Не дапусьціць прызнаньня фальшывых выбараў

Пасьля візыту Лукашэнкі ў Маскву ў мяне зьніклі якія-кольвек сумневы. Няма і ня будзе ў Беларусі іншага сапраўды прарасейскага (г.зн. пастаўленага Масквой) кандыдата, акрамя як Лукашэнка. Аблажаліся ўсе – як тыя, хто сьлепа лісьлівіў Маскве, абяцаючы прадаць беларускія прадпрыемствы, так, зрэшты і тыя, хто дэманічна палохаў электарат прарасейскімі, хоць антылукашэнкаўскімі, кандыдатамі.

Выбараў няма. Улады напішуць сабе 70-75%, 15-20% - супраць усіх, астатнім кандыдатам – па адным працэнце (крыху больш дадуць хіба што Міхалевічу «за верную службу» і Кастусёву – «за честность»). Наіўна спадзявацца на справядлівы падлік галасоў.



Прызнаньне вынікаў «выбараў» Расеяй – справа амаль пэўная. Нельга дапусьціць прызнаньня выбараў Эўразьвязам і ЗША. Гэта будзе азначаць легалізацыю лукашэнкаўскага рэжыму і поўнае разьвязваньне яму рук. Для бачнасьці дэмакратыі ў «палатку» прапусьцяць 3-5 чалавек "сыстэмнай апазыцыі". Такі стан рэчаў дазволіць Лукашэнку прытрымацца як мінімум да 2016 году.



Як гэтага не дапусьціць?

1) Жорсткае назіраньне, фіксаваньне парушэньняў

2) Плошча.



Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і каманды кандыдатаў зьбіраюцца ахапіць некалькі тысячаў выбарчых участкаў. Я сам зьбіраюся назіраць у адной зь менскіх гімназіяў. Назіраньне адбываецца ад званка да званка, усе 6 дзён разам з датэрміновым галасаваньнем (менавіта падчас яго ўкідваюцца фальшывыя бюлетэні). Лічым усіх выбарнікаў, не даем уладам намаляваць яўку. Дабіваемся разьдзельнага падліку галасоў. Фіксуем парушэньні, афармляем скаргамі. Ужо да абвяшчэньня афіцыйных лічбаў будзем мець прыкладную лічбу яўкі і доказы (фота, відэа, дакумэнты) несапраўднасьці выбараў.



Але галоўным фактарам прызнаньня-непрызнаньня будзе, безумоўна, Плошча. Яе галоўным патрабаваньнем мусіць быць правядзеньне паўторных дэмакратычных выбараў без Лукашэнкі. Шмат маіх сяброў ня бачаць сэнсу ісьці на Плошчу, маўляў, «дзеля каго, калі апазыцыя разьяднаная». Сапраўды, нэгатыўную кампанію ніхто толкам ня вёў; некаторыя "дэмакраты", наадварот, перашкаджалі яе весьці. Асабіста я пайду не дзеля кагосьці, а супраць Лукашэнкі. Самым цяжкім будзе першы дзень. Будзе нас 50 тысячаў – ніхто не пасьмее разганяць.



19 сьнежня нічога не заканчваецца, толькі пачынаецца. Верагодна, самае цікавае пачнецца пасьля Новага году. Лукашэнка ня зможа падтрымліваць узровень жыцьця і заробкі на адпаведным узроўні, пачнецца рост цэнаў, беспрацоўе. Хваляваньні гэтак званай рабочай клясы. Вось тады патрэбная будзе сіла, апазыцыйная кааліцыя, якая згуртуе гэтых людзей і пераўтворыць іх незадаволенасьць у пратэстны рух. Вясна 2011 будзе гарачай.
16.12.10 20:03



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Вячорка Франак