Cцэнар нацыянальнага блокбастэра з хэпі-эндам

Памятаеце сцэны з галівудскіх фільмаў, калі перад грамадой выступае станоўчы герой і пераконвае рэшту да сваёй рацыі? Палітык, адвакат, актывіст альбо несправядліва абвінавачаны ў злачынстве прамаўляе на фоне ўзнёслай музыкі. Твары слухачоў паступова змяняюцца, замест скепсісу ў вачах запальваецца агмень эйфарыі. Яны пачынаюць пахіляць галовы ў знак згоды, а праз імгенне стоячы ўзнагароджваюць прамоўцу авацыямі.


Гэтая карціна ўсплыла ў маіх вачах, калі я апошнія некалькі дзён гартаў выдадзеную два гады таму Зянонам Пазьняком кнігу “Сэсія Незалежнасці”. Акрамя невялікага ўступу і пасляслоўя самога палітыка, кніга складаецца са стэнаграмаў нечарговай пятай сэсіі Вярхоўнага савета БССР 12-га склікання. Той самай сэсіі, скліканай па ініцыятыве Беларускага Народнага Фронту, на якой Дэкларацыя аб суверэнітэце набыла канстытуцыйную моц.

Сцэна, якая прыгадала мне галівудскі фільм, адбылася напрыканцы паседжання, за пару хвілінаў да галасавання. Яна выдатна адлюстроўвае атмасферу, якая панавала ў той вечар у Вярхоўным савеце. Была вялікая верагоднасць, што да канстытуцыйнай большасці можа нехапіць галасоў. Тады на трыбуну ўваходзіць Зянон Пазьняк і пачынае казаць імправізаваную прамову, якая і вызначыла лёс галасавання. Прамову, якая абавязкова некалі павінна ўвайсці ў падручнікі па найноўшай гісторыі. У гэты дзень яе нельга не працытаваць цалкам:

“Шаноўныя калегі! Зараз мы ўступілі ў прынцыпова новую сітуацыю. Усе рэспублікі вакол нас аб’явілі аб сваёй нацыянальнай незалежнасці. У тым ліку ўчора гэта зрабіла Ўкраіна. Практычна пытанне аб Саюзным дагаворы здымаецца на нейкі тэрмін. Саюз існуе толькі намінальна. І калі ў гэтай сітуацыі мы не прымем адпаведнага закона аб дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, мы трапім у вельмі кепскае становішча. Таму што тыя рэспублікі, якія вакол нас, яны будуць развівацца і развівацца, як нацыянальныя дзяржавы на прынцыпова новай аснове. Яны ідуць да рынку, у іх будзе больш стабільная эканоміка, і мы трапім у непасрэдную залежнасць ад гэтых рэспублік. Тым больш, я ў сваім дакладзе гаварыў (а я дастаткова добра знаёмы з расійскай дэмакратыяй на працягу многіх гадоў) і з усёй адказнасцю магу сказаць, што на Ўсходзе ў нас фармуецца маладая агрэсіўная імперыя з форме дэмакратыі. Тыя дэмакраты, якіх мы добра ведаем, не прызнаюць фактычна нас як нацыю, яны не глядзяць на нас, як на асобную дзяржаву і на асобную тэрыторыю, а глядзяць на нас, як на вотчыну, на якую маюць пэўнае права.

На вялікі жаль, гэта так. І менавіта зыходзячы з гэтых меркаванняў я неаднойчы выказваўся і пісаў аб тым, што я сумняваюся ў дэмакратычным характары будучай Расіі. Таму што асноўны прынцып дэмакратыі – гэта пызнанне права нацыі на самавызначэнне. Калі ў грамадстве існуе імперская ментальнасць, дасягнуць дэмакратыі поўнасцю вельмі цяжка. І тыя высновы, якія мы можам зрабіць зараз, сутыкаючыся з палітыкай Усходу, прыводзяць нас да думкі, што зараз нам, каб выратаваць наш народ, нашу эканоміку, абавязкова патрэбен дзяржаўны суверэнітэт. Тыя хуткія тэмпы, якімі зараз пойдуць развівацца дзяржавы, якія заснаваны на нацыянальнай незлежнасці, яны прывядуць да таго, што іхная эканоміка высмакча з нашай рэспублікі рабочую сілу, высмакча тавары. І калі ў нас не будзе сваёй валютнай сістэмы (а мы яе можам мець толькі тады, калі будзем мець нацыянальную незалежнасць), мы трапім у вельмі цяжкае эканамічнае  і залежнае становішча. Ужо Расія некалькі тыдняў назад паведаміла, Ельцын заявіў аб тым, што збіраецца павысіць цану на нафту. Гэта быў у пэўнай ступені шантаж нашай рэспублікі. І ён быў не першы раз.

Калі мы не будзем мець нацыянальнай незалежнасці, не зможам свае рэсурсы, свае ўсе сродкі, свае вынікі працы ўкладваць на дабро нашага народа і нашай дзяржавы, мы не зможам супрацьстаяць гэтай палітыцы. А яна будзе і будзе абавязкова.

Мы ўступаем у новы стан дзяржаўных узаемаадносін. Таму, шаноўныя калегі, я вельмі вас прашу, паколькі палітычнае абстаноўка змянілася рэзка і хутка і некаторыя з нас не паспелі яе адразу ацаніць, я заклікаю ўсіх дэпутатаў зараз ацаніць гэтую абстаноўку самым належным чынам. Таму што ўсякае замаруджванне пойдзе нам на шкоду.

Не трэба баяцца, што тут, як казалі некаторыя дэпутаты, узнікне Албанія, Куба, Карэя. Нічога падобнага. Працэсы, якія пайшлі ў нас, нават ход нашай сэсіі пацьвярджаюць: яны неабарачальныя, яны ідуць на карысць нашаму грамадству. А суверэнітэт дасць нам магчымасць стаць свабоднымі і незалежнымі, дасць нам магчымасць развіваць тыя асновы, якія мы закладваем, ідучы да рэформ. Я прашу вас паставіць гэтае пытанне і вырашыць яго сёння. Бо заўтра можа быць позна. Нас тут не вельмі многа, і патрэбна канстутыцыйная большасць. Таму я рашыў выступіць перад вамі, і, можа, для некаторых гэта было нечаканым. Але я дастаткова добра ведаю, якія ўзаемаадносіны ў тых маладых структурах, якія зараз нараджаюцца. І калі мы спаткаемся з імі потым, не падрыхтаваўшыся, мы проста апынімся ў невырашальным стане. Дзякуй за ўвагу”.


Гэта бліскучая прамова зрабіла вялікае ўражанне на праціўнікаў ідэі незалежнасці. Адзін за другім пачалі выступаць камуністычныя начальнікі, якія прызнаюць Пазьняку рацыю і просяць сваіх калегаў-дэпутатаў падтрымаць прапанову БНФ. У той сама залі, дзе яшчэ гадзіны таму незалежнасць была крамольным словам, гучаць апладысменты. Да закліку Пазьняка схіляецца і спікер Станіслаў Шушкевіч, які выносіць пытанне аб незалежнасці на галасаванне. А 20.12 Беларусь становіцца незалежнай дзяржавай.

Стэнаграма “Сэсіі Незалежнасці”, побач з самой Дэкларацыя аб незалежнасці, гэта адзін з найважнейшых дакументаў найноўшай гісторыі Беларусі. Яна выдатна перадае характар тых двух дзён, калі вырашалася будучыня Беларусі. У ёй, як на далоні, відаць героі і антыгероі беларускай незалежнасці. Гэта гатовы сцэнар для нацыянальнага блокбастэра пра нашу дзяржаўнасць у XX ст. І яго галоўная каштоўнасць у тым, што хэпі-энда ў гэтай гісторыі дамагліся самі беларусы.


.
25.08.13 8:48



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч