ШВАБРА СТАНІСЛАВА ШУШКЕВІЧА І КАВУНЫ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ


Станіслаў Шушкевіч і на дзевятым дзесятку жыцця застаецца моцным раздражняльнікам інфармацыйнага космасу. Па-першае не знікае цікавасць прэсы  да асобы былога старшыні Вярхоўнага Савета. Доказам таму з’яўленне свежай кінастужкі эстонскіх журналістаў. Па-другое, публікацыі  выклікаюць усплёск водгукаў, каментароў, як з кампліментамі, так і з абвінавачваннямі. Ён там малюецца і “мальчіком на побегушках КГБ”, і магільшчыкам СССР, і выдатным фізікам, і кепскім кіраўніком краіны. Эстонцы дадалі падставу для новага вызначэння “Сельскій потешнік”

 

 Некалькі кароткіх меркаванняў. Думаю, што Станіслаў Шушкевіч і сам не рыхтаваўся да ролі кіраўніка дзяржавы і яго ніхто не рыхтаваў, адсюль многа  памылак, недаробак у ягонай дзейнасці. Народ смяяўся да слёз і чырванеў ад сораму за Мікалая Дземянцея. Мне ўрэзалася ў памяць адзін з яго афарызмаў: “Таварышчы, эта я высказаў мысль, каторую не ўспел сфармуліраваць”.

З’яўленне Шушкевіча рэабілітавала беларускі народ  у вачах свету, не ўсе ж беларусы такія, як Дземянцей.

Станіслава Шушкевіча скампраметавала не скрынка з цвікамі, а тое, што ён радаваўся ў злосці, калі ўдалося зацвердзіць Аляксандра Лукашэнку старшынёю антыкарупцыйнай камісіі, маўляў, нарэшце там табе рогі зломяць!

Скрынку з цвікамі ўзгадваю і для пераходу тэмы к лецішчу нашага героя.

У ранніх рэкламных роліках пра Аляксандра Лукашэнку ў кадр траплялі знакамітая карова Мілка і кот, які піў малако ў двары з выемкі ў сілікатнай цагліне. Міскі для ката ў гаспадарцы не знайшлося. Цяпер Аляксандр Рыгоравіч у бясконцых тэлесерыялах то вырошчвае кавуны, то косіць сена для кароў, то дэманструе моркву са свайго агароду, то пасылае малодшага сына са смятанай да бедных. Звышруплівец!

Станіслава Шушкевіча ніхто ў гаспадаранні не паказвае. І расійская журналістка заходзіцца ад радасці, прагледзеўшы эстонскае кіно, называе былога кіраўніка Беларусі “сельскім потешніком”, папракае, што ў ягоным доме не бывае швабры з анучай, што сам ён дастае пляшку гапэлкі з падвала. Столькі радасці ў тых словах – выкрыла разбуральніка СССР, збэсціла яго, перавяла з тытанаў у сферу, дзе ўсё вымяраецца  маштабам шалупаек.

Мне пашчасціла некалі пабываць на знакамітым лецішчы.

Яно размешчана на савецка-стандартным участку. Збудаванне – шэдэўр для лецішчаў. Не столькі архітэктурна, колькі ў ідэальнай прадуманасці  для гаспадарчых клопатаў. І усё зроблена рукамі самога Шушкевіча.

 Наша з’яўленне было нечаканым для яго і жонкі, але нам імгненна, без лішніх слоў надалі статус “дарагіх гасцей”. Гаспадыня адправілася ў грады ірваць трускалкі. Мяне гаспадар запрасіў у падвал. Сведчу: шыкоўная частка лецішча. Глыбока. Суха. Прасторна. Усё акуратна раскладзена па паліцах. Мне было прапанована выбраць слоік з тушонкай. У празрыстым, застылым булёне  паблісквалі пад святлом апетытныя кавалкі ялавічыны і свініны. Што там было выбіраць. Любы выклікаў жаданне хутчэй сесці за стол.

Тушонку гаспадар гатаваў сам, сыравіну восенню купляў у знаёмых у бліжэйшых вёсках. Слоікі прапускаў праз адмысловы аўтаклаў.

Нічога больш смачнага з той серыі я ў сваім жыцці не каштаваў.

 

Я пераканаўся ў той дзень, што Станіслаў Шушкевіч у прыватным жыцці дбайны, дасціпны, ахайны гаспадар.

Гаварыць, што ягоная сядзіба на лецішчы  падобна,  на звалку, што там не відаць слядоў швабры з анучай, як гэта напісала расіянка ў маскоўскай газеце, значыць, выпускаць яд. Укусіць не магу, не дастану, а ядам пырсну, мо некага ды й зачаплю.

 

.
18.01.17 16:04



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Miкалай Галко