Вяртаючыся да Лошыцкага Яра

прысьвячаецца Дзядам

Лошыцкі яр (іншая назва - Чорны яр) – сёньня ўрочышча ў паўднёвай частцы Менска, побач з мікрараёнам Лошыца. Гэта адно зь 15 вядомых месцаў горада, дзе ў часы камуністычных рэпрэысяў карнікі савецкіх ЧК-ГПУ-МГБ-НКВД зьнішчалі грамадзянскае насельніцтва Савецкай Беларусі, замежных грамадзянаў ці ваеннапалонных.

Кіраўнік МВД РБ Шуневіч прымае парад у форме камісара НКВД, 2015. Фота БЕЛТА.
Пераемнік: кіраўнік МВД РБ Шуневіч прымае парад у форме камісара НКВД, 2015. Фота БЕЛТА.

У пачатку ХХ стагодзьдзя на беразе ракі Лоша (цяперашняя назва -Лошыца) створаны быў кар'ер, дзе бралі гліну для будаўніцтва печаў. Кар'ер зачынілі: ці то гліна скончылася, ці то па іншай невядомай нам прычыне. Зямля, пазбаўленая дзёрану, хутка размылася вадой, утварыўся яр. Берагі ягоныя ўкрыліся густымі  зарасьнікамі чаромхі і асіны. На пачатку 30-х гадоў яр абгарадзілі калючым дротам. Амаль кожную ноч сюды зь Менска прыязджала машына, званая ў народзе «чорны крумкач», і, прастаяўшы нейкі час з уключаным рухавіком, зьяжджала назад, у горад. І ўсё. Толькі марознымі, зімовымі начамі ў бліжэйшай вёсцы чуваць былі гукі стрэлаў і стогны людзей, не забітых першымі кулямі, ды аднойчы сабакі прыцягнулі на дарогу чалавечую руку. /Я. Церахаў/

Раней тут былі клюмбы, а зараз дарога. Тое, што тут не прыбіраюць ані дарожнікі, ані зеленхозы, ані кааператары, асабліва добра відаць ўвосені. 2013. Фота Музэю.
Раней тут былі клюмбы, а зараз дарога. Тое, што тут не прыбіраюць ані дарожнікі, ані зеленхозы, ані кааператары, асабліва добра відаць ўвосені. 2013. Фота Музэю.

Лошыцкі Яр атрымаў вядомасьць у канцы 80-х як месца масавых расстрэлаў грамадзянскага насельніцтва савецкімі карнымі ворганамі ў 1937-1941. Лічыцца, што менавіта тут знаходзілася так званая Белая дача - месца разьмяшчэньня спэцкаманды карнікаў, куды дастаўлялі арыштаваных ахвяраў. Тут жа іх расстрэльвалі. Паводле ацэнак беларускага гісторыка Зянона Пазняка, у Лошыцкім Яры знаходзяцца парэшткі да 10 тысяч рэпрэсаваных.

Спэцаб'ект атрымаў сваю назву ад «белага дома» Лошыцкай сядзібы, якую савецкія карныя ворганы апанавалі ўжо на пачатку 20-х. Напрыклад, пад шыльдай сельгасінстытута ў былым доме млынара імі была зарганізаваная школа па падрыхтоўцы «народных мсьціўцаў», тэрарыстаў і дыверсантаў, якія закідаліся на тэрыторыю Польшчы, а пазьней - «школа КПЗБ», неабходнасьць у якой адпала толькі на пачатку Другой Сусьветнай вайны, разьвязанай СССР і Нямеччынай ў верасьні 1939.

Крыж пакутнікаў. 2008. Фота Музэю.
Крыж пакутнікаў. 2008. Фота Музэю.
А.Чахольскі:
- Чыкісты займаліся ў Польшчы агрэсыўнай прапагандай і тэрорам, агітавалі бяднейшых беларусаў за Саветы, за камунізм, за сьветлую будучыню. Тых, што верылі ў казку, выдурвалі за мяжу, а потым зьнішчалі, каб ніхто ня мог распавесьці пра рэаліі. Перабегалі бедакі шукаць сьветлы рай, а тут адразу траплялі у чыкісцкія кіпцюры. Далей куля ў патыліцу - і пакацілася душа ў рай, а цела – у яр. А пазьней, калі ўжо была захопленая Заходняя Беларусь, пачалася новая хваля масавых растрэлаў.
- Некаторыя дасьледчыкі сьцьвяржаюць, што ёсьць сьведчаньні, нібы сюды прывозілі й забітых.
А.Чахольскі:
- Адразу трэба ўдакладняць, у якія часы, бо хваляў рэпрэсыяў было шмат. Маглі падкідаць, натуральна, але звычайна дзялянкі ў кожнай каманды былі свае.
- А ці маглі былі там растрэленыя польскія афіцэры, альбо польская вэрсыя, што яны былі растрэленыя ў «амэрыканцы», больш слушная?
А.Чахольскі:
- Мы можам пакуль казаць толькі, што гэта былі грамадзяне Польшчы.
Ю.Навіцкі: .
- Могуць быць схаваныя, натуральна, і ў Чорным Яры – паспрабуй цяпер вынайдзі сярод парэштак іншых тысячаў забітых, перамеленых савецкімі  бульдозэрамі. Лягічна было-б растрэльваць іх разам зь іншымі заходнікамі. Але тое, што кіраўнік дзяржавы спрачаецца з дакумэнтамі карных ворганаў тых часоў, якія сьведчаць аб існаваньні беларускага "катыньскага" сьпісу, кажа аб ягонай упэўненасьці ў тым, што месца пахаваньня гэтых 3870 "палякаў" мы ніколі пры ягоным жыцьці ня знойдзем. То бок ніякіх шанцаў. Гэта значыць, што парэшткі польскіх афіцэраў могуць знаходзіцца альбо пад трасьцянецкай свалкай, альбо ў месцы, пакуль невядомым дасьледчыкам. Без дакумэнтаў і эксгумацыяў  на гэтае пытаньне адказаць немагчыма.


Відэё. Уладзімер Юха: Помнікі ў гародзе. 2015. Відэё Музэю.

Пасля таго як мы правялі раскопкі ў Курапатах, мы сабраліся правесці раскопкі і ў Лошыцкім Яры. Даведаўшыся аб гэтым, тагачасная камуністычная ўлада прыняла рашэнне засыпаць Лошыцкі Яр, пабудаваць на гэтым месцы гаражы і заасфальтаваць тэрыторыю. /З. Пазьняк/

Бульдозэрны адвал на беразе Лошы-Лошыцы. 2007. Фота Музэю.
Бульдозэрны адвал на беразе Лошы-Лошыцы. 2007. Фота Музэю.

З мэтай утойваньня сьлядоў савецкіх рэпрэсыяў Лошыцкі Яр ў 1988–ым быў часткова засыпаны, а на яго месцы быў збудаваны гаражны кааператыў. У 1995-ым намаганьнямі грамадскасьці ў Лошыцкім Яры усталяваны Крыж пакутнікам з тэкстам на перакладзіне: «Ахвярам бальшавіцкага тэрору». З таго часу штогод праводзяцца «лошыцкія Дзяды» - мэмарыяльнае шэсьце да Крыжа і мітынг-рэквіем.

Крыж пакутнікаў быў усталяваны й каля самога «белага дома», аднак пазьней быў зламаны «невядомымі вандаламі». Прыблізна ў той-жа час быў зламаны й Крыж у Чорным Яру. Летась уладамі ставілася пытаньне, каб яго прыбраць, але пакуль ён застаецца на месцы.

Урочышча Лошыцкі Яр, выгляд са спадарожніка, 2015. Фота Музэю.
Урочышча Лошыцкі Яр, выгляд са спадарожніка, 2015. Фота Музэю.

Дарэчы, у 2009-ым гарадскія ўлады Мінска планавалі цалкам засыпаць Лошыцкі Яр і правесьці празь яго аўтадарогу, але гэтыя намеры выклікалі супраціў з боку грамадскасьці і не былі рэалізаваныя.

Аднак у плянах на бліжэйшую будучыню згаданая тэрыторыя значыцца «как резерв под строительство многоуровневых парковок».  

Так прыбіралі Чорны Яр, калі яшчэ веласіпедзісты не пісалі пра яго на сайтах. 2009. Фота Музэю.
Так прыбіралі Чорны Яр, калі яшчэ веласіпедзісты не пісалі пра яго на сайтах. 2009. Фота Музэю.

І апошняе. Зьбіраючы матэрыялы пра Яр, мы натыкнуліся на артыкул аднаго зь лидеров движения велосипедистов Минска, які апісвае мэмарыял як сьметніцу, якую можна было-б прыбраць сілай пары чалавек за пару гадзін. Насамрэч, пара (ці нават адзін) маладзёнаў са шматлікіх веларухаў здолела-б лёгка, спрытна і нават неаднойчы за год зрабіць тое, то робяць 4-5 сталых людзей за колькі гадзін. Толькі чамусьці ня робяць. Бо пісаць – не мяшкі са сьмецьцем варочаць. Гэта вам не пакатушкі.

Адзін са шматлікіх абразоў, прысьвечаных Дню ўсіх сьвятых.
Адзін са шматлікіх абразоў, прысьвечаных Дню ўсіх сьвятых.

© Muzej Тatalitaryzmu j Salidarnaśсi  

ПАЧЫТАЦЬ

09.11.15 16:53



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Тацяна Грачанікава