Ці “загасіць” Танюша Караткевіч Дзімулю Дашкевіча?

Бываюць жа такія супадзенні: толькі “Малады фронт” заявіў, што кандыдаты ў прэзідэнты ад апазіцыі будуць несці маральную адказнасць за палітычыя рэпрэсіі ў краіне, як Лукашэнка памілаваў палітвязняў.

А каб Лукашэнка з нейкіх чыннікаў не прыняў такога рашэння?

Тады, піша ў сваім блогу Зміцер Дашкевіч, “грамадзянская супольнасць дагасіла б Танюшу Караткевіч і Дзмітрыеў быў бы вымушаны зняць яе з выбараў” (тут я бачу лагічную памылку: калі б Дзмітрыеў “здымаў”, дык, значыцца, дагасілі б яго, а не Караткевіч, але ж не пра такія нюансы зараз гаворка).

Далей прадстаўнік “грамадзянскай супольнасці” (хто б мне сказаў, што гэта за істота такая ў беларускай рэчаіснасці?) кажа, што для Лукашэнкі дужа неабходны на выбарах канкурэнт з апазіцыйнага асяроддзя, і Караткевіч ідзе кандыдатам, каб пасля 11 кастрычніка прызнаць перамогу “дыктатара”.

Ну што з такой Караткевіч рабіць? Зразумела, гасіць. Лукашэнку, як сам Дашкевіч прызнае, загасіць няма як, таму канцэнтруемся на Караткевіч, якая цяпер галоўны “легітымізатар” аўтарытарнай улады.

А Караткевіч чым адказваць?

Як падаецца, у яе ёсць два варыянты: ці ігнараваць “наезды” грамадзянскай супольнасці, ці таксама гасіць яе прадстаўнікоў. Пры другім варыянце можна пачаць з таго ж Дзімулі Дашкевіча (калі ён называе яе Танюшай, то яна мае права называць яго Дзімулем, вось такая гендэрная роўнасць).

Хаця гасіць Дзімулю (у яго асобе “грамадзянскую супольнасць”) гэта маль тое самае, што ігнараваць яго. Так і сказаць: “Зміцер, мне ўсё роўна, што пра мяне падумаюць у вашай фанабэрыстай супольнасці, якая пераацэньвае сваю значнасць для Беларусі. Я якраз шукаю падтрымкі сярод беларусаў, што не маюць ніякага дачынення да вашай супольнасці. Вы мне проста непатрэбныя”.

На маю думку, іначай ставіцца да тых, хто цябе гасіць, нельга. Бо сама супольнасць ператварылася ў ідэалагічную дыктатарку: за краты саджаць не можа, затое з утрапёнасцю брэша ў СМІ і фэйсбуку на любога, хто не пагаджаецца з яе меркаваннем і прапаноўвае свае бачанне таго, як і што трэба рабіць у Беларусі, каб краіна не спарахнела разам з Лукашэнкам і яго памагатымі.

Ці здолее Танюша праз ігнараванне загасіць Дзімулю?

На сёння мой адказ: не.

Моцна жадаю, каб заўтра ён быў: так.

Пачакаем.

Калі ж Караткевіч усё-ткі капітулюе пад націскам “супольнасці-гасілаўкі”, то гэта, мяркую, усё роўна не зменіць палітычнага раскладу: любой сіле, якая будзе планаваць перамогу над “рэжымам Лукашэнкі”, трэба будзе яшчэ і гасіць праз ігнараванне “грамадзянскую супольнасць”.

24.08.15 9:21



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Игорь Драко