Сьледчы мне пагражаў сьмерцю.

Неўзабаве па абедзе дзяжурны адчыняе дзьверы камэры, лязгае замок.

- Вечёрко на выход!

Мяне праводзяць у невялікі пакой пафарбаваны з зялёна-блакітныя колеры. Голыя сьцены. За сталом сядзіць гадоў 45 мужчына ў раскошным скураным паліто з футравым каўняром.

- Садитесь, садитесь... – гаворыць ён сабе пад нос, корпаючыся ў партфэлі. Дастае ноўтбук Compaq, мышку, вялікую тэчку з дакумэнтамі. Як я пасьля зразумеў – гэта мая асабістая справа. Працягвае да разэткі дрот.

- Я следователь КГБ і сейчас буду вас опрашивать. Меня интересуют события 19-22 декабря. Советую вам внимательно к этому отнестись, дело серьёзное. Зря ухмыляетесь, очень зря...

Я сапраўды ўсьміхаюся. У мяне дэжа вю. Падчас службы ў войску мне давялося прайсьці столькі гэтых допытаў вайсковай контрвыведкі КДБ! Толькі гэты сьледчы настроены асабліва варожа.

- Як Вашае прозьвішча? – пытаюся.

- Ботвенков.

- Званьне?

- Из протокола узнаете.

Далей ён пільна высьвятляе маю асобу, пазіраючы то ў экран лаптопа, то ў тэчку. Дае мне зразумець, што ён усё пра мяне ведае, чытае маю пошту, смс-кі – звыклы кагэбэшны прыём. Ведаюць яны значна менш, чым здаецца Двойчы мяне папярэджвае аб крымінальнай адказнасьці за непраўдзівыя сьведчаньні ці ўхіленьне ад іх дачы. Задае пытаньні, што я рабіў 19-га. Я шчыра адказваю, што назіраў на ўчастку, а на плошчу прыехаў, калі ўжо ўсё заканчвалася (ці пачыналася?)

Пасьля сэрыя пытаньняў на засыпку. Ці супрацоўнічаю я з замежнымі СМІ? А з кім я сябрую? А што гаварылі выступоўцы на плошчы? А чаму я напісаў у сваім блогу, каб людзі прыносілі да сьцен Акрэсьціна сьвечкі? Ці падтрымліваў я каго на выбарах? А дзе я начаваў?

Нармальнай размовы ў нас не атрымалася. Ён злаваў. Кудысьці сыходзіў, потым вяртаўся. Некалькі хвілінаў мы сядзелі моўчкі. З-за маёй сьпіны сачыў міліцыянт. Потым сьледчы прынес выдрук: "Пратакол допыту па справе 1011111***", але копіі мне не пакінуў.

Перад тым як сыходзіць, павярнуўся да мяне суворым выразам твару. Гэта быў погляд праўдзівага гэбіста, менавіта так я яго ўяўляў, чытаючы кніжкі Шаламава, Салжаніцына, Арлова (Юрыя).

- Послушайте, Вечёрко, меня внимательно. Мы отлично знаем, чем вы занимаетесь. Мы знаем, что вы задумали консолидацию остатков оппозиции. Не надо этого делать. По-хорошему прошу. Следующий раз вы поедете не на Окрестино, а куда подальше, где ваши друзья сидят. У нас есть разные методы. Бывают болезни странные, могут быть, и летальные исходы... Не надо никаких митингов и акций солидарности. Второго раза для вас не будет.

На гэтым сьледчы Ботвенков (званьня я так і не даведаўся) разьвярнуўся да дзьвярэй, фыркнуў нешта ў бок ахоўніка. У камэры мяне чакалі Павал Юхневіч, Міхась Пашкевіч, Андрусь Крэчка і Антон Койпіш. Ня ведаю наконт астатніх, але ў нашай камэры дакладна адбылася кансалідацыя апазыцыі. Амаль кожнага з нас дапытвалі ў КДБ. Кожнаму падобна пагражалі. Мэтады КДБ не мяняюцца. Кажуць, аднаму хлопцу падчас допыту прапанавалі скасьціць 5 сутак і выпусьціць да Новага Году, калі ён перад камэрай прызнаецца, што Саньнікаў і Някляеў заклікалі біць шкло у Доме Ураду. Так і не вядома, ці ён пагадзіўся. Некаторых выклікалі да сьледчага і ставілі перад выбарам: "Альбо дасі "правільныя" паказаньні, альбо страціш працу/унівэрсытэт/бізнэс. На кожнага знаходзіліся кручкі.

Мы з сукамэрнікамі вырашылі не адзначаць Новы год у турме. Ато глядзіш і сапраўды: засьнеш – а прачнешся ў 1937.
11.01.11 17:04



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Вячорка Франак