Перамены залежаць толькі ад нас

Ад кожнага візіту ў Беларусь міністра альбо высокапастаўленага чыноўніка Еўрасаюза мы спадзяемся, што ён стане пераломным. Калі міністры вяртаюцца ў свае сталіцы "ні з чым", мы спяшаемся назваць іх здраднікамі альбо прагматыкамі. Мы пасмейваемся з іх Realpolitik. Але мы забываемся, што Еўропа нам абсалютна нічога не павінна. Мы атрымліваем ад яе роўна столькі, колькі ўкладаем.

Апошні візіт у Мінск міністраў замежных спраў Нямеччыны і Польшчы Гвіда Вестэрвэле і Радослава Сікорскага выразна паказаў, што Еўрасаюз не мае намеру адмаўляцца ад дыялогу, які быў распачаты пару год таму. Незалежна ад выніку і якасці правядзення выбараў, Брусель канчаткова адмовіцца ад санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў і распачне збліжэнне з Беларуссю.

З боку некаторых беларускіх палітыкаў чуваць з гэтай нагоды расчараванне, што Еўропа, маўляў, "кінула нас". А чаго, уласна кажучы, спадзяюцца тыя, хто сёння каціць бочкі на Брусель? Што Даля Грыбаўскайце замест паціснуць руку Лукашэнку пакажа на ім некалькі прыёмаў каратэ, а Радослаў Сікорскі ўзгадае свой афганскі досвед?

Гісторыя паказвае, што размаўляць трэба незалежна ад таго, якая гэта ўлада. Ніксан сустракаўся з Цзэдунам, Папа Рымскі Ян Павел ІІ з Фідэлем Кастра, Джордж Буш з каралём Саўдаўскай Аравіі і г.д. Сустракацца трэба і з прадстаўнікамі сённяшня ўлады ў Беларусі. Што дрэннага ў тым, што Грыбаўскайце падпісала з Лукашэнкам дамову аб спрошчаным перасячэнні мяжы для жыхароў памежных зон? Які мінус ў тым, што еўракамісар Штэфан Фюле зможа пачаць перамовы пра змяншэнне кошту шэнгенскіх віз для беларусаў? Ці можна лічыць здрадай тое, што еўрапейцы падчас перамоў на вышэйшым узроўні перадаюць дапамогу для жыхароў чарнобыльскай зоны? Альбо тое, што Бэніта Фэрэра-Вальднэр прывозіць з сабой некалькі мільёнаў еўра для павышэння якасці беларускіх тавараў, якія пойдуць на Захад? Крэдыты? У 80-ыя гады камуністычная Польшча шмат пазычала на Захадзе. Калі прыйшоў час іх аддаваць (а ПНР, вядома, грошай не мела), то Захад ставіў процьму палітычных умоваў. Зрэшты, і цяперашні прэзідэнт Польшчы выйшаў на волю ў рамках тых пагадненняў.

Ці будуць умовы, гэта ўжо залежыць ад нашых шаноўных лідэраў апазіцыі, ці здолеюць яны пераканаць Еўропу. Мяркуючы па колькасці іх візітаў у краіны ЕС – павінны. Ёсць дзесяткі істотных пытанняў, якія вырашаць трэба тут і зараз.

Рабіць рэльныя перамены ў Беларусі ані еўрапейцы, ані амерыканцы, ані нават рускія, не будуць. Дапамагчы – так, але рабіць за нас – не. Перамены залежаць толькі ад нас, як бы нам не хацелася назіраць за імі з манітора кампутара, націскаючы час ад часу Refresh.

Лепш сустракацца і размаўляць, чым сядзець па кутах і маўчаць. Лепш рабіць хоць нешта, чым сядзець склаўшы рукі. Чакаць імгненных вынікаў ад такой палітыкі нельга. "Галавой сцяну не праб'еш, – гаварыў калісьці Юзэф Пілсудскі, – але калі падвялі іншыя метады, то варта спрабаваць і гэта". Дыялог з аўтарытарным рэжымам, гэта адзін з найгоршых выхадаў з сітуацыі, але кожны іншы будзе яшчэ горшым.
09.11.10 15:41



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч