Каляды ў вёсцы

Кожны прыезд у родную вёску - гэта свята. А прыезд на свята - свята падвойнае. Дадому цягне ўсіх, нават тых, каго па вялікім рахунку ўжо нічога тут не трымае. Пасля смерці нашай суседкі, яе дачка-мінчанка прадала ўлетку дом у вёсцы дачнікам. У Налібакі яна штомесяц прыязджае да сваякоў, але кожным разам ходзіць у матчын дом у госці да новых уладальнікаў і праводзіць там большасць часу. Начаваць вяртаецца да сваякоў. Бацькаўшчына чужой не бывае.

Праз пару хатаў ад нас ужо гадоў 10 таму памерлі гаспадары. Дзеці жывуць у Мінску і прыязджаюць рэдка. Але хату не прадалі, пакінулі ўнукам.

Тыя два ўнукі яшчэ школьнікамі праводзілі там усё лета. Дзед навучыў іх касіць, секчы дровы, араць і майстраваць. Дзеда ўжо няма. Унукам недзе па 25 гадоў. Яны сочаць за дваром, паставілі там альтанку, лазню, адрамантавалі хату, садзяць кожны год агарод, памагаюць суседзям, улетку прымаюць сяброў і гізуюць (але ўсё хораша, з галавой). Амаль кожныя выхадныя яны імчаць 100 км за Мінск у дзедаву хату. Заўчора нават прыперлі экскаватар і капалі траншэю, каб правесці ваду і ... абарвалі тэлекамунікацыйныя правады. Два дні ў паловы вуліцы не было інтэрнэту і кабельнага тв. Але дзякуючы гэтаму я прыгадаў пра гэных хлопцаў і напісаў гэтую замалёўку пра людзей, якім не давялося шкадаваць аб прададзенай дзедавай хаце.

Касцёл у Налібаках.

Беларускую вёску хаваюць ад часоў Машэрава. Але, перафрозоўваючы класіка, чуткі пра смерць вёскі моцна перабольшаныя. Бачу гэта па сваіх Налібаках. Напярэдадні Калядаў і Новага года вёска зазіхацела ўсімі колерамі. Амаль што кожны трэці жылы двор у вёсцы асвячае святочная ілюмінацыя. У Стаўбцоўскім раёне, бадай, няма такой другой вёскі, дзе святы адчуваюцца так моцна як тут.

Фотаапарат, якім мы карысталіся, на жаль, не ў стане перадаць той прыгожосці, якую нам давялося пабачыць жыўцом. Фотаздымкі перадаюць усяго невялікую частку той святочнай атмасферы, якая пануе ў Налібаках.


Парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі свеціцца нібыта катэдра ў сталіцы. Зрэшты, так і ёсць. Налібакі - гэта ж сталіца Налібацкай пушчы.



Людзі дбаюць пра выгляд будынкаў перад святамі. Пайшоў на шпацыр па вёсцы, каб сфоткаць святочную ілюмінацыю. Падыходжу да Дома культуру. Фоткаю. Ідзе дырэктар.

- Дзмітры Францавіч, гэта ты?
- Я.
- Ты гэта можа для сайта налібацкага робіш здымкі?
- Ага.
- Слухай, ідзі пагуляй далей, пад свінарнік. У нас жа яшчэ елка не гарыць. Мы зараз гірлянды пачэпім. Як будзеш вяртацца, дык будзе якраз гатова.


Каля гэтай елкі налібачане сустрэнуць увечары 31 снежня - 2016 год. На цэнтральнай пляцоўцы Налібак запланаваная навагодняя ўрачыстасць.





Такая святочная ілюмінацыя ў Налібаках - упершыню ў гісторыі. Шкадуем, што нам не ўдалося пахваліцца ўсімі налібацкімі сядзібамі і дварамі. Выбачаемся, калі кагосьці незнарок прамінулі. Спадзяемся, што ў наступным годзе Налібакі можна будзе пабачыць з міжнароднай касмічнай станцыі.

З Калядамі і надыходзячым Новым Годам. Шчасця, здароўя, міру і дабра ў вашы сем'і.


24.12.15 10:41



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч