Акупаваць - лёгка. Але што далей?

Ваўкавыскі інжынер Мікалай Быхаўцаў напісаў кнігу пра паўстанне 1863-1864 гадоў у Ваўкавыскім павеце. Аўтар не прафесійны гісторык, гісторыя гэта яго хобі. Але язык не паварочваецца назваць гэтую кнігу аматарскай. На больш як 300 старонках выкладзены аналіз сотняў архіўных дакументаў. Кніга напісаная для чалавека, простай мовай. І для мяне, як аматара гістарычнай літаратуры, гэта першае сведчанне бездакорнасці працы аўтара. Быхаўцаў займальна распавядае, глядзіць на паўстанне з розных бакоў і не збіваецца ў банальную прапаганду. І не важна, што кніга апісвае падзеі паўстання толькі ў адным павеце. Гэта, акурат, чарговы прыклад таго, што цікавым культурніцкім з’явам у сённяшняй беларускай правінцыі маглі б пазайздросціць і мэтры з вялікіх гарадоў.

Мне вельмі спадабалася, як Быхаўцаў распраўляецца з міфамі. Насуперак закасцянелай думцы пра сонных і цёмных насельнікаў беларускіх земляў у Расейскай імперыі, аўтар любіць здзівіць чытача.




(Кніга выйшла ў выдавецкай серыі "Гарадзенская бібліятэка")

На першых старонках кнігі аўтар апісвае пратэсты сялян у сувязі з невыкананнем царскімі ўладамі сваіх жа законаў пра канец згоннай павіннасці. Сяляне афіцыйна былі вольнымі і хацелі такімі быць у практыцы. Быхаўцаў апісвае выпадак, калі прыстаў загадаў з’явіцца ў земскі суд дзесяці самым "агалцелым" сялянам з маёнтка Бялавічы. Замест дзесяці туды прыбыла цэлая сотня. Яны аказалі супраціўленне паліцыі, лаяліся, шумелі і заявілі, што ніякую павіннасць яны больш адбываць не збіраюцца. Выпадак гэты не адзіны. І гэта толькі уступ да паўстання.

Яго пачатак у 1863 годзе азначаў увядзенне ваеннага становішча. Насельніцтва павета (а так было паўсюль, дзе грымела паўстанне) зазнала неверагодныя абмежаванні амаль ва ўсім. Але кашмарам гэта адгукнулася і для расейскай улады, якая дэ-факта адмяніла гэтае ваеннае становішча толькі праз 30 гадоў пасля заканчэння паўстання. Тады сасланым паўстанцам дазволілі вярнуцца дадому.

Калі грымнуў “мяцеж”, рускія пачалі прымалі надзвычайныя меры бяспекі. Раззбройваліся абсалютна ўсе мясцовыя жыхары. Зброю маглі мець толькі рускія і тыя, каго начальства лічыла надзейнымі.

Паўстанне з самага пачатку было накавана на паразу. Большасць камандзіраў не мелі ў гэтым сымневу. Але ў сітуацыі, у якой яны апынуліся, кожны выбар быў кепскі. Царскія ўлады рыхтаваліся да грандыёзнага вайсковавга прызыву на землях Беларусі, Польшчы і Літвы. І як дасціпна прыкмеціў летась у інтэрв’ю адзін польскі актор, адказваючы на правакацыйнае пытанне пра бессэнсоўнасць паўстання: “Паўстанцы ацанілі страты і прыйшлі да высновы: Х...й з ім, пайду ў лес, мне ўжо нічога не свеціць у гэтым жыцці”.

Быхаўцаў дае нямала фактаў таго, як некалькі тысяч паўстанцаў на цэлы год пазбавілі спакою ўладу павета і паралізавалі жыццё дзяржаўнай адміністрацыі. Для таго, каб без праблем даставіць казну з Ваўкавыска ў Гародню, яе суправаджалі 150 салдат. Расейцы настолькі баяліся паставак паўстанцам зброі з Францыі, што ўсё лета 1862 года два рускія кліперы кантралявалі Лібаўскае ўзбярэжжа. Баюячыся гневу сялян, улады нават забаранілі прадаваць і дарыць у павеце косы.

Марнай спробай выкарыстаць у змаганні супраць паўстанцаў сялян было стварэнне каравулаў каля вёсак і мястэчак. Па-за некалькімі выключэннямі, паўстанцы гойсалі праз іх, як па ўласным падворку. А сродкі, якія вылучаліся на ўтрыманне каравулаў, або прагульваліся альбо выкарыстоўваліся сялянамі ў гаспадарскіх мэтах. Больш за тое, калі побач не было рускіх салдат, то сяляне памагалі паўстанцам. За ўвесь час паўстання ў Ваўкавыскім павеце былі напісаныя толькі 2 рапарты пра затрыманне каравулам “мяцежнікаў”.

Пераўзыходзячы паўстанцаў па сіле ў дзясятякі разоў, царская армія не давала сабе рады. Каб хоць неяк ускладніць жыццё паўстанцам у лясах, Мураўёў загадаў сялянам рабіць прасекі, каб “шайкам” (так іх называлі ўлады) цяжэй было схавацца. Працу лесарубаў вымушаныя былі аплочваць сяляне, а драўніну ваенныя прадавалі купцам або вывозілі для ацяплення. Каланіяльны характар сваёй палітыкі расейцы пацьвярджалі на кожным кроку: яны загадалі мясцовым рабіць самую цяжкую працу – выкарчоўваць пні, якія заміналі праезду артылерыйскіх гармат. Смецце трэба было вывезці з лесу цягам тыдня. За невыкананне загаду – штраф.

Быхаўцаў пералічвае нямала спосабаў расейцаў “насаліць” і паўстанцам, і мясцовым, якіх лічылі “ненадзейным элементам”. Некаторыя формы гэтых перашкодаў наводзяць на думку, што ў тых, хто гэта прыдумаў, “не ўсе дома”. У дамах паўстанцаў было загадана разабраць дахі, печы, вокны, дзверы. За дапамогу паўстанцам Мураўёў загадваў паліць цэлыя вёскі, а насельніцтва перасялялі з сем’ямі ў Сібір.

За нашэнне жанчынамі чорнага жалобнага ўбору пагражаў штраф. За трэцім разам іх трактавалі, як удзельніц паўстання і высылалі на поўнач. Чорны строй дазвалялася насіць толькі з даведкай пра смерць блізкага чалавека. Былі забароненыя медальёны з гербам Рэчы Паспалітай, партрэтамі Касцёшкі, Мікцевіча і зламаным крыжам – сімвалам ганенняў каталікоў у Расейскай імперыі. Дарэчы, за гэта Міхаіла Мураўёва пры расейскім двары празвалі “змагаром з жаночымі брошкамі”.

Загрымець у астрог можна было за спяванне паўстанцкіх песен альбо крытыку улады ў лістах. Гэта называлася “разжіганіем ненавісті”.

У Ваўкавыску ўлады ўвялі каменданцкую гадзіну. Пасля 21.00 нельга было выходзіць на вуліцу. Калі ўзнікала пільная патрэба, то рабіць гэта можна было выключна з запаленым ліхтаром у руках. Вобыскі ў дамах абывацеляў сталі штодзённай справай. Калі знаходзілі біжутэрыю альбо вопратку чорнага колеру, то лічылі гэта элементам пратэстнай жалобы. А за выяўленне нацыянальнага галаўнога ўбору чамаркі без дыскусій высылалі ў Сібір. Штрафы давалі нават за партрэт Рымскага папы ў доме.

На вуліцах салдаты абшуківалі жанчын у краналінах - шырокіх сукенках на тонкіх абручах. Лічылася, што пад суканкай жанчыны могуць хаваць зброю альбо боепрыпасы. Дарэчы, у гэтым расейцы на памыляліся. Адна кабета ўмудрылася пад носам у рускіх салдат правезці на павозцы бочку пораху, прадукты харчавання і абутак.

Сялян прымушалі пісаць клятвенныя паперы на вернасць цару і нават збіраць грошы пацярпелым ад паўстання салдатам і іх сем’ям. Магчыма ўлады спадзяваліся, што паўстанцы будуць караць сялян за здраду. Але Каліноўскі наўмысна выдаў загад, каб сяляне падпісваліся пад такімі лістамі, каб пазбегчы ссылкі і шыбеніцы. 

Не дзіва, што за такое шчыраванне расейскай арміі і Мураўёва асабіста, мясцовыя жыхары аддзячвалі нянавісцю. Аўтар прыводзіць цытату з ліста рускага афіцэра Палявога, які па дарозе ў Вільню падарожнічаў па заходніх беларускіх губернях: “Адразу за Смаленскам, як толькі я заехаў у Магілёўскую губерню, я трапіў у новы свет. З’явіліся палякі, беларусы, габрэі з іх чужымі для мяне мовамі, звычаямі і варожым для ўсяго рускага настроем. Я рускі гвардзейскі афіцэр, формай выяўляў сваю нацыянальнасць і адразу адчуў злосны настрой, варожасць усіх гэтых людзей. Яны абцяжарвалі мяне ва ўсім: у куплі хлеба, баранак, у падліку грошай, а часта і зусім удмаўлялі ва ўсім, кажучы: “не разумеем”. 

Аўтар таксама апісвае, як ваеннае становішча працягвалася пасля паўстання яшчэ доўгія гады. Пемешчыкам было забаронена ездзіць адзін да аднаго ў госці без папярэдняга дазволу. Нават для запрашэння на вяселле трэба было браць дазвол у самога губернатара. Каланіяльная палітыка толькі ўзмацянался. Існавалі абмежванні для каталікоў на набыццё зямлі і маёнткаў. А праваслаўным з унутраных расейскіх губерняў наадварот прадстаўляліся ільготы. Колькасць рускіх землеўладальнікаў за шэсць гадоў пасля паўстання вырасла на 770%. Мясцовых жа чыноўнікаў пераводзілі на працу ў Расею.

Піша Быхаўцаў і пра адваротны бок паўстання. Для пакарання здраднікаў, шпіёнаў, даносчыкаў ствараліся спецыяльныя атрады. Неапраўданаму насіллю аўтар прысвяціў цэлы раздзел. Багата месца ў кнізе прысвечана і кіраўніку паўстання ў Літве і Беларусі Кастусю Каліноўскаму, ураджэнцу Ваўкавыскага павета.

Кнігу Быхаўцава павінны прачытаць не толькі аматары гісторыі нашых зямель, але і тыя, каму пастаяцца карціць пашыраць свой лебэнсраўм.

Ад падзелаў Рэчы Паспалітай да краху Расейскай імперыі кожнае новае пакаленне ў Літве, Польшчы і Беларусі пастаянна паказвала расейцам, што нават калі і ўдаецца захапіць землі суседа гвалтам, то ўтрымаць спакой на гэтых тэрыторыях, нават цаной тэрору, як гэта рабілі расейцы, гэта зусім іншая справа. Нават падавіўшы паўстанне, расейцы не дамагліся лаяльнасці тутэйшых жыхароў. Расейскаму чыноўніку маглі ўсміхацца ў твар, вітацца з ім, нават пагаджацца на паказ, а глыбока ў душы не згасала крыўда і нянавісць, якая толькі ўзмацнялася чарговымі рэпрэсіямі і забаронамі. І дзе ў той Расеі можа быць час на вырашэнне сваіх праблем, калі замест таго, каб займацца сабой, яна толькі і робіць, што спрабуе падавіць няскораных суседзяў.
 

.
26.08.14 14:56



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч