Шчыры як ровар атлет Кірыенка

Дык мёртвая беларуская мова ці не?

Глядзіш на вулічную рэкламу, адказ адзін, пагаджаешся з Васілём Кірыенкам: “Вядома ж, мёртвая”.

Як яна можа быць жывой, калі надпісы на стэндах кажуць: “Маё першае слова на роднай мове...” Бязглуздзіца нейкая!.. Звычайна чалавек адразу пачынае размаўляць, а пасля чытаць. А рэклама кажа адваротнае: “Прачытай, што на мне напісана, і ты даведаешся, якая мова для цябе родная”.

Ну, і дзе таму дзіцяці мове навучыцца? Бацькі рускамоўныя, выхавацелькі ў садках рускамоўныя, у школах (за малым выключэннем) настаўнікі рускамоўныя (нават настаўнікі беларускай мовы), выкладчыкі ва ўніверсітэтах, калі не гістфак і не філфак, рускамоўныя, працадаўцы рускамоўныя, нарэшце, і ты, ужо не дзіця пасля ўсіх гэтых этапаў, таксама рускамоўны бацька ці рускамоўная маці.

Навошта ведаць мову, якой карыстаецца невялікая колькасць людзей? З прагматычнага пункту гледжання, калі ты не прафесіянальны даследчык рэдкіх моў, якія могуць неўзабаве ўвогуле знікнуць, такая веда непатрэбная. Атлет Кірыенка, на маю думку, якраз пра гэта і сказаў. І яго прыклад з палякамі толькі пацвярджае той факт, што беларуская мова калі і не мёртвая, то і не сказаць, каб вельмі жывая. Паразумецца з палякам прасцей, маючы грунт беларускае мовы, але далей – карта паляка, і мова польская. Кар’ера польская, жыццё польскае, як у самога Кірыенкі ўсё гэта іспанскае.

Праўда, сітуацыя з роднай мовай, пра якую нам нагадваюць з рэкламных стэндаў, не такая і жудасная, як можа падавацца на першы погляд. Тут толькі не трэба хлусіць самім сабе на ўзроўні прапаганды, скуль бы яна ні сыходзіла: ад дзяржавы ці пэўных беларускаарыентаваных колаў і асобных энтузіястаў. Сапраўды, першае слова па-беларуску можна вымавіць і ў сталым узросце, шмат (мяркую, нават большасць) беларусаў загаварыла на беларускай мове пасля таго, як яны навучыліся размаўляць па-руску. Гэта азначае: у нас ёсць магчымасць захаваць мову і, больш за тое, зрабіць так, каб у будучыні ёй лёгка, гэтаксама як і рускай, карысталася амаль усё насельніцтва.

Прапагандысцкая хлусня тут звязаная з тым, што мова падаецца як нейкая “цацка этнаграфічнага кшталту”. Скажы “тата”, скажы “хата”, скажы “рыдлёўка”, а не “лопата”. Далёкі ад беларускай палітыкі Васіль Кірыенка, беларус, які жыве і зарабляе грошы ў іншай краіне, абапіраючыся на прыклад баскаў, выказваецца ў “чыста” палітычным рэчышчы: “Я не ведаю, хто ў тым вінаваты, што мова мёртвая, але калі прафесійныя кар’еры паўсюдна робяцца “на рускай мове”, то й мае калегі будуць круціць педалі веласіпедаў, а не ровараў”.

Будуць кар’еры ў бальшыні рабіцца “на беларускай мове”, спадар Кірыенка, я чамусьці ўпэўнены, скажа: “Молодцы, земляки, вы даже круче басков. Но я уже не так молод, чтобы учить белорусский, да и живу я в Испании, тут он ни к чему”.

А колькі гадоў тады будзе ўжо не атлету, а трэнеру Кірыенку?..


28.04.16 12:40



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Игорь Драко