Парада Лукашэнкі, якую варта паслухаць

За два дзясяткі гадоў Лукашэнка абвёў вакол пальца значную частку грамадства.  Многія беларусы пачалі вераць у кожнае ягонае слова, у кожны сказ, нават калі канец пярэчыць пачатку. Цяпер ён узяўся за тых, хто яшчэ думае сам,  а не з дапамогай прапаганды. За тых, хто здольны адрозніць акупацыю Крыма ад “воссоедіненія русскіх земель”, імперскую экспансію ад “цівілізаціі русского міра”. 
У Адама Міцкевіча ёсць паэма пра ліцьвінскага хлапчука Альфу, якога выкраў і выхаваў крыжацкі магістр. Хлопец скараецца і становіцца рыцарам Конрадам Валенродам, верным свайму ордэну і магістру. Але ўнутры ў яго б’ецца сапраўднае ліцьвінскае сэрца і яно прагне помсты. Валенрод – гэта сінонім ваўка ў авечай скуры. Ён грае ролю лаяльнага рыцара, а насамрэч ідзе на падман, на ўсемагчымыя маральныя паскудствы, нават здраджвае “радзіме”, а ўсё дзеля дзеля таго, каб нанесці ворагу смяротны ўдар. 

Прымераць на сабе маску Конрада Валенрода спрабуе апошнім часам Аляксандр Лукашэнка. І чым менш часу застаецца да прэзідэнцкіх выбараў, тым больш бачна, што гэта становіцца яго фішкай падчас выбарчай кампаніі, якую ён даўно распачаў і эфектна праводзіць.

У Лукашэнкі ёсць палітычная інтуіцыя. Адчуўшы ў грамадстве попыт на антыімперскасць і страх перад Расеяй, ён спраўна падсілкоўвае чаканні вялікай часткі  беларусаў. Але адзінае, што яго цікавіць насамрэч – гэта ён сам.

Гэты вірус дайшоў і да людзей, ад якіх я найменш чакаў словаў “ну, малайчына, Бацька, во дае”. Маўляў, столькі гадоў спраўна даіў “усходняга брата”, абяцаў увайсці ў саюз, кляўся, што крыжам ляжа пад натаўскія танкі, калі тыя пойдуць на Крэмль, а тут раптам такое.  Удар нажом у спіну. І “бандэраўцаў” падтрымаў, і “Наваросію” не прызнаў, троліць Пуціна тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі, абяцае другую Фінляндыю. І за родную мову яму сэрца баліць, Быкава і Караткевіча ўзгадвае. Але адзінае, што яго цікавіць насамрэч – гэта ён сам.

Дайшло да маразму, калі людзі, якія не раз уласным целам адчулі моц міліцэйскай дубінкі за адстойванне права выбару, кажуць сёння: “Уяві сабе, што будзе, калі Саннікаў, Статкевіч альбо Мілінкевіч прыйдуць да ўлады і пачнуць уводзіць беларускую мову. Пуцін жа адразу на нас нападзе. Во дзе будзе”.

А гэтае “будзе” ўжо даўно пачалося і  паспяхова ідзе наперад. Для гэтага не трэба было высылаць у Беларусь дыверсантаў, перадаваць ім зброю і актывізоўваць “пятую калону”. Руская школа, руская прапаганда, руская культура паціху робяць тое, што ў іншай сітуацыі робяць танкі і Букі. Дадайце да гэтага кактэйлю эканамічную залежнасць, Дамову аб калектыўнай бяспецы,расейскія ваенныя аб’екты, Мытныя і Еўразійскія звязы і адсутнасць мяжы на ўсходзе. Усё гэта спадчына апошніх 20 гадоў. Дык з якога перапуду чалавек, які паслядоўна увесь гэты час праводзіць такую палітыку, раптам мае ператварыцца ў ратаўніка ад наступстваў сваёй жа палітыкі?

Ужо каторы месяц мяне не пакідае пачуццё дэжа вю. 10 гадоў таму я чуў прагнозы, што Лукашэнка прыйдзе да татальнай беларусізацыі. У краіне няма аніводнага ВНУ на беларускай мове, беларускамоўныя школы ў вёсках дажываюць свой век, а ў гарадах імі і не пахла. У 2010 годзе я чуў, што выбарчая праграма Лукашэнкі – найлепшая. Дзе сёння тыя аналітыкі і эксперты, дзе іх ацэнка зробленага за пяцігодку? Чаго там толькі не было! І еўрапейскі ўзровень жыцця, і развіццё прыватнай уласнасці, заробкі, якія дазволяць за 5 гадоў набыць жыллё, і ўмацаванне нацыянальнай валюты, зніжэнне падаткаў, прыбытковая сельская гаспадарка і г.д. 

Але адзін сказ з праграмы Лукашэнкі 2010 года хочацца вышыць залатымі ніткамі: “В преддверии выборов прошу вас только об одном: не судите по словам - судите по делам!”  Лепшы заклік зняць ружовыя акуляры цяжка ўявіць. Нават Конрад Валенрод нэрвова курыць на ўзбочыне. 

.
24.10.14 13:01



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч