"Белорусская экономическая модель, доказавшая свою эффективность"

Ёсць папулярная думка, што Лукашэнка, хай сабе і дыктатар, але спрытна доіць Расею, каб утрымліваць беларускую эканоміку. Гэтаму і назву прыдумалі - “беларуская эканамічная мадэль, якая даказала сваю эфектыўнасць”. Апаненты ўлады нават не мелі асабліва што сказаць супраць: пенсіі, хоць і малыя, выплочваюцца; заробкі, хай невысокія, але стабільныя; цэны раслі, але людзі прызвычайваліся.

Складвалася ўражанне, што гэтая ўяўная стабільнасць была, у пэўным сэнсе, кампенсацыяй за адсутнасць дэмакратыі.

Але па-сутнасці аказалася, што як няма ані дэмакратыі, так няма і кампенсацыі.

20 гадоў улада апраўдвае залежнаць ад Расеі ўдвая меншымі коштамі на газ, чым у суседзяў. Польшча, дзе я жыву, плоціць за расейскі газ амаль утрая даражэй, чым Беларусь. Але менавіта ў Польшчы ацяпляльны сезон пачаўся на месяц раней, чым Беларусі. У гэтым годзе - у верасні.

Польшча плоціць за расейскую нафту значна больш, чым Беларусь. Але гэта ў Польшчы цэны на запраўках падаюць ледзь не штодзённа. І за апошні месяц яны імкліва набліжаюцца да беларускіх.

Для нашай эканомікі ў Расеі абяцалі Клайндайк. Што мы заробім грошы, што мы станем багацейшымі. Але рэаліі такія, што зарабляць грошы беларусы ездзяць у Расею, а па танныя прадукты, вопратку і тэхніку - у Польшчу, Літву і нават ва Ўкраіну.

Тая эканамічная палітыка, якую нам спрабавалі апраўдаць як кампенсацыю, увесь час была ілюзіяй. Нам тлумачылі, што без Расеі мы не выжывем. Але разам з ёй мы тонем яшчэ хутчэй.

21.12.14 13:34

Дзмітры Гурневіч