Беларус, які прыдумаў рускую інфармацыйную вайну

Яшчэ да пачатку рускай вайны супраць Украіны мне ў рукі трапіў інфармацыйны зборнік “Безопасность” расейскага Фонда нацыянальнай і міжнароднай бяспекі. Шукаць гэта бюлетэнь у сеціве дарэмна. “Безопасность” - гэта закрытае выданне. Яго заснавальнікам і галоўным рэдактарам быў генерал-маёр Леанід Шаршнёў, які памёр у Маскве ў студзені 2014 года.  

Шаршнёў нарадзіўся ў Гомельскай вобласці, служыў у Савецкай арміі на Беларусі, скончыў Менскі інстытут замежных моваў. Але беларусам ён наўрад ці сябе лічыў. Гэта быў рэакцыйны рускі імперыяліст вышэйшашага гатунку. Да самай смерці ён кіраваў фондам “Русские”, праца якога была накіравана на “защиту ценности Русской цивилизации, воссоединение расколотого русского народа”. Але не гэты пафас быў справай жыцця Шаршнёва. Ён быў спецыялістам па інфамацыйна-псіхалагічнай вайне. У Расеі яго называюць адным з аўтарам канцэпцыі гібрыднай вайны.

За два гады да вяртання аяталы Хамейні ў Іран, Шаршнёў прадказаў звяржэнне шаха і паведаміў пра гэта ў ЦК КПСС. Спачатку яго палічылі фрыкам, але калі прагноз спраўдзіўся, палкоўніка Шаршнёва запрасілі на сустрэчу. Яго прызначылі адказным за арганізацыю спецыяльнай прапаганды ў Афганістане. Дэзынфармацыя праз плёткі сярод мясцовага насельніцтва – гэта яго ідэя. Шаршнёў кіраваў прапагандай і падчас так званага чэхаславацкага крызіса. З часам ён даслужыўся да намесніка начальніка спецыяльнага ўпраўлення Галоўнага палітычнага ўпраўлення Савецкай арміі і ВМФ. Ён прымаў удзел у распрацоўцы Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі СССР, а пасля яго распаду стаў экспертам Дзярждумы і Савета Федэрацыі па бяспецы. Фонд нацыянальнай і міжнароднай бяспекі, які стварыў Шаршнёў, прымаў удзел у распрацоўцы расейскіх законаў, экспертыз і ўдзельнічаў у выбарчых кампаніях. Адным з дзецішчаў Шаршнёва быў згаданы вышэй зборнік “Безопасность”.

На старонках гэтага выдання, як на далоні, уся руская стратэгія вядзення інфармацыйнай вайны. Нумар, пра які ідзе гаворка, быў выдадзены ў 1996 годзе. Усё, што мы бачым сёння ва Украіне, адбывацца нібыта па інструкцыі Шаршнёва.

Галоўная выснова зводзіцца да таго, што ў іерархіі войнаў інфармацыйная вайна – галоўная. Яна можа прымяняцца задоўга да пачатка вядзення баявых дзеянняў, а ў некаторых выпадках баявыя дзеянні могуць не планавацца ўвогуле і тады барацьба мае чыста інфармацыйны характар.

“Безопасность” ставіць інфармацыйную зброю вышэй ядзернай. Атамная бомба павінна толькі стрымліваць агрэсара ад развязвання шырокамаштабнай інфармацыйнай вайны, мэтай якой - перашкодзіць праціўніку атрымаць своечасовую, поўную і аб’ектыўную інфармацыю. А гэта, у сваю чаргу, павінна прывесці да прыняцця неадэкватных рашэнняў і прымусіць дзейнічаць сабе ў шкоду.
Асноўную ролю ў гэтай вайне павінна выконваць спланаваная дэзынфармацыя і фальсіфікацыя праз СМІ. А вынікам павінна стаць нанясенне сур’ёзнга ўрону інтарэсам дзяржавы ў палітычнай, эканамічнай і абароннай сферах. Падрыў міжнароднага аўтарытэта краіны, ускладненне прыняцця ворганамі кіравання важных рашэнняў, стварэнне атмасферы нестабільнасці ў грамадстве, дыскрыдытацыя ворганаў улады, правакаванне сацыяльных, палітычных, нацыянальных і рэлігійных беспарадкаў.

Эксперт раіць падтрымліваць агентаў уплыву, якія спрыяюць дэзыінтэграцыі дзяржаўных структур, ініцыяваць забастоўкі, масавыя беспарадкі, ствараць атмасферу бездухоўнасці і амаральнасці, негатыўнага стаўлення да культурнай спадчыны. Усё дзеля таго, каб прывесці да істотнага матэрыяльнага ўрону, нанесці маральную шкоду праціўніку, выклікаць ў яго неадэкватныя паводзіны.

“Эфектыўнае прымяненне інфармацыйнай зброі, падмацаванае магутнасцю СМІ, прывядзе да змены паводзін людзей у патрэбным для суб’екта напрамку” – піша аналітык.

Паводле яго, наступствы інфармацыйна-псіхалагічных аперацый могуць быць настолькі эфектыўнымі, што вядзенне разбуральных і экалагічна небяспечных баявых дзеянняў робіцца безсэнсоўным.

Перамагчы, не ўступаючы ў бой – гэта ідэал ваеннага мастацтва. Часам яго даводзіцца парушаць, не пралічыўшы волю праціўніка да змагання. Гэта мы бачым ва Украіне. Тым ня менш, нават баявыя дзеянні на Данбасе можна смела назваць элементам інфармацыйнай вайны. Тэрыторыя “Наваросіі” – гэта толькі невялікая частка ўсходняй часткі Украіны. У Расеі хапіла б рэсурсаў пайсці значна далей. Але навошта? Уздейнічаць на ваенаслужачых і насельніцтва, падаўляць іх волю да супраціўлення, замбаваць псіхіку, маніпуляваць мысленнем, праграмаваць іх паводзіны ў побыце і баявой абстаноўцы і, ў выніку, дэмаралізаваць іх псіхічна да поўнай дэградацыі, можна выкарыстоўваючы карцінкі з Дэбальцава, змешваючы ў кучу людзей і коней.

У вядзенні інфармацыйнай вайны Захад будзе яшчэ доўга на крок пасля Расеі. Бо ў маніпуляцыі, дэзынфармацыі і замбаванні дэмакратычныя працэдуры заўсёды прайграюць дыктатуры. Каб склікаць Савет федэрацыі і дазволіць Пуціну ўводзіць армію ў іншыя краіны, расейскаму кіраўніцтву спатрэбілася некалькі гадзінаў. А пасля абстрэлу Марыупаля Еўразвяз анансаваў экстраную сустрэчу міністраў замежных справаў амаль праз тыдзень пасля здарэння.

Улады Беларусі ў гэтым сэнсе апынуліся ў самай незайздроснай сітуацыі. Відавочна, што яны разумеюць пагрозы, якія ідуць з-за неіснуючай усходняй мяжы. Але як жа цяпер бараніцца, калі 20 гадоў яны віталі “русский мир” і білі сябе ў грудзі, даказваючы, што яны самыя рускія з усіх рускіх?

Ва Украіне ўрад адключае вяшчанне рускай прапаганды. У Літве ўлады выдаюць інструкцыі для грамадзян, як сябе паводзіць у выпадку вайны. Кожны разумее, што перачакаць інфармацыйную вайну не ўдасца. Яна пачалася не ўчора.

Калі немцы бамбілі Лондан падчас ІІ сусветнай вайны, адным з галоўных цэляў быў Сабор святога Паўла. Гэта рабілася не для таго, каб знішчыць рэлігійны аб’ект. Знішчыўшы сабор, немцы жадалі задушыць баявы дух брытанцаў. У расейскай інфармацыйнай вайны мэта аналагічная.

На інфармацыйным фронце беларусаў бамбяць ужо не першы год. І не чакаючы крокаў з боку ўлады, абараняцца і наступаць на гэтым фронце могуць самі беларусы. Пачытаў “Народную Волю”, Нашу Ніву”, “Новы час” альбо цікавую кнігу – перадай другому. Чуеш цемрашальскія спрэчкі ў аўтобусе – не змаўчы. Маеш профіль на Фэйсбуку альбо вядзеш блог? Там можна посціць не толькі коцікаў. Ёсць Твітар – падзяліся спасылкай. Вышлі цікавы артыкул сябру на эмэйл.

Трэба спрыяць таму, што пашырае беларускі свет. Прыклад Украіны паказвае, што надзейная прышчэпка ад інфармацыйнага віруса – гэта мова і нацыянальная свядомасць. Пашырэнне думкі, што бларускай мовы не існуе, мае пераканаць беларусаў, што іх насамрэч няма і што іх дзяржаўнасць – гэта гістарычная памылка. А прасоўванне думкі, што мінулае беларусаў – гэта гісторыя свінапасаў, лапці і бубен, гаворыць пра тое, што і ў будучыні яны нічога не дасягнуць і павінны падпарадкавацца валадарам з Масквы. Дэградацыя культурнай спадчыны – гэта акурат адна з мэтаў інфармацыйнай вайны a la Шаршнёў.

Наш народ любіць казаць: будзь разумнейшым – змаўчы. Але ў часе інфармацыйнай вайны гэта парада не спрацоўвае. Бо калі маўчым мы, гаворыць нехта іншы. І гэты нехта не на нашым баку.

19.02.15 13:16



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч