У Беларусі ўшануюць памяць ахвяраў рэпрэсыяў 26.10.2015 5

Рух Салідарнасьці "Разам" рыхтуецца ўшанаваць памяць ахвяраў палітычных рэпрэсыяў.

амэрыканка
1. Знакаміты двор турмы КГБ.

Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсыяў 29 кастрычніка будзе адзначацца ў дзявяты раз (дарэчы, некаторыя людзі ўжо колькі гадоў прыходзяць ва ўрочышча Курапаты 29-га дня кожнага месяца). Менавіта ў ноч на 29 кастрычніка 1937-га ў менскай унутранай турме НКВД (цяпер - КГБ), больш вядомай, як “амерыканка”, адбылася масавае забойства эліты Беларусі функцыянэрамі НКВД. Там былі растрэленыя больш за сто вядомых беларускіх паэтаў, пісьменьнікаў, журналістаў, навукоўцаў, настаўнікаў, медыкаў. Кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў, дасьледчык сталінскіх рэпрэсыяў,  назваў гэтую крывавую дату “ноччу даўгіх нажоў для Беларусі".

Месцы масавых расстрэлаў і пахаваньняў у Беларусі (1918 — 1940-х).Курапаты
2. Месцы масавых расстрэлаў і пахаваньняў у Беларусі (1918 — 1940-х).

У 2007-ым 29 дзень кастрычніка быў вызначаны Днём ушанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсыяў. Як зазначае старшыня Руху Салідарнасьці "Разам" Вячаслаў Сіўчык, гэтая акцыя адбываецца не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах. Натуральна, у гэты дзень яна проводзіцца і ў Курапатах. Паводле гісторыкаў, колькасьць ахвяраў, пахаваных ва ўрочышчы, можа сягаць 220-300 тысячаў чалавек.

Памінальныя мерапрыемствы ва ўрочышчы Курапаты пачнуцца а 17 гадзіне паводле беларускага часу, сбор з боку сумнавядомага "Бульбаш-хола".

Месцы масавых расстрэлаў і пахаваньняў у Менску (1918 — 1940-х).
4. Месцы масавых расстрэлаў і пахаваньняў у Менску (1918 — 1940-х).

Аднак у гэты дзень прадстаўнікі Руху Салідарнасьці "Разам" па традыцыі аб'яжджаюць і іншыя месцы масавых расстрэлаў мірнага насельніцтва службамі савецкага таталітарнага рэжыму, альбо, як іх называюць больш дакладна, сталінскімі карнікамі.

Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык: - Мы, як заўжды, наведаем Лошыцкі Яр, Вайсковыя могілкі, Ваньковіцкі лес (цяпер - парк Чалюскінцаў), Кальварыю, Цівалі, Благоўшчыну-Трасьцянец. Там запальваюцца лампадкі-зьнічкі, ускладаюцца кветкі, распавядаецца пра гэтыя страшныя мясьціны, дзе вынішчалі беларусаў у ХХ стагодзьдзі. Як і заўжды, будуць гісторыкі й іншыя знакамітыя людзі. Неаднаразова мэмарыяльныя акцыі ў гэты дзень суправаджаў грунтоўнымі расповедамі Ігар Кузняцоў. Гэтым разам пісьменьніца, незалежны гісторык і дасьледчыца, к.г.н. Ніна Стужынская распавядзе пра новыя адкрытыя факты ў справе па чыгуначнай станцыі Менск-Таварная*.

Сёлета зноў распачнем з Кальварыйскіх могілак, куды ў даваенныя часы энкавэдысты прывозілі забітых людзей і закопвалі наўпрост у існуючыя магілы ці паміж імі. Сбор аб 11-ай.

Лошыцкі Яр

Лошыцкі Яр
6-10. Мерапрыемствы па падрыхтоўцы да Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсыяў, якія ў розныя гады праводзілі сябры Руху Салідарнасьці "Разам" у Лошыцкім Яры.

*Паводле гісторыкаў, усяго па Менску вядомыя каля пятнаццаці мясьцінаў, дзе бальшавіцкія каты масава зьнішчалі людзей. Але, на жаль, толькі ў трох зь іх – у Лошыцы, парку Чалюскінцаў і ў Курапатах – ёсьць крыжы, ёсьць знакі ўшанаваньня памяці гэтых людзей.

Музэй Таталітарызму й Салідарнасьці

Нішто не забытае, альбо Курапаты клічуць валанцёраў 09.04.2015

Прыйшла вясна - зьбірайся, Талака!


У Курапатах аднаўляецца штотыднёвая талака па прыборцы мэмарыялу памяці, у плянах валанцёраў таксама стварэньне новай крыжовай алеі й мэмарыалізацыі «дарогі сьмерці», па якой у лясны масыў прывозілі людзей, вырачаных на растрэл. Мы папрасілі больш расказаць пра мерапрыемства каардынатарку талакі, валанцёрку ініцыятывы «За ўратаваньне мемарыяла «Курапаты»» Ганну Шапуцьку:

- Напрыканцы 2012-га сябры ініцыятывы даведаліся, што побач з мемарыялам «Курапаты», закранаючы ахоўныя зоны з заходняга боку, бізнэсоўцы пабудавалі забаўляльна-рэстаранны комплекс пад зьдзеклівай назвай «бульбаш-хол». Негледзячы на тое, што мемарыял «Курапаты» – гэта помнік перашай катэгорыі, міжнароднай значнасьці, дзяржава ніколі ім сурезна не займалася, а тыя грамадскія актывісты, якія бывалі ў Курапатах, у тым ліку і сябры нашай ініцыятывы, вельмі рэдка заходзілі далей за крыжовую алею, якую далгядаюць ужо шмат гадоў сябры партыі КХП. І таму, калі мы звярнулі ўвагу на “бульбаш-хол», то не маглі не заўважыць і жахлівы, закінуты, забруджаны стан вялікай часткі мемарыяла з заходняга боку.

Тут быў сьметнік-звалка са старой мэблі, будаўнічых матэрыялаў, выкінутай адзежы, абутку, тут былі месцы, дзе «адпачывалі» наркаманы, бамжы, мясцовыя алькаголікі. Гэта было проста невыносна, немагчыма было сабе нават ўявіць, што гэта адбываецца ў наш час на тэрыторыі самага вялікага помніка-пахаваньня, дзе ляжаць тысячы й тысячы закатаваных нашых продкаў.


Таму сябры ініцыятывы «За ўратаваньне мемарыяла «Курапаты»» вырашылі неадкладна зарганізаваць талаку з заходняга боку мемарыяла , прыцягнуць грамадства для прывядзеньня мемарыяла ў годны выгляд. Так распачалася Талака-2013, пасля была Талака- 2014... Стварылася каманда талакоўцаў, якія кожны тыдзень прыязжалі на Курапаты і самаахвярна працавалі. Агульная плошча мемарыяла – больш за 15 га, а яшчэ плюс ахоўныя зоны мемарыяла, якія таксама трэба даглядаць.

8 красавіка 2015-га на сядзібе БНФ адбылася сустрэча валанцёраў -талакоўцаў, на якой было прынята рашэньне распачаць сёлетнюю талаку 18 красавіка 2015 а 12-00, (перад Радаўніцай) і закончыць працы да 29 кастрычніка (Дня памяці ахвяр палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.  Дзеля таго, каб як мага больш людзей магло далучыцца да дабраўпарадкавання мемарыяла, вырашанае працавваць два дні на тыдзень: у суботу з 12-ай да 15-ай і ў аўторак з 17-ай да 20-ай.

Трэба заўважыць, што ў гэты-ж дзень будзе праходзіць дзяржаўны рэспубліканскі суботнік, прысьвечаны 70-годзьдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, будуць упарадковавацца помнікі загінулым падчас вайны, а месцы, дзе ляжаць забітыя, закатаваныя ў мірны савецкі перыяд нашы суайчыннікі, у тым ліку й безымянныя ямы-заняпадзіны, ізноў застануцца па-за межамі ўвагі дзяржавы. Заклікаем далучыцца да талакі ў Курапатах усіх неабыякавых да лесу помніка, да лесу сваей краіны Беларусь людзей.

Бярэце з сабой лясную вопратку, пальчаткі й садовы інвентар, якім будзеце працаваць: рыдлёўку ці граблі, сякеру, нажоўку, секатар. Курапаты чакаюць на вас. Запатрабуецца таксама брус для аднаўленьня, рэмонту й усталяваньня новых крыжоў.

Страницы: 1
Читать другие новости

Тацяна Грачанікава