У Беластоку можа з'явіцца вуліца імя Лукашэнкі

Пару гадоў таму, калі Еўразвяз усур'ёз разважаў пра увядзенне санкцый супраць Беларусі, да мяне напісала даўняя сяброўка. Яна з жахам пытала, ці паспее да санкцый перавезці з Польшчы батарэі. Сітуацыя паўтараецца.


Народ прыняў блізка да сэрца словы пра магчымае ўвядзенне выяздной пошліны ў 100 даляраў. На польска-беларускай мяжы на выходныя былі мегачэргі на чырвоных каналах. Звычайныя 30 хвілінаў чакання разрасліся да шасці гадзін. Заява Лукашэнкі за пару гадзін выклікала Армагедон.

Людзі везлі тое самае «барахло», што і заўсёды, але ў павялічаным да неверагоднасці аб'ёме. Мужчына на старэнькім «пасаце» перавозіў 3 тэлевізары, маладзён на «маздзе» 2 DVD і плітку для падлогі. Жанчынкі бегалі да мытнікаў важыць на вагах па 6 прасаў і 3 басейны, халадзільнікі, мікрахвалёўкі. Мытнікі працавалі спраўна, але яны фізічна не спраўляліся з хваляй жадаючых затарыцца ў Беластоку.

Людзі перашэптваліся наконт даты ўвядзення пошліны, распытвалі адзін аднаго аб падрабязнасцях. Хваляваліся, ці паспеюць перавезці будматэрыялы да канца рамонту ў кватэры, ці здолеюць своечасова набыць танную пральную машынку, пералічвалі, што трэба паспець прывезці (плазму, ванну, унітазы і нават бульбяную капалку для трактара) і пры слове «Лукашэнка» закатвалі вочы ўверх.

Усякія там Кэрфуры, Кастарамы, Лідлы і Ашоны павінна ўсур'ёз задумацца наконт таго, каб заключыць пастаянны кантракт з Лукашэнкам. Пра лепшую магчымасць выклікаць ажыятаж і пазбавіцца «барахла» еўрапейскія гандлёвыя сеткі могуць толькі памарыць. Яшчэ пару такіх заяў і Беласток з Вільняй прызнаюць Лукашэнку званне ганаровага жыхара горада ці назавуць яго імем адну з вуліц. Найлепш, канешне, гандлёвы цэнтар. Бадай ніхто, як ён, не спрычыніўся да павелічэння спажывання ва ўсходніх рэгіёнах Польшчы і Літвы.

Але наш народ дасць рады. Яму зрабілі амаль немагчымым увоз іншамарак, ён пачаў іх увозіць па кавалках. Забралі свіней з-за, нібыта, чумы, людзі пачалі разводзіць курэй. Цяпер хочуць увесці пошліну. Нічога страшнага. Хай улады прыдумаюць нешта больш арыгінальнае. Наш народ ніхто не пераможа.

.
10.09.13 16:48



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч