Важны Гілевіч

Галоўная заслуга Гілевіча ў нашай гісторыі гэта, бясспрэчна, дзяржаўны статус беларускай мовы яшчэ ў БССР. З вершаў ягоных мне ў школе найбольш падабаліся жартаўлівыя. Паэму пра Альжбэту Францаўну Кудзёлку мы з сябрамі цытавалі падчас імпрэз ля вогнішча. А быў і такі эпізод.

Яшчэ ў сярэдняй школе я лічыў, што ўсе беларускія пісьменнікі вельмі важныя людзі. Што дакрануцца да іх амаль нерэальна, бо побач заўсёды ёсць целаахоўнікі і што сустрэць іх на вуліцы нерэальна, бо яны ўвесь час пішуць. 

І калі мы стварылі ў школе суполку ТБМ, то я паставіў амбітную задачу: паехаць да былога старшыні арганізацыі і паэта Ніла Гілевіча, каб ён падпісаў свае кніжкі, якія былі ў нашай вясковай бібліятэцы. Гэта было ў 8-ым класе. 

Тры дні я прымерваўся тэлефанаваць. І нарэшце пазваніў. 

Важны голас у слухаўцы прадыктаваў адрас і запрасіў да сябе. З торбай кніжак, заходзячы ў дом на Карла Маркса я баўся, каб хаця ў мяне не выскачыла сэрца. Але дзверы адчыніў просты дзядзька ў тапках, прывітаўся, завёў адразу ў пакой дзе літаральна кожны сантыметр быў у кнігах, падпісаў усё, што я прывёз. І ў кожнай кніжцы было нешта новае. 

Потым мы пайшлі на кухню, ён запарыў гарбаты, нарэзаў батону і кілбасы, потым наліў у сподачак варэння і распытваў, як там у нас жывецца ў лесе. Адыходзячы я атрымаў яшчэ торбу кніжак з яго хатняй бібліятэкі. Так Гілевіч стаў першым беларускім пісьменнікам, якога я пабачыў жыўцом. 

R.I.P.

.
29.03.16 21:36



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч