Палякi i Менск

Я ўмею з дыстанцыяй і самакрытыкай паглядзець на Менск. Часта гэта раблю. Але калі я часам чытаю пра сталіцу нашай сінявокай у замежнай прэсе, то ў мяне павышаецца ціск. Нумар адной польскай штодзёнкі:

“Лётнішча ў 30 км. за горадам пустое. Двойчы на дзень з Варшавы туды прылятае самалёт. Пасажыраў не больш некалькіх дзясяткаў, а часам і дзясятак. Турыстаў няма. Сучасны Менск нічога ім не прапануе. На вуліцах няма вялікага руху. У людзей няма грошай. Тут жывецца вельмі цяжка. Едзем у горад. Перад нашымі вачыма нецікавыя карціны - панурасць, шэрасць, сум. Каля будынка КГБ знаёмы раіць не рабіць здымкаў. Непадалёк Плошча Перамогі. Пусты і велізарны пляц па якім гуляе вецер. Пустэча і чысціня. На ходніках практычна няма смецця. Нуль. Але чаму тут здзіўляцца, калі і людзей на вуліцах амаль няма”.

Некалі знаёмы выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта папрасіў мяне выступць перад студэнтамі з лекцыяй пра СМІ ў Беларусі. Падчас дыскусіі я спытаў, ці быў нехта з прысутных у Менску? Руку ўзняла адна дзяўчына. Ну і як уражанне? - пытаюся. - Звычайнае. Нічога ані ўразіла, ані абурыла. Звычайны горад, як Варшава. Уся зала адказала ёй дружным -ууу, хаця ніхто не быў у Менску.

На мой допіс-цытату з польскай газеты пра Менск адказаў пан Piotr Karwecki. Гэты польскі падарожнік 10 гадоў таму адкрыў для сябе з жонкай Беларусь і цяпер ездзіць туды рэгулярна. Ездзіць не сам, а возіць групы турыстаў з Польшчы. Вось такое хобі ў чалавек. Ну а цяпер да сутнасці:

"Я не здзіўляюся, што пасля прачытання такога каментара ў польскай газеце павышаецца ціск. Я быў у Менску шмат разоў за апошнія гады і за кожным разам, калі я пакідаю гэты горад, я адразу ж хачу туды вярнуцца. Так, гэта не Парыж і не Барселона, але гэты горад умее пакінуць уражанне. Ён прыгожы і цікавы. За апошні дзясятак з нечым гадоў там было зроблена шмат працы, каб вярнуць гістарычны цэнтр.

У Менску адбудавалі Ратуш, адбудавалі былы ўніяцкі касцёл, вежу катэдральнага касцёла і г.д. Ёсць прыгожае Траецкае прадмесце. Мноства зеляніны і паркаў. Горад, як і большасць Беларусі, вельмі чысты. Багата цікавых рэстаранаў і кавярняў, якія прапануюць кухню з усяго свету, хаця акурат мне найбольш падабаецца беларуская кухня “Кухмістра” побач з Палацам галоўнага начальніка. Кажуць, што і ён туды часам заглядае, і ягоныя памочнікі. Калі нехта любіць, то ёсць McDonalds альбо сталоўка каля ГУМа. У публічнай прасторы побач, на жаль, з усюдыісным Леніным з’яўляюцца помнікі такім гістарычным асобам, як Агінскі, Міцкевіч, Каліноўскі. На вуліцах можна пабачыць шыльды з гістарычнымі назвамі.

Горад робіць уражанне сваім размахам і часта архітэктурнай манументальнасцю. На беразе Свіслачы ў цэнтры горада з’яўляюцца стылёвыя будынкі з дарэвалюцыйным акцэнтам. Можна мець негатыўнае стаўленне да палітыкі, але гэта не павінна ўплываць на іншыя пытанні. Менск – гэта прыгожы горад, ва ўсім цэнтры – ён прыгожы і акуратны.

А ўвечары ён робіць ашаламляльнае ўражанне прафесійным і нават мастцкім асвятленнем некаторых аб’ектаў. Я раю ўсім наведаць гэты горад, асбаліва палякам, якія на кожным кроку знойдуць узгадкі супольнага суіснавання ў гэтым горадзе беларусаў, габрэяў, расейцаў у ВКЛ, часоў падзелаў Рэчы Паспалітай да перыяду Вялікага тэрору ў 30-ых гадах, калі і адных і другіх забівалі, як ворагаў сістэмы. Паляк там знойдзе сляды Манюшкі, Тамаша Зана, Ваньковічаў (там ёсць музей), Дуніна-Марцінкевіча і Карловіча. А на старых польскіх могілках старых надмагілляў больш, чым на Росах у Вільні. Паляк, едзь у Менск – гэты горад чакае цябе".

.
26.01.16 22:31



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч