Забойства ў імя жыцця?

Пару дзён таму я падпісаў петыцыю супраць смяротнага пакарання Дзмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву. І прычына не толькі ў тым, што я не веру беларускай судовай сістэме. Я падпісваюся пад кожнай петыцыяй супраць варварства і дзікунства, якая трапляе мне ў вочы. Так было ў выпадку прысудаў у Іране, ЗША й Афрыцы. Я супраць смяротнага пакарання ў прыныце. Я перакананы, што дзяржава не мае права забіваць, каб даказаць, што забіваць нельга, што забіваць – гэта дрэнна.

Маці аднаго з загінулых ад выбуху ў мінскім метро сказала, што "калі б не смяротнае пакаранне, інакш можна было б усё". Тэракт 11 красавіка адбыўся еўрапейскай краіне. Адзінай, дзе ёсць смяротнае пакаранне. Дарэчы, выбухі, забойствы, згвалтаванні і разбоі адбываюцца ў нас не радзей, чым у Аўстрыі, Чэхіі альбо Польшчы, дзе смяротнага пакарання няма. З іншага боку, ані Вена, Прага, ані Варшава з-за адсутнасці смяротнай кары не сталі руінамі і бандыцкімі сталіцамі свету.

Падазраю, што знайсці ў свеце злачынцу, якога б стрымлівала існаванне смяротнага пакарання было б вельмі складана. Калі б маё дапушчэнне было памылковым, у Беларусі б ужо даўно не было злачынстваў і перапоўненых ад вязняў турмаў.

Вельмі часта я чую ад прыхільнікаў смяротнага пакарання: "Вось калі б гэта твайго блізкага згвалцілі ці забілі, то ты, магчыма, загаварыў бы інакш". Моцны аргумент. Але ён працуе ў абодва бакі. А што было б, каб менавіта вашага сына, дачку, брата, унука ці сястру "прызначылі" адказным за нейкі жахлівы чын? Напрыклад за тэракт у мінскім метро? Як бы тады Вы паставіліся да смяротнага пакарання? Усе мы ведаем, што такое беларускі суд. У Беларусі нават нямыя скандуюць антыдзяржаўныя лозунгі, людзі без рук пляскаюць у далоні, апазіцыя сама сябе збівае на вуліцах. А цяпер высвятляецца, што слесар і электрык змайстравалі ў неасветленым падвале бомбу, аналагаў якой няма ў свеце. І здзейснілі тэракт каля рэзідэнцыі аднаго з найлепш ахоўваемых кіраўнікоў краін у свеце.

11 красавіка стала для мяне шокам. Мне хацелася быць разам з сем'ямі ахвяр. Я моцна перажываў за параненых. Сёння я перажываю за сем'і тых, чые родныя могуць быць несправядліва асуджаныя. 11 красавіка паўтарылася сёння ізноў. Могуць загінуць невінаватыя людзі, чые смерці хтосці цынічна выкарыстае ў сваіх брудных мэтах. На нашых вачах адбываецца чарговы тэракт.

"Калі я забіваю чалавека X, каб папярэдзіць чалавека Y, дык ці не выкарыстоўваю я X, як сродак, каб напалохаць Y і каб абараніць іншых грамадзян ад яго магчымых злачынстваў? Бо калі я маю права выкарыстаць X, як папярэджанне для Y, то чаму ў такім выпадку я не мог бы выкарыстаць Самуіла для таго, каб зрабіць з яго мыла для Адольфа?" – гэтае пытанне задаў калісьці Ўмбэрта Эка ў адным са сваіх твораў і пакінуў яго без адказу. Адказ на пытанне Эка дала сёння судовая сістэма Беларусі.

30.11.11 15:33



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч