Мой Дзень Волі: 10 крокаў да свята

Хто можа зрабіць свята народным? Толькі самі людзі. Ні дзяржава, ні заклікі палітыкаў не здольныя нават на дзесятую частку таго, на што здольныя людзі. Таму я цалкам падтрымліваю і далучаюся да ініцыятывы Мой дзень волі якая з‘явілася сення ў інтэрнэце і мае за мэту зрабіць #25sakavika сапраўдным святам.


«Мой Дзень Волі» — гэта супольнае свята, якое ўсім нам запомніцца надоўга. Якім чынам?

Вось 10 крокаў, як мы гэта зробім разам:

1. Распаўсюджваем гэты тэкст разам з падрыхтаванымі банерамі, посцім ва ўсе сацыяльныя сеткі і на сайты, дзе толькі магчыма. Пазначаем хэштэг ‪#‎25sakavika‬.

2. 25 сакавіка ў 17.00 прыходзім да станцыі метро Акадэмія навук. Не хвалюйцеся! Усё законна і бяспечна. Мінгарвыканкам звычайна дазваляе шэсце на Дзень Волі.

Мы не ідзем на бессэнсоўны мітынг пад наглядам міліцыі на плошчы Бангалор. Мы выходзім, каб паказаць моц і прыгажосць беларусаў у вялікай супольнасці аднадумцаў.

3. Пачынаем рыхтавацца да акцыі ўжо сёння. Створаныя падзеі ў Фэйсбуку (https://www.facebook.com/events/661629413962486/) і «Вконтакте» (https://vk.com/25sakavika), сачыце за абнаўленнямі і распаўсюджвайце інфармацыю. Дасылайце прапановы на 25sakavika@gmail.com, пішыце пад хэштэгам #25sakavika.

4. Бярэм нацыянальныя сцягі. Давайце без сцягоў палітычных партый, грамадскіх арганізацый і рухаў. Даставайце з шафаў, здымайце са сценаў свае бел-чырвона-белыя сцягі. Калі няма — можна пашыць ці купіць, гэта не складана. Можна намаляваць на паперы ці шчацэ тры палоскі: белую, чырвоную і белую. Гэта колеры, якія нас яднаюць. Пад гэтым сцягам мы здабылі незалежнасць, пад ім прымаў прысягу нават Лукашэнка. Не бойцеся — бел-чырвона-белы сцяг у Беларусі нікім і ніколі не быў забаронены. А на Дзень Волі ані міліцыя, ані хтосьці іншы не пасмее яго ў вас адабраць.

5. Малюем або друкуем ўласныя плакаты з заклікамі, лозунгамі ды ідэямі, якія хочам выказаць грамадству і свету. Дзякуючы журналістам, фотаздымкі з вашымі плакатамі пабачаць сотні тысячаў. Будзьце крэатыўнымі! Добры плакат у руках прыгожага чалавека можа сказаць больш, чым палымяная прамова з трыбуны.

Публікуйце пад хэштэгам #25sakavika фоткі, як вы малюеце плакаты, пакажыце прыклад, каб іншыя падхапілі.

6. Купляйце ў ЦУМах, ГУМах і галантэрэйных аддзелах стужкі з беларускім арнаментам. Наразайце на кавалачкі па 30-40 см, прыносьце з сабою на Дзень Волі. Будзьце ў трэндзе!

Акцыі ‪#‎беларускаястужка‬ і «Пазнач сябе беларусам» паказалі, што стужка з арнаментам на вашым адзенні стала праявай грамадзянскай пазіцыі. Раздавайце стужкі мінакам, павязвайце на антэны машынаў, заплятайце ў валасы, з усмешкай дарыце міліцыянтам.

7. Надзяем вышыванкі, вышымайкі, народныя строі ці любое адзенне з арнаментам. Выцягвайце прыгожыя вышыныя кашулі і спадніцы з бабульчыных куфраў, набывайце ў майстроў ці крамах. Мы маем традыцыі ды любім сваё. Нацыянальнае адзенне вылучае і робіць нас адметнымі.

8. Спяваем беларускія песні. Узгадайце тэксты «Грай», «Не быць скотам», «Тры чарапахі», «Простыя словы»... Дасылайце свае прапановы на мэйл 25sakavika@gmail.com. Давайце вызначым дзясятак песень, якія выканаем разам падчас шэсця. Бубначы, бярыце свае тамтамы і барабаны, каб ствараць рытм і падвышаць агульныя дэцыбелы свята.

9. Віншуем, усміхаемся і размаўляем па-беларуску. Бо якое нацыянальнае свята без нацыянальнай мовы?

10. Запускаем флэшмоб у інтэрнэце. Мяняем свае аватаркі ў Фэйсбуку, Твітэры і «Вконтакте» на белую іконку з чырвоным надпісам — вашым імем альбо хэштэгам #25sakavika. Усе аватаркі будуць выглядаць падобна, як бел-чырвона-белы сцяг, і будуць унікальнымі адначасова.

І апошняе, як заўжды, галоўнае (для чыноўнікаў, міліцыянтаў, КДБ і іншых): 25 сакавіка мы ідзем на Дзень Волі не мяняць уладу ды ладзіць беспарадкі. Мы ідзем, каб паказаць сваю любоў да краіны, мовы і культуры. Мы ідзем прадэманстраваць нашае імкненне да незалежнасці Беларусі. Мы ідзем паказаць сабе і свету — што мы народ, які хоча жыць вольна і годна на сваёй зямлі.

Рыхтуемся і распаўсюджваем інфармацыю.

Пабачымся 25 сакавіка на Нашым Дні Волі!

Жыве Беларусь!



10.03.15 15:42



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Андрэй Дзмітрыеў