“Акупаваныя”

Калі я пачуў, што нарвежцы знялі серыял пра акупацыю іх краіны Расеяй, то нават не хацелася ім цікавіцца. От, пэўна нейкі касмічны сцэнар і ў выніку п’яныя расейцы на лыжах з балалайкамі. Але потым выпадкова дазнаўся, што аўтарам ідэі і сцэнарыстам серыяла з’яўляецца майстар скандынаўскіх дэтэктываў Ю Несбё, а серыял стаў самым касавым у гісторыі нарвежскага кіно. Гэта мяне заінтрыгавала.

Серыял “Акупаваныя” распавядае пра недалёкую будучыню. Да ўлады ў Нарвегіі прыходзяць “Зялёныя” і прыпыняюць здабычу нафты і газа, паколькі эксплуатацыя натуральных багаццяў прывяла да сур’ёзнай экалагічнай катастрофы ў краіне.

Гепалітычныя сітуацыя ў свеце трошкі іншая чым сёння. ЗША пакінулі NATO і заняліся ўласнымі праблемамі. Еўразвяз у змове з Крамлём прымушае Нарвегію адмовіцца ад сваіх планаў.

Фільм пачынаецца са сцэны выкрадання нарвежскага прэм’ера невядомымі ў масках. Палітыка прымушаюць аднавіць здабычу нафты і газа, ставячы перад фактам, што за выкананнем гэтай задачы будуць сачыць расейскія “зялёныя чалавечкі” пакуль сітуацыя не стане стабільнай. Яны ўжо ў Нарвегіі: на платформах у моры і ў дзяржаўных установах.

Краіна дзеліцца на два лагеры. Адныя лічаць, што трэба сядзець ціха і так перачакаць “мяккую акупацыю”. Іншыя абураныя і гатовыя брацца за зброю, каб вызваліць краіну. Прэм’ер-міністар спрабуе балансаваць паміж двума агнямі. Ягоны целаахоўнік, адзін з галоўных герояў, пачынае супрацоўнічаць з расейцамі. Ён перакананы, што гэта і ёсць патрыятызм, паколькі краіна можа ўратавацца ад вайны і непатрэбных ахвяр.

Вакол гэтых двух пазіцый – пасіўнай супрацы з акупантам і планамі паўстання – і збудаваны ідэйны стрыжань фільма. І галоўная галаваломка для гледача: а што зробіш у такой сітуацыі ты? Перад такім пытаннем нарвежцы ўжо аднойчы стаялі. Падчас ІІ сусветнай вайны краіна падзядзялілася на тых, хто стаў на бок калабаранта Відкуна Квіслінга і тых, хто пайшоў у рух сапраціву. Гэтая драма закранула і сям’ю Ю Несбё. Ягоны бацька ваяваў на баку немцаў, паколькі ненавідзіў камуністаў. А маці была ў антынацысцкім падполлі.

У фільме няма вострых сцэн, якія хапаюць за сэрца. Ён трымае сваім псіхалагізмам. Глядзіш і прымерваеш пазіцыю кожнага з бакоў да сябе. Бо кожны там маю сваю рацыю.

Які сэнс пачынаць вайну, калі ўсе апошнія гады Нарвегія праводзіла пацыфісцкую палітыку і скарачала свае войскі? Ды яшчэ вайну супраць такога праціўніка, які не цэніць ані сваё жыццё, ані тым больш жыццё ворага? Дарэчы, менавіта так сваю пазіцыю тлумачыў і Квіслінг. Акурат перад праглядам серыяла я чытаў дзённік яго жонкі, расейкі Марыі Пасечнікавай, якая ў роспачы ўзгадвала размовы з мужам на пачатку вайны. Маўляў, сваё рашэнне супрацоўнічаць з немцамі Квіслінг тлумачыў выключна жадданем выратаваць сотні тысяч жыццяў ад смерці. Нават цаною ўласнай ганьбы, бо любоў да Нарвегіі была ў яго большая, чым каханне да жонкі. Падобнае пытанне задаюць і героі фільма: - “Дык што, нам ваяваць супраць рускіх? Насілле нічога не вырашае.” – кажа адзін з іх. Тым больш, што Расею падтрымлівае ЕЗ.

Праціўнікі згоднікаў лічаць, што ёсць толькі адзін выхад – паўстанне супраць акупанта. Нават пры такой мяккай акупацыі, калі звонку ўсё выглядае як і раней: працуюць нарвежскія школы, выходзяць газеты, людзі адзначаюць Дзень Канстытуцыі масавым шэсцем з нацыянальнымі сцягамі і ніхто ім не замінае. Акупацыя нават павялічвае дабрабыт, паколькі аднаўленне здабычы сыравіны пазітыўна адбіваецца на нарвежскай эканоміцы. Тым больш расейцы абяцаюць з дня на дзень пакінуць Нарвегію. Але змагарная частка нарвежцаў не збіраецца гандляваць сваёй свабодай, незалежнасцю і дэмакратыяй. - “Праява сілы патрэбная не для таго, каб перамагчы, бо трэба прызнаць, што мы слабыя. Праява сілы патрэбная дзеля таго, каб даць надзею” – кажа адзін з герояў у апошняй серыі першага сезону.

Серыял “Акупаваныя” прымушае добра папрацаваць мазгамі. Трэба ўзважваць за і супраць кожнага з бакоў. Ставіць сябе ў ролі целаахоўніка прэм’ера, які супрацоўнічае з расейскай амбсадай у Осла і шчыра спрабуе ратаваць краіну ад крывавай бойні. Альбо быць кіраўніком спецслужбаў Нарвегіі, які супрацоўнічае з паўстанцамі, бо перакананы, што трэба бараніць свой гонар, бо перачакаць усё роўна не ўдасца.

Адказ на гэтае пытанне не такі відавочны, як можа здавацца на першы погляд. На ўзроўні эмоцый ён, канешне, ясны. Калі нешта пагражае табе і тваёй сям'і, то бярэш шаблю, сядаеш на каня і неперад. Аднак узважваючы ўсе аргументы і адключаючы эмоцыі, з’яўляецца шмат “але”. Шчыра прызнаюся, што пры праглядзе першага сезона, менавіта ў той гіпатэтычнай сітуацыі, якую стварылі аўтары серыяла, я для сябе на гэтае пытанне не адказаў. Таму з нецярпеннем чакаю другога сезону і раю тым, хто яшчэ не глядзеў, не адкладаць і паглядзець першы.

25.04.16 17:32



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч