Лагодны атэізм беларусаў і блюзнерства верніка

Неяк у мяне запыталіся, што я – беларус – мог бы запісаць у несумнеўны плюс беларусам як нацыі-народу, я адказаў: “Нерэлігійнасць”. Таго меркавання пра суайчыннікаў трымаюся да гэтае пары.

Апошнімі гадамі сталі трохі "псавацца" жыхары заходняй часткі Беларусі – праз актыўнасць каталіцкага касцёла. Але і там не так усё блага: даюць ксяндзам грошы на адпяванне ці імшу, а пасля кажуць: “Калі ж гэтая жмінда ўжо нажарэцца?!” Нармалёвыя людзі, што гатовыя ахвяраваць на культурны феномен, якім ёсць царква, калі культурны феномен не патрабуе зашмат выдаткаў. І не толькі матэрыяльных, але і псіхалагічных. Ну, ёсць царква і ёсць, руйнаваць не будзем і агітаваць супраць святароў таксама не будзем, але й збаўляць/ратаваць нікога (апроч мо сябе) не станем.

Сціплыя беларусы, не місіянерскага тыпу людзі. Ці то шматканфесійнасць ВКЛ іх такімі зрабіла, ці то савецкая ўлада так тут пашчыравала, не ведаю, не ў кароткім блогу глыбакадумна разважаць пра вытокі тых ці іншых асаблівасцяў нацыянальнага характару. Праўда, так лічу я, відаць, таксама выступаючы ў ролі сціплага беларуса. Затое іначай лічыць спадар Павел Севярынец, сустаршыня партыі БХД, які з нагоды атрымання Святланай Алексіевіч нобелеўскай прэміі кінуўся ў сапраўдны месіянскі шал.

Цытую: “Для мяне Алексіевіч — у адным шэрагу з такімі беларусамі, якія намагаліся збавіць Расею ўвесь час — як Мялецій Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, Фёдар Дастаеўскі, Уладзімер Высоцкі, Валерыя Навадворская.

Ёсьць у беларусаў такая місія (на мой погляд, гэта проста закладзена звыш) яны проста імкнуцца збавіць Расею, прасьвятліць яе, паказаць самой Расеі, якая яна ёсьць. Зрабіць яе лепшай, зрабіць яе больш духоўнай, больш культурнай. І я думаю, што сэнс гэтай Нобелеўскай лекцыі быў якраз у гэтай тысячагадовай беларускай місіі”.

Вы ведаеце сярод сваіх блізкіх такіх людзей, якія лічаць сваёй місіяй збавіць Расію? Сярод маіх родных, сяброў, знаёмых і калег такіх няма. Мабыць, я маю стасункі з нейкімі неправільныміі беларусамі?.. Ёсць у нас адзін чалавек, які завецца Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Беларусі, дык ён, паводле яго ўласных словаў, ужо колькі гадоў ратуе Расію ад голаду: цяпер вось разам з мясам і малаком адпраўляе туды крыветкі ды ананасы. Але ж ён ўсё пра страўнік расійскі клапоціцца, а спадар Севярынец бярэ глыбей і вышэй – душу расійскую ледзьве не з пекла выцягвае.

Пачытайце гэтыя пафасныя радкі: “Сапраўдны беларускі прарыў на Усход — гэта не вынаходніцтва кампутаровых стралялак, а хрысьціянскія інтэрнэт-праекты, выдавецтвы ды дабрачынныя служэнні. Замест сённяшніх беларусачак для Цвярской ды стрыптыз-бараў — цуды прыгажосці, вобразы цнатлівасці і сямейнага шчасця. Беларускае Радыё Вера, Тэлевізія Любоў, біблейскае асветніцтва, міжканфесійныя сацыяльныя сеткі, новыя духовыя рухі на ўзор “Чыстых сэрцаў”, міжканфесійнае хрысціянскае трыадзінства — усё гэта Расея можа ўспрыняць хіба толькі ад братоў-беларусаў.”

Толькі ад беларусаў... Чаму толькі ад нас? Таму што Севярынец лічыць сябе асабіста “афігіцельна” хрысціянскім персанажам? Не, я сапраўды не разумею, чаму гэтае “Севярынцава дабро” расіяне павінны ўспрыняць ад нас? Знайшоў мне носьбітаў духоўнасці з “чаркай-шкварка-іншамаркай”.

Дый увогуле дзіўна, што хрысціянін Севярынец, заклікаючы збаўляць/ратаваць Расію, карыстаецца, так бы мовіць, паганскімі мыліцамі. Усё нагадвае нам, што многія вядомыя дзеячы рускай культуры былі з паходжання беларусамі:

“Беларусь малілася за сваіх забойцаў вуснамі геніяў. Паміраючы на крыжы, усё імкнулася збавіць Расею сабой. Хрысьціянскі прарок Дастаеўскі, нашчадкі ліцвінскіх шляхецкіх родаў Грыбаедаў, Грын і Бунін, аўтар расейскага гімну Глінка, Стравінскі, Барадзін, Рымскі-Корсакаў, Шастаковіч пераплаўлялі расейскае грамадства пранізліва евангельскай культурай”.

Дык што: вера ці зямля – робіць прарока прарокам? Калі вера, тады якая розніца, дзе нарадзіўся (тым больш праз стагоддзі пасля прыходу хрысціянства). Калі ж зямля, тады пры чым тут хрысціянства.

Ну й фінал артыкула “Фенаменалогія Беларусі. Святлана Алексіевіч і беларуская місія”:

“Праз Беларусь пад бел-чырвона-белым сцягам Расею збаўляе Ісус”.

Што ж вы, спадар сустаршыня партыі БХД, такую лухту верзяце?! Гэта з той жа оперы, што і “танкі НАТО”, якія пад Смаленск не прапускае асабіста Аляксандр Лукашэнка. Аднак добра хоць Ісус у вас яшчэ не ходзіць на дэмастрацыі і мітынгі пад тым самым бел-чырвона-белым сцягам.

Якое шчасце, што беларускі народ нерэлігійны, а то б наслухаўся такіх прапаведнікаў, як спадар Севярынец, і паверыў бы ў сваю місію збавіцеля Расіі. Апакаліпсіс быў бы забяспечаны: святая Русь збаўляе/ратуе свет, а Беларусь збаўляе/ратуе саму збавіцельку-Русь. Ісламская дзяржава на абедзве вашыя хаты!..

12.12.15 10:28



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Игорь Драко