Лех Валэнса i гiсторыя

Сённяшнія гарачыя баталіі ў Польшчы наконт магчымага агентурнага мінулага Леха Валэнсы цяжка зразумець без ведання кантэксту. Гаворка не проста пра памылку легендарнага лідара "Салідарнасці". Калі б справа была ў адной персоне, то яна б не выклікала ў Польшчы столькі эмоцый. 

Для тых, хто не ў танку. Былая антыкамуністычная польская апазіцыя сёння радыкальна падзеленая. Адна яе частка, умоўна назавем яе правалэнсаўскай, лічыць, што не было альтэрнатывы кругламу сталу і кампрамісу з камуністамі. Другая, "антывалэнсаўская", крытычна ставіцца да Валэнсы з-за таго, што ён пайшоў на "міравую" з камуністамі і не правёў сур'ёзную люстрацыю і дэкамунізацыю, з-за чаго Польшча, на іх думку, усё яшчэ нясе посткамуністычны багаж. Антывалэнсаўскі лагер лічыць, што Польшча пасля 1989 года была шмат у чым паталагічнай дзяржавай менавіта з-за таго, што Валэнса і яго людзі, а таксама пазнейшыя ўрады, так і не асудзілі Ярузэльскага і Co, а будавалі дзяржаву не з чыстага ліста, а на аснове кампрамісу з камуністамі. Вынікам чаго, паводле іх, сталі неэфектыўныя дзяржустановы, куды так і не прыйшла свежая кроў.

Практычна ўсе гады пасля 1989 года ў бок Валэнсы гучала крытыка, што ён не проста супрацоўнічаў з камуністамі, а быў у іх на кручку. Менавіта гэтым і тлумачыўся кампраміс з Ярузэльскім і Кішчакам. З'яўленне дакументаў толькі ўзмацніла падазрэнні да Валэнсы. Не проста падазрэнні ў тым, што 40 гадоў таму ён даў слабінку і падпісаў згоду на супрацу са Службай бяспекі. А падазрэнні ў тым, што камуністы ўвесь час шантажавалі яго, маўляў, калі на нас будуць наезды, то ў ход пойдуць дакументы. 

У нас прынята лічыць, што Польшча пасля 1989 года зрабіла каласальную працу над сабой і рванула моцна наперад, пакідаючы ззаду Беларусь і Ўкраіну з якімі ў 90-ыя была на роўным ўзроўні. І я падзяляю гэты погляд. Але ў Польшчы вялізарная колькасць людзей моцна незадаволеная пераменамі 90-ых, шокавай тэрапіяй Бальцэровіча, карупцыяй. Процьма палякаў лічыць, што краіна зрабіла рывок, але недастатковы да чаканняў і магчымасцяў, якія былі пасля 1989 года. Менавіта таму палова палякаў не ходзіць на выбары. І крыніцу гэтага расчаравання шмат хто бачыць як раз у 90-ых, у адсутнасці стопрацэнтнага развітання з камунізмам. Для беларусаў гэта можа гучаць дзіка, бо калі не Польшча, то хто ж тады пасля 1989 развітаўся з камунізмам. Але акурат так выглядае польская сітуацыя. І Валэнса для многіх - сімвал гэтых страчаных шанцаў. 

Я не збіраюся разглядаць альтэрнатыўныя сцэнары гісторыі. Усе мы ведаем, што гісторыя не любіць умоўнага ладу. Невядома, што было б, калі б не было кампрамісу з камуністамі. Можа вайна. А можа рацыю мае іншы лагер і была б у Польшчы другая Ірландыя. І гэта спрэчка наўрад ці некалі будзе вырашаная. Але яе магло б і не быць. Пры ўмове, калі б Валэнса на самым пачатку прызнаўся, што аднойчы зрабіў памылку. Адкрытасць і празрыстаць зрабілі б з дакументаў, якія сёння выклікаюць эмацыйныя спрэчкі, стос туалетнай паперы. Не было б падазрэнняў у шантажы і трыманні на кручку. І не было б ніякіх сумневаў у гераізме Валэнсы. Людзі, як той казаў, усё б зразумелі і прабачылі. Можа пафасна, але праўдзіва: праўда робіць чалавека свабодным. І нават цэлыя нацыі.

.
19.02.16 19:19



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч