У працяг дыскусіі пра пятую калону ў Беларусі

Алесь Чайчыц у апошніх допісах на сайтах Радыё “Свабода” і "Белпартызана"і “Нашай Нівы” сцьвярджае, што карыстанне дапамогай вонкавых сілаў дзеля абароны сваіх інтарэсаў ва ўмовах “калі беларусы адсутнічаюць як адзіны скаардынаваны цэнтар сілы” мае больш мінусаў, чым плюсаў. Маўляў, ёсць Белсат, радыё “Рацыя”, шэраг іншых СМІ, якія карыстаюцца польскай дапамогай. Нібыта і нясуць яны беларускае слова, і глыток свабоднай інфармацыі, але шкоды ад іх можа быць яшчэ больш, паколькі ў будучыні яны стануцца маральнымі даўжнікамі польскай дзяржавы, а можа і цалкам “прадажнымі” ёй.

І прыводзіць доказы: ухваляльныя допісы ў Фэйсбуку некаторых супрацоўнікаў гэтых СМІ пра Заходнюю Беларусь у польскія часы, маўчанне наконт ушанавання польскімі ўладамі Рамуальда Райса і адсутнасць рэакцыі на словы Веранікі Сэбасцяновіч пра тое, што Лідчына і Наваградчына толькі часова знаходзяцца ў складзе Беларусі.

Падыскутаваць на гэты конт з Алесем я меў магчымасць у “Праскім акцэнце”, але фармат перадачы мае свае часовыя абмежванні. А дыскусію варта працягнуць.

Напачатку варта аддзяліць боб ад гароху.

Польшча фінансуе Белсат не для таго, каб нехта, як кажа Алесь, захапляўся польскімі часамі ў Заходняй Беларусі на Фэйсбуку. Дарэчы, для так званых крэсовых асяроддзяў у Польшчы Белсат даволі часта з’яўляецца акурат увасабленнем беларускага нацыяналізма і, на думку крэсовых парталаў, шкодзіць нацыянальным інтарэсам Польшчы. А за крытычныя допісы ў Фэйсбуку пра маргіналаў, якія мараць пра польскую Гародню, мне аднойчы давялося адгрэбці па поўнай ад аднаго ваяўнічага польскага партала.

Для “крэсовых” беларусаў Польшча не была радзімай. Для многіх была злом, але меншым злом. У той час, як праз Бярозу Картузскую за ўсе гады існавання лагера прайшло больш за сотню беларусаў, у савецкай Беларусі яны гінулі сотнямі тысяч. Палітыка адносна беларусаў у міжваеннай Польшчы не была мудрай і за гэта польская дзяржава пазней горка заплаціла. Але сутнасць нават не ў тым, дзе было лепш ці горш. Папрок Алеся Чайчыца ўвогуле недарэчны. Ці назаве мяне Алесь “агентам уплыву Крамля”, калі я напішу, што ў савецкай Беларусі выдавалася больш кніг на беларускай мове і што там былі беларускія школы? Ёсць гістарычныя факты і іх не трэба баяцца.

Злачынствы Рамуальда Райса супраць польскіх беларусаў польская дзяржава прызнала. Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы ў выснове следства напісаў, што яго злачынствы супраць беларусаў Беласточчыны мелі прыкметы генацыду. У друкаваных і электронных выданнях беларускай меншасці ў Польшчы, якія фінансуе польская дзяржава, пра гэта неаднойчы паведамлялася. Там можна пачытаць успаміны ахвяр трагедыі, іх сем’яў. Штогод на Падляшшы адбываюцца жалобныя мерапрыемствы з удзелам мясцовай улады.

Што да выказванняў сп. Сэбасцяновіч. Гэтая жанчына не з’яўляецца публічнай асобай, а тым больш палітыкам альбо чыноўнікам. Яе выказванні маюць выключна прыватны характар. Словы пра часовае знаходжанне Наваградчыны і Лідчыны ў складзе Беларусі – непрыймальныя і скандальныя. Гэтаксама, дарэчы, як і іншых грамадзян Беларусі пра тое, што Беларусь павінна быць часткай Расеі альбо СССР. Дарэчы, а як быць з тымі, хто кажа, што і Беласток са Смаленкам некалі вернуцца ў склад Беларусі? А што наконт “украінскай Берасцейшчыны”? Ці не тое гэта самае? І ці павінны мы за кожным разам ліць слёзы, што нехта дазволіў сабе дурное выказванне?

Сёння Польшча магла спакойна сабе дазволіць зачыніць Белсат, радыё “Рацыя”, а амерыканцы маглі б зачыніць “Свабоду”. Спіс можна працягнуць і многія, даю зуб, моцна здзівіліся, што ён такі вялікі. Без замежнай дапамогі маглі б застацца і іншыя беларускія СМІ, адукацыйныя праекты, выдавецкія праграмы і г.д. Замест гэтага і Польшча, і ЗША, і іншыя краіны, могуць проста займацца бізнэсам з Лукашэнкам. Але ці дапаможа гэта лепш адстойваць беларусам свае інтарэсы? Ці не было б потым ляманту, што “Захад у чарговы раз здрадзіў”, што “там палітычныя імпатэнты”, “бяззубыя еўрабюракраты”?

Алесь так прыгожа піша пра І Усебеларускі з’езд 1917 года, забываючы, што многія дэлегаты гэтага з’езда элементарна не ведалі, дзе Беларусь знаходзіцца на мапе. І гэта праблема беларусаў, а не палякаў, літоўцаў ці яшчэ кагосьці. Тады беларусы прайгралі, між іншым, з-за таго, што ў іх не было саюзнікаў. Сёння яны ёсць. Ад іх можна адмовіцца і самім фінансаваць свае тэлеканалы, радыёстанцыі, выданне беларускіх кніг, замежныя стыпендыі для беларусаў. Гэта ідэальнае пажаданне для нас усіх. Але рэальнасць іншая. Мы не можам сабраць 60 тысяч даляраў на штраф для кнігарні “Логвінаў” і дробныя штрафы для актывістаў, якія вывешваюць бел-чырвона-белыя сцягі на шматпавярховіках.

Алесь піша, што для таго, каб жыць без чужой ласкі, усім беларусам трэба аб’яднацца. Але што гэта за рэцэпт? Калі нехта палічыць да трох і скажа “старт”, то мы ўсе раптам станем нацыяй? Сёння найбольшы беларускі нацыянальны інтарэс – не дазволіць знікнуць беларусам, як нацыі. Умацоўваць сваю ідэнтычнасць і мову. Калі мы не можам гэтага зрабіць самі, то навошта наўмысна шукаць ворагаў там, дзе іх няма і страляць сабе ў калена?

25.02.15 17:49



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч