трэба ж ёй упэўніцца ў тым, што яе ідэалогіі трымаецца вялікая колькасць беларусаў. Адразу прыдумалі, што будзе вайна. А пасля сталі прыдумляць, як у той вайне беларускія батальёны, натхнёныя “нашаніўскай” прапагандай, будуць біць маскальскіх акупантаў. Пра такое ў дзяцінстве мы казалі: цырк на дроце.

05.10.14 12:59



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Игорь Драко