Перавалачны пункт - Серабранка

Бяскорміца: дзікія птушкі ляцяць ў Менск



Зараз у Беларусі дзікім птушкам холадна й голадна, таму яны зь лясоў перабіраюцца ў горады. На жаль, ад маразоў вялікая колькасьць птушак гіне. Гарадскім птушкам самім цяпер не хапае ежы, а, такім чынам, і энергіі, каб перажыць маразы. Яны сілкуюцца толькі днём, а зімой дзве траціны ў сутках - ноч. За гэты час птушкі не пасьпяваюць атрымаць неабходную норму корму, неміласэрна мерзнуць. Як яны гінуць, мы не бачым - вераб'іныя (вераб'і, крыжадзюбы, шчыглы, дразды, жаўрукі) хаваюцца ў дуплы і паміраюць там. 

перажылі!


Як толькі спалі марозы, яшчэ не расталі прыцемкі студзеньскага ранка, на Паўвыспу (Серабранка, Менск) завітала вельмі вялікая, па мясцовых мерках, калёнія Рабіньніка (дрозд-піскун). Абсела бярозы пры доме паабапал майго вакна і хвілін 15 сядзела без адзінага гуку, пакуль выведнікі абляталі пэрымэтр. Потым зьнялася й з трэскатам паляцела на поўдзень, у накірунку грэкаўскага парку. 

нават толькі на адным фрагмэнце фатаграфіяў аднае серабранскай бярозы можна было налічыць ад 60 да 70 пар Рабіньніка


Такія вялікія калёніі (блізу сотні пар) назіраліся раней у Берасьцейскай вобласьці, а ў Менску мы болей за дзясятак пар адначасна дасюль не назіралі, часьцей ад адзінкі да паўтузіна асобін. Рабіньнік у такія рабінныя гады, як мінулы, застаецца на зімоўку ў Беларусі і перажывае марозы да –30°С.

у чаканьні выведнікаў


Сёньня ранкам вызірнула ў вакно - тая-ж карціна. Бярозы абапал вакна занятыя птушкамі. Ня можа быць, каб Рабіньнікі вярнуліся! На ўсялякі выпадак шчоўкнула пару, як я думала, дубляў, ня гледзечы на тое, што ўчора ў гэткую-ж ранішнюю пару хоць і былі прыцемкі, але хаця-б сьнег ня йшоў. Сёнешнія фота мусілі атрымацца значна горай. 


Аднак пры  апрацоўцы фота выявіўся яшчэ адзін фэномэн! Аказалася, што Рабіньнікі прывялі гэтым разам з сабой калёнію Амялушак. Праўда, апошніх было напалову меней, як Рабіньнікаў учора. Вось табе і на! Выходзіць, ня толькі шэрыя вароны сябруюць з гракамі й каўкамі smile:)

ілюстрацыйнае фота: Амялушка й Рабіньнік

Зімой, асабліва ў перыяд утварэньня ўстойлівага сьнежнага покрыва і моцных маразоў, птушкам становіцца цяжэй здабываць корм. Абмен рэчываў у іх арганізме працякае так хутка, што без корму яны здольныя вытрымаць ўсяго некалькі гадзін. Падчас маразоў гэты час значна скарачаецца. Птушка, якая не пасьпела за кароткі зімовы дзень назапасіцца неабходнай колькасьцяй пажыўных рэчываў, можа загінуць. У такой сітуацыі чалавечая дапамога птушкам проста неабходная.

Пакармеце птушку!.
12.01.17 13:20



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Тацяна Грачанікава