Пра "сваіх" і пра "чужых"

Гістарычныя дыскусіі апошніх дзён прымусілі нарэшце ўзгадаць, што я другі год не магу скончыць тэкст пра сямейную гісторыю. Гэта аповед 90-гадовай бабулінай сястры Марыі, якая нарадзілася на хутары Балевічы паміж Стоўбцамі і Івянцом (на здымку тое, што ад яго засталося). У яе аповедзе ёсць тры важныя гісторыі з беларусамі і габрэямі ў галоўных ролях. Яны пра "сваіх" і пра "чужых". Слова цёці Марысі.

“1. Я памятаю, як тата і Юзаф Доўнар (дзядзька бабулі) павезлі падатак немцам, свінню і ялавяка. Трэба было ажно ў Мінск ехаць. Як раз яны аддалі гэтае мяса і іх затрымалі непадалёк. Старых жыдоў і дзяцей выганялі з гета і гналі пад Койданава, там былі акопы з І сусветнай вайны. Немцы загадалі, каб тата вёз старых жыдоў на возе. Яны нямоглыя былі, ледзь жывыя, тыя жыды. Каля воза ішоў немяц, каб хаця той стары ня ўцёк. А тата вёз, што яму было рабіць. Ён думаў, што і яго заб’юць. І калі яны іх падвезлі да Койданава, то ўбачылі страшную карціну. Жыдоў ставілі ў шэрагі, расстрэльвалі, клалі целы стосамі і закопвалі. Тата, памятаю, распавядаў, як ішлі дзьве прыгожыя жыдоўкі і трымаліся за рукі. Яны нават не станавіліся ў шэраг, а адразу леглі на стос і чакалі, калі іх заб’юць. Юзаф, як вярнуўся, два тыдні не мог есці.

2. Аднаго разу твая бабця Ядзя пайшла вечарам у склеп па агуркі. Вяртаецца белая і кажа, што там жыд хаваецца. Ён быў вельмі напалоханы. Распавядаў, што ён ляжаў ўвесь дзень у любіне. Немцы ішлі шэрагам, кожныя чатыры мэтры і шукалі габрэяў. А ён ляжаў і немцы прайшлі паміж ім. Быў дождж. І немцы былі ў плашчах з каптурамі. І што было з боку - яны не бачылі. І два з іх прайшлі побач. Яго дождж уратаваў. Ён быў галодны і тросся ўвесь. Пытаўся, каб хаця нікога не было. Але мама не баялася. Хаця за ратаванне жыда была смерць. Яго накармілі, далі яму вопратку і ён пайшоў. Потым, праўда, яшчэ раз прыходзіў. Першы раз хацеў нам плаціць. У яго з сабой была торба. А там былі нейкія каштоўнасці. Ён сказаў, што яго бацькі былі ювэлірамі. Але тата адмовіўся і кажа: нікому не кажы, што ты гэта маеш, бо цябе заб’юць. І ён выжыў. Пасля вайны маму выкліклі ў Івянец, бо яна несвоечасова прывезла збожжа. Бо не было чым малаціць. Усё ж спалена было. Адкуль тое збожжа. Тату тады ўжо ў Сібір выслалі. І там у Івянцы ёй пагражалі судом. Нейкі рускі там шчырываў. А потым аказалася, што той жыд там быў, працаваў там, што Ядзя яго знайшла. І ён кажа: пад суд гэтая жанчына не пойдзе. Бо калі я быў за крок ад смерці, то яна мяне выратавала. Высушыла маю вопратку, памыла і дала сваю, чыстую. Дзякуючы ёй, кажа, я жыву.

3. Таты тады ўжо не было з намі. Яго ў Краснаярскі край выслалі. А чаму так стала. Да нас на хутар вечна прыходзілі партызаны. То рускія, то польскія. І раз нейкі важны рускі прыехаў. Мама зрабіла яму есці. А тут палякі прыехалі, хату акрыжылі і ўсіх на вуліцу. Рускія хацелі ўцякаць, дык палякі іх пастралялі. Нашу хату партызаны спалілі на другі дзень і мы жылі ў сваякоў на суседнім хутары. Немцы ўцяклі потым, прыйшлі рускія і арыштавалі тату праз колькі месяцаў. І нам адзін чалавек сказаў чаму яго арыштавалі. А было гэта так. Да Ядзі нашай заляцаўся чалавек з Зарэчча Антонік Д. Надта ён хацеў пабрацца з ёю, але бабця твая ўжо тады з Дамяніком, тваім дзедам, сустракалася і адмовіла таму Антоніку. І ён напісаў данос на тату, што ў ягонай хаце пабілі партызанаў. З Сібіры тата вярнуўся ў 1947 годзе, але пабачылі мы яго толькі 1955, бо яго доўга не хацелі выпускаць у Польшчу, куды мы выехалі ў 1946 годзе”.

Такіх гісторый у яе аповедзе значна больш.

За што люблю краязнаўства, дык гэта за тое, што яно вучыць НІКОЛІ не абагульняць. Там няма агульнанацыянальнай нарацыі. Там усё вельмі сапраўднае, з дэталямі і мінімум маніпуляцыі.

09.07.16 15:32



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч