Першамай для ўсіх

Хачу выказацца наконт абсалютна слушнай прапановы Міколы Статкевіча апазыцыйным сілам удзельнічаць у традыцыйна дазволенай першамайскай акцыі. Першага Траўня - не камуністычнае сьвята і Лукашэнка са сваёй дыктатурай ня мае да яго аніякага тычаньня. Нехта яго можа лічыць за сьвята працы і вясны, але насамрэч гэна сапраўдны міжнародны дзень салідарнасьці працоўных, у акцыях якога прымаюць удзел ня толькі прафзьвязы й працоўныя калектывы, але й палітычныя партыі ўсіх накірункоў ад анархістаў да ультраправых. І я ўласна, як актывістка Свабоднага прафзьвязу, неаднойчы йшла ў апазыцыйнай калёне пад рознымі сьцягамі: бела-чырвона-белымі, АГП, сінімі нашымі, сацыял-дэмакратаў. Сёньня беларускім лібэралам і дэмакратам правых накірункоў варта ўжо вызначыцца, зь кім яны. А калі сумніў бярэ ці памяць падводзіць, то я нагадаю, як было раней і без такіх глыбокіх сацыяльных праблем:

знак
Памятны знак "1 May 2000", мой асабісты, дарэчы.
Паведамленьні Радыё Лібэрці (1.05.2002) Першамай не для ўсіх? (урывак)
     
...Прадстаўнікі Свабоднага прафсаюзу, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і мясцовыя caцыял-дэмакраты прыйшлі на мітынг са сваімі сьцягамі і плякатамі ўласнага зьместу: “Так — працы, не — жабрацтву і бяспраўю”, “Не росту коштаў і галечы”. У адрозьненьне ад леташняга мітынгу, міліцыянты не спынялі калёну дэмакратаў і не чынілі ім перашкодаў. Іхную ўвагу прыцягнуў толькі адзін сьцяг, бел-чырвона-белы, які трымаў сацыял-дэмакрат Юрась Рыжкоў. Да яго падышлі людзі ў цывільным, якія назваліся міліцыянтамі, не пажадалі прадставіцца і запатрабавалі, каб ён згарнуў сьцяг. Калі спадар Рыжкоў адмовіўся, яны пацягнулі яго да машыны, а пасьля накіравалі у міліцэйскае аддзяленьне. Прадстаўнікоў Беларускага Гельсынгскага камітэту ў аддзяленьне не дапусьцілі.

Тым часам мітынг, у якім у пераважна ўдзельнічалі рабочыя і навучэнцы, працягваўся. Каля помніка Леніну выступалі арганізатары мітынгу, але ж ніводзін зь іх не дапусьціў крытычных выказваньняў у бок улады. Прадстаўнікам апазыцыі і Свабоднага прафсаюзу слова не далі. Аднак старшыня Магілeўскай рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Юрась Новікаў лічыць, што яны не дарэмна ўдзельнічалі ў гэтым мітынгу.

“Першага траўня — гэта адзіны дзень, калі магілеўскія ўлады афіцыйна дазваляюць працоўным і прафсаюзам выйсьці на галоўную плошчу гораду. Нягледзячы на тое, што нам не далі магчымасьці выступіць з трыбуны, мы заўсёды прыходзім на гэты мітынг са сваімі сьцягамі і плякатамі. Нашая мэта — яшчэ раз нагадаць прадстаўнікам улады пра тыя шматлікія сацыяльныя праблемы, якія існуюць у нашым грамадзтве”.

Пасьля заканчэньня мітынгу дэмакраты рушылі у бок аддзелу ўнутраных справаў Ленінскага раёну Магілева. Пад іхным націскам Юрася Рыжкова вызвалілі і нават вярнулі яму бел-чырвона-белы сьцяг. Сам ён лічыць, што яго затрымалі незаконна.

“Я лічу сваё затрыманьне незаконным, таму што міліцыянты ў цывільным, якія нават не прадставіліся, затрымалі мяне нібыта за забаронены бел-чырвона-белы сьцяг. Для нас ён зьяўляецца нацыянальным сымбалем. Яны зацягнулі мяне за аблвыканкам у цёмную машыну, гвалтоўна абшукалі мяне, зламалі пачак цыгарэт і касэту для дыктафона, на якую я запісваў гэтую справу”...
малюнок
Тагачасны малюнок з прафзьвязовага бюлетэня даволі вялікага накладу.

27.03.17 21:39



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Тацяна Грачанікава