Шчодрасць на "Дзяды"

Палякі – незвычайна арганізаваны народ. Нездарма арганізацыя, якая прывяла да падзення камунізму ў Польшчы, называлася “Салідарнасць”. Гэта слова – сінонім палякаў. І чарговае сведчанне гэтаму ўся краіна кожны год назірае на Дзяды. 

З 1970-ых, штогод, на буйнейшых варшаўскіх могілках “Павонзкі” адбываецца акцыя “Выратуем помнікі старых Павонзак”. 1 і 2 лістапада прадстаўнікі свету культуры, навукі, палітыкі цёпла апранаюцца, бяруць у рукі скарбонкі і выходзяць на могілкі. Мэта – сабраць грошы на аднаўленне помнікаў, надмагільных пліт, капліц на могільніку XVIII ст.  Дарэчы, менавіта тут пахаваныя Станіслаў Манюшка, Адам Плуг, Ян Булгак, Міхал Федароўскі, Мэльхіёр Ваньковіч - людзі, жыццё якіх было звязана з беларускай зямлёй.


Сёлета на “Павонзкі” выйшла каля 250 добраахвотнікаў. Сярод іх “смятанка” польскай інтэлігенцыі – акторы, музыкі, пісьменнікі, людзі з першых старонак газет і тэлеэкранаў. Гэта людзі самых розных палітычных поглядаў. Левыя, правыя, цэнтрысты. Людзі, якія падчас гарачых спрэчак на тэлеакранах могуць бэсціць адзін аднога апошнімі словамі. На "Дзяды" гэтыя падзелы знікаюць. Разам з імі грошы на рэстаўрацыю старых помнікаў гісторыі і культуры збірала і мэр польскай сталіцы Анна Гранкевіч-Вальц. А патронам акцыі быў сам прэзідэнт Браніслаў Камароўскі, які, дарэчы, з’явіўся на “Павонзках”, ахвяраваў грошы на добрую справу і падзякаваў яе арганізатарам.  

Дзякуючы шчодрасці палякаў сёлета было сабрана чвэрць мільёна злотых, а гэта амаль 90 тысяч даляраў. За два дні!!!

Летась сума была меншай усяго на 2,5 тысячы даляраў. І на сабраныя грошы была адрамантаваная галоўная брама могілак, брама святой Ганараты. Пачалося аднаўленне Алеі Заслужаных, на якой знаходзіцца 109 магіл. У гэтым годзе былі адрэстаўраваныя 60 з іх. 


На наступны год планы арганізатараў акцыі куды больш грандыёзныя.

Аўтарам гэтай незвычайнай ініцыятывы з’яўляецца музычны крытык Ежы Вальдорф, які памёр 15 гадоў таму. Каб выратаваць унікальныя помнікі гісторыі ад знішчэння, ён прапанаваў штогод на Дзень усіх святых праводзіць на могілках збор грошай. А шчодрыя палякі не падводзяць. 


Чым не ідэя для пераймання для нас, беларусаў. Сродкі на добраўпарадкаванне вельмі патрэбныя і Курапатам, і іншым месцам, дзе пахаваныя ахвяры нечалавечых сістэм - камунізма і нацызма - што ставілі свае эксперыменты на беларускай зямлі. Інтэлігенцыі ў нас хапае. Хочацца верыць, што і шчодрыя людзі не перавяліся.    


.
03.11.14 0:37



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч