На адным танцоле

Vitali Tsyhankou з якім мы, як выявілася, скакалі на адным танцполе падчас канцэрту Крамбамбулі, але так і не перасякліся, даў сёння добры адказ на пытанне: чаму на мітынгі выходзіць значна менш людзей, чым на такі канцэрт Крамбамбулі?

- Калі людзі адчуюць патрэбу, неабходнасць, перспектыву, сэнс, і галоўнае – надзею, то яны выйдуць.

Усё слушна. Патрэбу і неабходнасць адчувае шмат хто. Праблема з надзеяй і перспектывай. Гэту дэпрэсіўнасць можа зламаць толькі рэальнае зразуменне, колькі побач ёсць людзей, такіх як ты. Кажу гэта як чалавек, які бачыць сітуацыю, у тым ліку, і з боку. Людзі часта перакананыя, што ў сваіх гарадах, вёсках, дамах, вуліцах – яны адзіныя, хто мае такія погляды, а таму і маўчаць, каб лішні раз не ўляпацца ў спрэчку ці нават сварку. І гэтае адчуванне самоты параджае дэпрэсію.

Пару прыкладаў. Першыя чатыры са школьных гадоў. Аднаго разу я папрасіў у настаўніка даць пачытаць кніжку Яна Баршчэўскага. На першай жа старонцы подпіс “такому і такому ад абласной арганізацыі БНФ”. А чалавек ані разу за цэлыя гады не даў такога намёка. Слухаю дома “Свабоду”. Да бабулі заходзіць суседка: - “О, дык і ты Свабоду слухаеш”. Ідуць па сваёй вёсцы і бачу, што ў паштовай скрыні на плоце “Народная воля”. Разгаварыўся так з адным аднавяскоўцам, а ён, аказваецца, яшчэ з 90-ых разам з жонкай у БНФ. Быццам бы гаворыш з людзьмі на вуліцы пра кароў, сабак, сена, і не ведаеш, што агульных тэмаў у вас значна больш. І гэта давала свой плён. У 10-ым класе мы з сябрамі з вёскі зладзілі канцэрт НРМ у Стоўбцах. Шмат хто мне казаў, што гэта мёртвы нумар. Першыя хвіліны размовы з кіраўніцтвам ДК не давалі надзеі, але потым “дзьве душы” зразумелі, што яны вяшчаюць на той самай хвалі і ўсё атрымалася. 300 чалавек трэслася праз тыдзень на адзіным у нашым раённым цэнтры канцэрце НРМ у гісторыі.

Гартаю летась альбом “Менская вясна-1996” і бачу ў спісе затрыманых бацькавага аднакласніка, рабочага завода, які часам прыязджае да бацькоў у госці і хоць бы раз загаварыў на гэтыя тэмы. Памятаю, як на Белсат прыйшоў ліст з маёй вёскі, дзе людзі скардзіліся на карупцыю ў адным дзяржпрадпрыемстве і прасілі памагчы. Гляджу подпісы і не магу паверыць, што гэтыя людзі, якіх я, здавалася б, ведаю “як аблупленых”, пішуць такі ліст і яшчэ падпісваюцца ўласнымі імёнамі. 

Заходжу летам у госці да знаёмых – на каміне “Пагоня”. А яны на маё здзіўленне кажуць: дык вунь і ў суседа “Пагоня”. Іду ў тую хату, а там “Пагоня” на палову дзвярэй. 

Іду месяц таму па вёсцы, спыняе адзін дзядзька. Распытвае пра выбары, што я думаю і г.д. Не хачу спрачацца і стараюся размаўляць пра надвор’е, а ён тут раптам пачынае чытаць міні-лекцыю на тэму “Чаму Лукашэнку трэба на пенсію”. У гэты ж дзень увечары да бацькоў звоніць незнаёмая мне кабета, якая 15 хв., ледзь не плачучы, распавядае пра сваё жыццё, пра рэпрэсаваную камуністамі сям’ю, пра сённяшні маразм і просіць перадаць дзякуй усім журналістам Белсата (дарэчы, пры нагодзе перадаю). Пасля таго, як я завёў блог па лакальнай гісторыі, да мяне пачалі пісаць землякі. Пішуць па-беларуску. Запрашаюць у госці. Пішуць нават тыя, каго я найменш падазраваў не толькі ў цікавасці да гісторыі, але і да чытання ўвогуле. Таксама і яны, жывучы побач, думаюць, што навокал жывуць людзі, якім нічога не трэба, апрача чаркі, шкваркі і іншамаркі. Гэта ўбівае ў галовы ўлада і шмат хто з нас прыняў гэту хлусню за праўду.

Я ведаю шмат умоўных Іванаў Шылаў, якія працуюць аграномамі, настаўнікамі, інжынерамі, рабочымі на заводах і г.д. Людзі ціхенька робяць сваю справу, не хочуць асабліва высоўвацца, бо лічаць, што яны такія адны. 

Зразумела, што паміж разумець і дзейнічаць - яшчэ вялікі адрэзак дарогі. Але яны ўжо прынамсі стаяць на адным танцоле і скачуць пад тую самую музыку. Бяда, што ніяк не могуць перасячыся.

.
08.11.15 21:22



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч